За 2000 год да Ціханоўскай: ТОП-5 жанчынаў-палітыкаў у гісторыі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская год таму была вымушаная пакінуць тэрыторыю краіны – служкі Аляксандра Лукашэнкі пагражалі ейным дзецям. Аднак за мяжой яна разгарнула вельмі актыўную палітычную дзейнасць, правяла рэкордную ў беларускай гісторыі колькасць сустрэчаў з міжнароднымі лідарамі і стала сапраўдным тварам Беларусі, якая змагаецца за сваю свабоду і незалежнасць.

Згадаем яе папярэдніцаў – іншых жанчынаў-палітыкаў, якія адыгралі вызначальную ролю ў гісторыі іхных краінаў і нават усяго сусвету.

Мудрая дарадчыца

Лівія Друзіла больш за 50 год была жонкай аднаго з найвялікшых імператараў Старажытнага Рыму – Актавіяна Аўгуста (63 год да н.э. – 14 год н.э.) Распавядаюць, што яна заўсёды прымала вялікі ўдзел у вырашэнні дзяржаўных справаў, была важнейшым дарадцам Актавіяна, акрамя таго актыўна займалася самастойна палітыкай.

Статуя Лівіі Друзілы.
Фота: Luis García (Zaqarbal)

Пры гэтым імператар ставіўся да яе з такой пашанай і нават асцярогай, што перад важнымі нарадамі з жонкай пісаў канспект будучай размовы.

Фактычна Лівія стала адной са стваральніц сістэмы прынцыпату – асаблівай формы рымскай манархіі, у якой імператар (прынцэпс) лічыўся першым сярод роўных. Сістэма спалучала манархічныя і рэспубліканскія рысы – прынцэпс атрымліваў вышэйшую цывільную і вайсковую ўладу праз рэспубліканскія інстытуты. Час прынцыпату лічыцца Залатым векам Рыма.

Адданая сваім перакананням

Першым каралём франкаў і заснавальнікам Франкскага каралеўства лічыцца Хлодвіг. Гэта быў разумны, жорсткі і дальнабачны правадыр яшчэ паганскага германскага народу, ваяўнічы і таленавіты военачальнік.

Аднак важнейшым рашэннем Хлодвіга, наступствы якога адчувальныя дагэтуль, стала прыняцце хрысціянства ў 496 годзе. Гэтае рашэнне звязваюць з уплывам ягонай жонкі – разумнай і прыгожай Клацільды Бургундскай, якая ўжо была хрысціянкай і ўвесь час пераконвала мужа прыняць сапраўдную веру. Пасля смерці Хлодвіга яна таксама прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці, а таксама займалася дабрачыннасцю.

Каралева Клацільда і яе сыны, выява з Grandes Chroniques de Saint-Denis. Крыніца: Bibliothèque municipale de Toulouse

У наступныя стагоддзі дзяржава франкаў будзе панаваць у Заходняй Еўропе, а агульная рэлігія забяспечыць хуткі сінтэз паміж франкамі і кельта-раманскім насельніцтвам Галіі, якія паступова пераўтворацца ў сучасных французаў. Праз гэта французскія гісторыкі называюць Хлодвіга «першым каралём зямлі, якая ў будучыні стане Францыяй».

Такім чынам уплыў Клацільды вызначае рэлігійна-культурную ідэнтычнасць Еўропы нават да сённяшняга дня. Клацільду вызнаюць святой і Каталіцкі Касцёл, і Праваслаўная Царква.

Ганарлівая маці нацыі

У беларускай гістарыяграфіі і культуры Рагнеда ўвасабляе ў сабе моц духу і ганарлівасць – гэта жанчына, якая змагаецца за сваю годнасць і імкнецца адпомсціць гвалтаўніку, гадуючы сына-мсціўца.

