Памёр расейскі дысідэнт, які называў Лукашэнку забойцам


Этыка і права – вышэйшыя за часовыя палітычныя перамогі, заўсёды казаў Сяргей Кавалёў, які памёр у панядзелак ва ўзросце 91 года. Пра адыход бацькі паведаміў сын Іван у Facebook.

Сяргей Кавалёў нарадзіўся ва Украіне, але вырас і атрымаў адукацыю ў Маскве, стаў біяфізікам, займаўся вывучэннем вузавых мембранаў, стаў спецыялістам у сферы нейронавых сетак, апублікаваў больш за 60 навуковых працаў.

Сяргей Кавалёў на мітынгу супраць рэпрэсіяў і сваволля ў Маскве, 2018 год. Крыніца: DonSimon

Радыкальна ягонае жыццё змянілася ў 1960-я гады, калі ён далучыўся да руху за абарону правоў чалавека ў СССР. Збіраў подпісы ў абарону пісьменнікаў-дысідэнтаў, збіраў інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека і нелегальна распаўсюджваў яе. У 1974 годзе быў арыштаваны за «антысавецкую агітацыю», атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі і 3 гады ссылкі ў Татарстан і на Крайнюю Поўнач. Адбыў свой тэрмін цалкам.

Падчас перабудовы стаў дэпутатам расейскага парламенту, узначальваў камісію правоў чалавека, пры гэтым крытыкаваў і палітыку Барыса Ельцына, і палітыку Уладзіміра Пуціна, выступаў супраць войнаў у Чачэніі і Грузіі, супраць анексіі Крыму.

У 2000-я гады Сяргей Кавалёў узначальваў Парламенцкую камісію Рады Еўропы ў пытанні знікнення беларускіх палітыкаў – былога старшыні Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара, ягонага сябра бізнесоўца Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, журналіста Змітра Завадскага. У сувязі з гэтым Лукашэнка забараніў яму ў той час наведваць Беларусь.

«Я з упэўненасцю падазраю, я падкрэсліваю гэтае слова, што гэта не ёсць маё катэгарычнае сцвярджэнне, але гэта ёсць вельмі сур’ёзнае падазрэнне ў тым, што прэзідэнт Лукашэнка наўпрост мае дачыненне да гэтых знікненняў і, хутчэй за ўсё, забойстваў. Калі вы спытаецеся пра маё асабістае меркаванне, я думаю, што так, слова «забойца» да месца… Беларуская ўлада заведама датычная да знікненняў і найбольш верагодных забойстваў Ганчара і Красоўскага. Я аналізам гэтага пытання займаўся», – казаў Кавалёў у інтэрвʼю.

На пытанне «Хто вам больш падабаецца – Лукашэнка ці Пуцін?» у 2006 годзе праваабаронца адрэагаваў: «Адкажу шакспіраўскім радком: «Чума на вашы дзве радні!» Мне здаецца, што курс, які праводзіць Пуцін, значна небяспечнейшы – ён больш гнуткі і эфектыўны. Бо абараніцца ад небяспекі з боку дурня значна лягчэй».

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў