Пратэсныя фота 2020. Як гэта было


Кожны беларус запомніў 2020 год па-свойму. Для нас, журналістаў і фатографаў, гэта быў час цяжкіх прафесійных выпрабаванняў, але і час надзеі і радасці, калі мы назіралі за нараджэннем беларускай нацыі. У нашай фотападборцы вы знойдзеце 25 здымкаў, якія задакументавалі гэтыя ўжо гістарычныя падзеі.

З самай раніцы ў Беларусі назіраюцца праблемы з інтэрнэтам, складана зайсці ў Telegram і на навінныя сайты. Стаяць вялізныя чэргі да ўчасткаў для галасавання і ў Беларусі, і за мяжой. На некаторых участках людзі чакалі магчымасці прагаласаваць некалькі гадзінаў. На ўчастак Святланы Ціханоўскай прыходзяць шматлікія ахвотныя яе падтрымаць. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Паводле афіцыйнага экзіт-полу Аляксандр Лукашэнка перамог з вынікам 79,7 %. Пра гэта паведамілі па «Беларусь 24». Святлана Ціханоўская паводле таго ж афіцыйнага экзіт-полу набрала 6,8 %. Лідзія Ярмошына заявіла, што чэргі каля выбарчых участкаў – гэта правакацыя. Пры гэтым чэргі стаяць як у Беларусі, гэтак і каля амбасадаў у розных краінах. На здымку людзі працягваюць стаяць пад выбарчым ўчасткам ў сталіцы і сочаць за падлікам галасоў. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
На стан 20:30 у сталіцы перакрытыя станцыі метро «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга», «Маладзёжная», «Фрунзенская». Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Беларусы выйшлі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сталіцы няма сувязі, цэнтр гораду ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстоўцаў брутальна разганяюць. Каля стэлы «Менск – горад-герой» менчукам сабрацца не далі. На праспекце Пераможцаў адбыліся шматлікія затрыманні. Людзей моцна збівалі, сярод затрыманых ёсць параненыя. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
На другі дзень пасля выбараў беларусы зноў выйшлі акцыі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У краіне зноў амаль няма сувязі, не працуе інтэрнэт, цэнтр сталіцы ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстоўцаў брутальна разганяюць. На здымку – барыкады побач з універсамам «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
У сталіцы адбыўся Партызанскі марш. На акцыю выйшлі дзясяткі тысячаў чалавек і прайшліся па Партызанскім праспекце. Менск, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат
Вайскоўцы паказваюць знакі перамогі жанчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Знак перамогі – адзін з сімвалаў апазіцыйных кандыдатаў. Пасля жорсткіх супрацьстаянняў сілавікоў і дэманстрантаў 9-12 жніўня гэтыя ланцугі людзей з кветкамі з’явіліся практычна ў кожным горадзе. Людзі пратэстуюць супраць гвалту і жорсткасці міліцыі. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Удзельнік мірных пратэстаў дэманструе збітае цела пасля затрымання. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
На пляцоўцы перад Камароўскім рынкам прайшла сустрэча прыхільнікаў Лукашэнкі, названая мітынгам у падтрымку міру, стабільнасці і бяспекі. У інтэрнэце на акцыю запрашалі праз акаўнты рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Сустрэчу анансавалі пад гэштагамі #любимую_не_отдадим #ямыбацька #за_беларусь. У гэты ж дзень Лукашэнка заявіў, што ў школах не павінны выкладаць тыя, хто не падзяляе прынцыпаў дзяржаўнай ідэалогіі. Менск, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: ДД /Белсат
Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік заявіў, што падчас паслявыбарчых акцыяў у Беларусі загінулі два чалавекі, больш за 150 асобаў – пацярпелі. Падчас выступлення перад страйкоўцамі і медыкамі людзі крычалі яму «Забойца» і не выпускалі з натоўпу. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
На плошчы Незалежнасці ў Менску прайшоў мітынг на знак падтрымання дзейнага кіраўніка краіны. За некалькі гадзінаў да пачатку ў раёне Дому ўраду зʼявіліся міліцыянты і спецтэхніка. На здымку – падчас выступлення Аляксандра Лукашэнкі перад народам Коля Лукашэнка стаіць у баку з аховай. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
У сталіцы прайшоў ужо традыцыйны жаночы марш. Жанчыны выходзяць з кветкамі і плакатамі на вуліцы сталіцы кожную суботу. Гэтым разам жанчыны сабраліся каля Камароўскага рынку, прайшлі вакол яго і накіраваліся шэсцем у бок вуліцы Багдановіча, а потым прайшліся па Сурганава. Каля ГЦ «Еўропа», а потым і каля ГЦ «Айсберг» сілавікі адціснулі жанчынаў і пачалі іх затрымліваць. Усяго на 23:00, паводле ПЦ «Вясна», затрыманыя 361 асоба, пераважна – жанчыны. Большасць адпускаюць пасля складання пратаколу ў РУУС. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску тысячы асобаў выйшлі на вуліцы з «віншаваннямі» для «так званага прэзідэнта». Акцыя адбываецца на тле народзінаў кіраўніка краіны. Аляксандру Лукашэнку ў гэты дзень споўнілася 66 гадоў. У краіне ўжо 22 дні пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Падчас маршу Міру і Незалежнасці цэнтр сталіцы быў перакрыты сілавікамі ў некалькіх месцах, адбываліся кропкавыя затрыманні. Ля стэлы «Менск – горад-герой» пратэстоўцаў сустрэла агароджа, калючы дрот, а таксама шэрагі вайскоўцаў. З дынамікаў гучала музыка ваенных гадоў, мабільны інтэрнэт ужо традыцыйна не працаваў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Марш Адзінства
29 дзён запар па ўсёй краіне адбываюцца мірныя пікеты. Беларусы выходзяць у ланцугі салідарнасці, на маршы, пікеты, каб пратэставаць супраць гвалту з боку сілавікоў, супраць несумленнага падліку галасоў і за вызваленне палітычных зняволеных. На здымку – уздельніца маршу Адзінства. Менск, Беларусь. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат
На маршы Міру і Незалежнасці тысячы чалавек у сталіцы выйшлі на вуліцы з «віншаваннямі» для «так званага прэзідэнта». Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Родныя і сябры развітваюцца з Мікітам Крыўцовым, які быў знойдзены павешаным у Менску. Хоць ён знік падчас разгонаў пратэстаў, у Следчым камітэце настойваюць, што ягоная смерць не мае крымінальнага характару, але сваякі ў гэта не вераць. Паводле іх, раніцай 12 жніўня Мікіта паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Яго цела знайшлі толькі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах сталіцы. Маладзечна, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Абутак удзельнікаў Маршу народаўладдзя, якія схаваліся падчас разгону ў адной з кватэраў побач са стэлай. Беларусы 92-гі дзень запар выходзяць адстойваць сваё права на свабоду. У cталіцы ачэпленыя цэнтральныя вуліцы, а на Кастрычніцкай выставілі агароджу і паставілі дзяжурыць так званых касманаўтаў. На вуліцах таксама прысутнічалі вадамёты і браневікі. Менск, Беларусь. 8 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат
Пратэсты ў Беларусі цягнуцца ўжо 71 дзень. Паводле праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі затрымалі амаль 15 тыс. чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. У дачыненні да 350 асобаў завялі крымінальныя справы. Менск, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат
Марш супраць тэрору – акцыя прысвечаная да дня памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Падчас разгону акцыі былі затрыманыя шэраг журналістаў, усяго паведамлялася пра больш як 140 затрыманых. Менск, Белаурсь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат
Марш Міру і Незалежнасці. У краіне ўжо 22 дні пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На здымку – Марыя Калеснікава прамаўляе да людзей. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат
У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшоў марш Народнай інаўгурацыі. Акцыя пачалася а 14-й гадзіне. У 12:20 пачалі зʼяўляцца паведамленні пра першыя затрыманні ў сталіцы. Народная інаўгурацыя стала адказам грамадства на неансаваную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая патаемна адбылася 23 верасня. Менск, Беларусь. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Агульнаграмадзянскі маршу за Свабоду – першы і самы масавы мірны марш не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Па розных падліках на вуліцах у той дзень былі ад 200 да 400 тысячаў асобаў. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot Tak TV / Белсат
Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Уваскрасеньня Хрыстовага. Бандарэнка, якога затрымалі на плошчы Пераменаў, а пасля збілі, увечары 12 лістапада памёр у рэанімацыі БХМД. Яго пахавалі на Паўночных могілках. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат
У адным з са сталічных двароў сустракаюць 2021 год. На здымку – Святлана Ціханоўская звяртаецца да беларусаў з падсумаваннем году і пажаданнямі. Менск, Беларусь. 31 снежня 2020 год.
Фота: Белсат

СА, belsat.eu

Стужка навінаў