Полацкая князёўна адмовілася быць жонкай князя Уладзіміра падчас вайны паміж сынамі кіеўскага князя Святаслава. Тады Уладзімір у 978 годзе захапіў Полацк, забіў полацкага князя Рагвалода і ўсіх родных Рагнеды, а яе сілай узяў у жонкі.

Даведка
Беларуская марка 1993 года. Крыніца: www.belpost.by

Паводле летапісу, пазней Рагнеда паспрабавала забіць Уладзіміра, а яе малы сын Ізяслаў абараніў маці ад пакарання, падняўшы меч супраць бацькі. Дарадчыкі Уладзіміра пераканалі яго не забіваць маці і хлопца.

Рагнеда і Ізяслаў былі адасланыя ў Полацк, дзе такім чынам былі адноўленыя асобныя полацкая дынастыя і дзяржава – першая самастойная дзяржава на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Выратавальніца каралеўства

Святая Жанна ўзначаліла французскія войскі падчас Стогадовай вайны паміж Францыяй і Англіяй у самы цяжкі для Францыі час. Дачка сялян, якой было 18-19 гадоў, пераканала прынцаў і іерархаў, што Бог даручыў ёй уратаваць каралеўства, і выканала гэтае заданне праз серыю рашучых перамогаў.

Даведка
Жана д’Арк, карціна Альберта Лінча, 1903. Крыніца: wikimedia.org

У маладой сялянскай дзяўчыны сярод войска шляхты і наймітаў быў такі аўтарытэт, што яны не проста ёй падпарадкоўваліся, але нават устрымліваліся ад лаянкі ў яе прысутнасці. Аднак потым яна патрапіла ў палон да ворагаў і была спалена жыўцом па ілжывым абвінавачанні ў вядзьмарстве 30 траўня 1431 года. Аднак Жана ўжо змяніла ход вайны на карысць сваёй радзімы.

Інквізітарскі працэс, які адбыўся праз 25 гадоў пасля спалення святой Жанны, цалкам апраўдаў яе і назваў злачынцамі яе суддзяў. У 1909 годзе Жанна д’Арк была беатыфікаваная, а ў 1920 годзе – абвешчаная каталіцкай святой.

Каралева Новага Свету

Шлюб Ізабелы Касцільскай і Фэрдынанда Арагонскага стварыў новую дзяржаву – адзіную Іспанію, якая ў 1492 годзе закончыла шматвяковае змаганне за вызваленне Пірэнеяў ад арабскіх заваёўнікаў. Пры гэтым кароль і каралева мелі роўныя правы: дэвізам шлюбу былі словы «Усё адзінае, адзіныя ўсе, Ізабела – тое ж, што і Фэрдынанд».

Ізабела Касцільская была вядомая розумам, энергіяй, воляй, пабожнасцю і смеласцю. Яна ўдзельнічала ў ваенных паходах і часам сама камандавала атрадамі, а таксама на роўні са сваім мужам чытала і дыктавала дзяржаўныя дакументы.

Ізабела Касцільская і Хрыстафор Калумб, помнік у Гранадзе, Іспанія. Крыніца: Balbo / wikimedia.org

Каралеўская пара некалькі разоў сустракалася з мораплаўнікам Хрыстафорам Калумбам, але вайна з арабамі не дазваляла прафінансаваць каштоўную і рызыкоўную экспедыцыю па незвычайным маршруце – паплыць на захад, каб трапіць на ўсход. Аднак пасля перамогі ў 1492 годзе каралева Ізабела самастойна прымае географа і абяцае, што караблі адправяцца ў дарогу, нават калі ёй прыйдзецца аддаць уласныя дыяменты. Рашэнне было прынятае.

Гэтак смелая і самастойная жанчына не толькі паспрыяла вызваленню і абʼяднанню Іспаніі, але і адкрыццю цэлых двух новых кантынентаў – Паўночнай і Паўднёвай Амерыкаў. У пэўнай ступені яна адкрыла для нас тую планету Зямля, на якой мы зараз жывем.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў