«Пра Багінскую кажуць як пра сімвал, а для мяне яна бабуля». Размова з Янай Чарняўскай


Відэа, дзе Ніна Багінская гераічна адбівае свой сцяг у амапаўца, зрабіла яе сімвалам беларускай рэвалюцыі. Але мала хто ведае, што большасць сцягоў Багінскай пашыла яе ўнучка Яна Чарняўская. Дзяўчына разам з сынам вымушана пакінула Беларусь у кастрычніку 2020 года. Пераехаўшы ў Вільню, яна арганізавала канал у «Тэлеграме» – «Акцыі Вільні 2021» – і стала адной з аўтарак 20-метровага бел-чырвона-белага сцяга, які павесілі насупраць беларускай амбасады ў сталіцы Літвы. Belsat.eu пагаварыў з Янай пра лёс іншых ейных сцягоў, пра «лялькаводскія» грошы і досвед вымушанай эміграцыі. Пра Ніну Багінскую таксама будзе пару словаў.

Яна Чарняўская.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра ўцёкі з Беларусі

«Да нас у кватэру прыйшлі з ператрусам, а я цалкам выпадкова за 20 хвілін да гэтага выйшла. Патэлефанавала суседка і сказала, што пад пад’ездам дзве машыны ГУБАЗіКу і брыгада ССА [Сілы спецыяльных аперацыяў. – Belsat.eu]. Падумала тады: бабуля ім там пакажа! Яе дом – гэта яе крэпасць. Вядома ж яна дала жару [смяецца]. Пасля размовы з суседкай я стала моўчкі даставаць сімку з тэлефона. Усё адбывалася ў менскай «сотцы». Мужчына побач паглядзеў на мяне і кажа, маўляў, тэлефон у такой сітуацыі таксама трэба мяняць.

Тыдзень не магла вярнуцца дадому і сядзела ў падполлі ў вёсцы. У адной кішэні насіла зубную шчотку, а ў іншай – зменныя трусы, якія цудам знайшла ў сельскай краме. Але самая жудасць была ў тым, што тыдзень прыйшлося чакаць пашпарта для майго сына Лёвы».

Пра акцыі беларусаў у Вільні і «лялькаводскія» грошы

«Падчас каранціну я жыла літаральна праз дом ад беларускай амбасады ў Вільні. Паводле законаў Літвы можна гуляць у радыусе кіламетра вакол месца пражывання. Калі ўбачыла групу людзей ля амбасады, вырашыла стварыць тэлеграм-канал «Акцыі Вільні 2021». Першым нашым флэшмобам стала акцыя «0 праміле». І пайшло-паехала. Зараз я пачала больш часу прысвячаць сыну. Лёва – такое тыповае дзіця апазіцыі. Замест прагулкі ў парку ён хадзіў са мной на акцыі. У хвіліны, калі я пад вокнамі чую крыкі «Жыве Беларусь!», не ведаю, што з яго вырасце [смяецца]. Наогул я лічу, што ад дзяцей не трэба хаваць тое, што адбываецца, агароджваць. Хай ведаюць, што за свабоду можна і трэба змагацца, што на ўсё ў гэтым жыцці можна паўплываць.

Яна з сынам Лёвам падчас акцыі салідарнасці насупраць амбасады Беларусі ў Вільні.
Фота: Акцыі Вільні 2021 / Telegram

Цяпер акцыі ў Вільні змянілі кірунак. Мы актыўна падтрымліваем грамадзянскія ініцыятывы, працуем з актуальным беларускім парадкам дня ў Літве. Атрымалася выбудаваць сістэму дапамогі для тых, хто прыехаў. Адзін з прыкладаў – чат з табліцай, дзе беларусы прапаноўваюць паслугі для сваіх. На жаль, фінансавання ў дыяспары няма. Таму я прыдумала гульню на базе «Манаполіі», каб дзесяць працэнтаў ад продажу паслугаў накіроўваць на нашыя ініцыятывы. Грошы ў гульні – «ляллькаводскія», а кожнае поле – раённыя сцягі. У звычайнай «Манаполіі» трэба сабраць тры колеры і іх паляпшаць. У нашай гульні можна правесці рэформу на падставе гэтых картаў, атрымаць штраф або трапіць у «турму».

Яшчэ ў Менску з «лялькаводскімі» грашыма была цікавая гісторыя. Кожная купюра называлася па рознаму: тры ябацькі, адна Пагоня, сто крокаў з бабуляй. Самыя першыя грошы былі з Ціханоўскай і Лукашэнкам. Людзі бралі толькі са Святланай [смяецца]. Неяк на Нямізе да нас падышла жанчына і стала лаяцца, што мы раскідваем з мосту смецце.

Акцыя «0 праміле» каля амбасады Беларусі ў Вільні.
Фота: Акцыі Вільні 2021 / Telegram

«Закладаемся, зараз усё падбяруць!»

І людзі насамрэч бегалі па газонах і збіралі грошы, а потым у чат-боты пісалі, што ім нарэшце заплацілі. Нават бабуля карысталася грашыма. Калі журналісты заканчвалі інтэрв’ю з ёй, давала ім па пары купюраў, маўляў, малайцы – зарабілі.

Пра бабулю Багінскую

«Пра Багінскую кажуць як пра сімвал, а для мяне яна бабуля. Гэта звычайны чалавек са сваімі звычкамі. Але безумоўна: людзей, якія столькі гадоў стаяць за ідэю ў Беларусі, трэба пашукаць.

Тое, чаму я да гэтага часу вучуся ў бабулі, – уменне займацца сабой. Яна ўвесь час ездзіць на дачу, вяжа, вышывае – у яе ж куча нейкіх заняткаў, але пра сябе яна ніколі не забывае. У жніўні–верасні ўвага да яе была сталай, а дом быў завалены правадамі, напоўнены здымачнымі групамі. Дзіўна, што бабуля не стамлялася паўтараць адно і тое ж. Ёй жа не давалі праходу, а яна ўздыхала і адказвала, што гэта яе крыж.

У 2005 годзе бабуля пачала вышываць абрус на стол. Прыдумала дызайн і вырашыла: калі скончыць – «улада ляснецца». Увесь 2020 год, асабліва пасля выбараў, нагадвала ёй пра абрус, прасіла скончыць.

«Ой, некалі! Трэба ісці на марш».

Беларусы пратэстуюць на чыгунцы ля беларускай мяжы супраць бяздзейнасці ўладаў. Сярод іх – Яна Чарняўская. Вільня, Літва. 22 траўня 2021 года.
Фота: АР / Белсат

У дзяцінстве мы з братам часта крыўдзіліся на бабулю: яна была вельмі нетыповай бабуляй! Напрыклад, калі гатавала, то гэта была суперздаровая, але нясмачная ежа. Зразумела, што шмат чаго расло на дачы, дзе мы з братам і праводзілі лета. Гэта цяпер у тым месцы актыўна набываюць участкі, а ў нашым дзяцінстве там была сапраўдная глуш. Мы палілі вогнішча, спявалі песні. Памятаю, як бабуля спявала:

«Цок, цок, цок, цок – вершнікі на конях. Цок, цок, цок, цок – ты зважай, народ. Цок, цок, цок, цок, і штандар з Пагоняй. Цок, цок, цок, цок, кліча ў паход».

Дарэчы, бабуля часта вярталася з дачы злая. «Ой, у вас не прыбрана! А што вы тут нарабілі?!» Але потым ішла на мітынг і – зноў усё добра. Думаю, што ёй проста станавілася сумна без зносінаў. Так што Ніна Багінская такі ж чалавек, як і ўсе мы.

Пра свае сцягі

«У траўні 2020 года за 100 рублёў купіла швейную машынку і папрасіла бабулю навучыць ёю карыстацца. Спачатку на адзін сцяг сыходзіла каля трох гадзінаў. Потым гадзіну, цяпер 30–40 хвілін. Бабуля, дарэчы, да гэтага часу шые адзін сцяг дзве гадзіны.

Яна Чарняўская.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Калі закрыўся Symbal.by, праз «сарафаннае радыё» людзі даведаліся, што я шыю сцягі. Усяго з траўня мінулага года зрабіла іх прыкладна 150 штук.

Прыемна глядзець з балкона, як людзі накідваюць на плечы новы сцяг і горда ідуць з ім па вуліцы! Цікава даведацца, дзе цяпер гэтыя сцягі, што перажылі за год.

Яны ж у мяне з палоскай з насычанай бардовай тканіны, якую ў Літву, напрыклад, перапраўляюць з Беларусі часткамі. Менавіта па гэтым колеры я ў натоўпе і пазнавала бабулю. Дарэчы, калі з’язджала з Менску, на балконе ўсё яшчэ вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Быў ён там з 25 сакавіка 2020 года і ўжо парадкам патрапаўся, трохі выцвіў. Бабуля аднавіла яго і выйшла гуляць. Сцяг забралі ў той жа дзень.

Пра будучыню ў Беларусі

«Я ўпэўненая, што рана ці позна ў нас усё атрымаецца. Нядаўна адзін чалавек з НАУ сказаў, што ўсе палітычныя ўцекачы Беларусі вернуцца дадому іншымі людзьмі. У нас будзе новы вопыт, мы не будзем баяцца дзейнічаць.

Яна Чарняўская размаўляе з кіроўцам на літоўска-беларускай мяжы падчас шматдзённага намётавага лагеру, ініцыяванага НАУ.
Фота: Акцыі Вільні 2021 / Telegram

Асабіста ў мяне ў Беларусі пастаянна было адчуванне бездапаможнасці перад сістэмай. Калі прыехала ў Літву, стала мець зносіны з прадстаўнікамі літоўскага ўраду, паліцыяй. Тут многія беларусы спытаюць: як можна мець зносіны з паліцыяй?! Але цяпер я ведаю, як яна павінна працаваць, і разумею, што гэты досвед спатрэбіцца. Я веру, што ў новай і вольнай Беларусі кожны чалавек зможа ўплываць на развіццё краіны без умяшання паліцыі і з дапамогай ураду. Менавіта такога адчування свабоды я жадаю ўсім нам».

Ад рэдакцыі

Дарагія чытачы! Калі сярод вас ёсць шчаслівыя ўладальнікі сцяга ад Яны Чарняўскай, мы будзем рады даведацца, як ён да вас трапіў і дзе пабываў за гэты час. Дасылайце свае гісторыі і фота са сцягам у наш чат-бот @BelsatBot. Найлепшыя з іх мы абавязкова апублікуем!

Саша Альтэр, Аліса Ганчар/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў