Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай скарацілі тэрмін пакарання на 2,5 месяцы


267 дзён за кратамі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Дзяўчат асудзілі на 2 гады зняволення за нібыта арганізацыю дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак. Але насамрэч Кацярына і Дарʼя вялі стрым з плошчы Пераменаў, калі амапаўцы знішчалі народны мемарыял. Сёння суд пералічыў тэрміны адбыцця пакарання з улікам новых паправак у заканадаўства.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай пералічылі тэрмін адбыцця пакарання з улікам новых паправак у заканадаўства.

З 19 чэрвеня ўступіў у моц Закон аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці. Папраўкі сярод іншага ўводзяць новыя правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартаю: цяпер адзін дзень перабывання пад вартай у СІЗА будзе залічвацца як 1,5 дня ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага або ўзмоцненага рэжыму (раней 1 дзень у СІЗА адпавядаў 1 дню ў калоніі).

Сёння суд Фрунзенскага раёну Менску прыняў рашэнне пералічыць тэрмін знаходжання пад вартай для Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай ад моманту іх узяцца пад варту (20 лістапада 2020 года) да моманту разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд (22 красавіка 2021 года). Гэты перыяд (153 дні) залічаны па формуле 1 дзень за 1,5. Такім чынам, тэрмін пакарання скараціўся на 2,5 месяцы. У адпаведнасці з гэтым рашэннем нашыя каляжанкі мусяць выйсці на свабоду не ў лістападзе, а ў верасні 2022 года.

ВІДЭА
Як праходзіла спецаперацыя на плошчы Пераменаў. Відэа з дронаў сілавікоў
2021.08.05 12:18

 

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыну і Дар’ю абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вытворчасць у гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі – суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.

У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46
Стужка навінаў