Гадавіна з дня забойства Тарайкоўскага, Чульцовай і Андрэевай скарацілі тэрмін зняволення. Галоўнае за 10 жніўня


10 жніўня стаў 367-ым днём супрацьстаяння грамадства і ўладаў у Беларусі. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Год таму сілавікі забілі Аляксандра Тарайкоўскага

34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены 10 жніўня 2020 каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску невядомым байцом у вайсковай форме. Аляксандр падыходзіў да групы сілавікоў з паднятымі рукамі.

Аляксандр Тарайкоўскі.
Фота: сямейны архіў

Спачатку прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў заяўляла, што ў руках Тарайкоўскага выбухнула невядомая прылада, якую ён спрабаваў кінуць у сілавікоў. Аднак пасля публікацыі шэрагу відэазапісаў з месца падзеяў, дзе выразна відаць стрэл байца ў чалавека з паднятымі рукамі, афіцыйная версія змянілася.

Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч прызнаў, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты сілавікамі, але крымінальную справу заводзіць адмовіліся «праз адсутнасць складу злачынства і грамадска небяспечнага дзеяння». Тады ён заявіў, што Тарайкоўскі «сваймі дзеяннямі правакаваў праваахоўнікаў: яны не ведалі сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў».

Сваякам Тарайкоўскага ў лютым адмовілі ў праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі ягонай гібелі.

Забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Крыніца: скрыншот з відэа
Аб’ектыў
Гадавіна з дня смерці першай ахвяры пратэстаў
2021.08.10 23:14

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай скарацілі тэрмін пакарання

Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай пералічылі тэрмін адбыцця пакарання з улікам новых паправак у заканадаўства.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: Белсат

З 19 чэрвеня ўступіў у моц Закон аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці. Папраўкі сярод іншага ўводзяць новыя правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартаю: цяпер адзін дзень перабывання пад вартай у СІЗА будзе залічвацца як 1,5 дня ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага або ўзмоцненага рэжыму (раней 1 дзень у СІЗА адпавядаў 1 дню ў калоніі).

Сёння суд Фрунзенскага раёну Менску прыняў рашэнне пералічыць тэрмін знаходжання пад вартай для Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай ад моманту іх узяцца пад варту (20 лістапада 2020 года) да моманту разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд (22 красавіка 2021 года). Гэты перыяд (153 дні) залічаны па формуле 1 дзень за 1,5. Такім чынам, тэрмін пакарання скараціўся на 2,5 месяцы. У адпаведнасці з гэтым рашэннем нашыя каляжанкі мусяць выйсці на свабоду не ў лістападзе, а ў верасні 2022 года.

Артыкулы
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай скарацілі тэрмін пакарання на 2,5 месяцы
2021.08.10 19:20

У Беларусі 627 палітвязняў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 асобаў. Такім чынам у нашай краіне 627 палітычных вязняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Уладзіміра Кобрынца, Іллю Верамея, Яўгена Рубашку, Аляксандра Бялова, Уладзіміра Калача, Надзею Калач, Пятра Марчанку, Юлію Марчанку, Антона Шніпа, Аляксея Якубука.

Гэтых асобаў абвінавацілі і асудзілі, лічаць праваабаронцы, паводле палітычных матываў.

Дэманстранты ў Беларусі не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Hавiны
У Беларусі ўжо 627 палітвязняў
2021.08.10 20:30

Менчука арыштавалі за дзіцячы малюнак на акне

41-гадовага Дзмітрыя Бубенку затрымалі 9 жніўня за «несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння белага аркуша паперы на акне». Мужчыну за гэты аркуш судзілі ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы.

Дзмітрый Бубенка на судзе растлумачыў што на акно павесіў дзіцячыя малюнкі амаль чатыры гады таму. Паводле словаў мужчыны, аркушы паперы абараняюць расаду жонкі ад сонца. Але суддзя Наталля Бугук запыталася, чаму жыхар Менску не атрымаў дазвол ад уладаў на вывешванне малюнкаў.

У выніку, суддзя Бугук палічыла Бубенку вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 12 дзён.

Малюнак, за які арыштавалі менчука.
Фота: t.me/viasnanazirae

Газета «Новы час» прыпыніла выхад

Прыватная друкарня «Рол Прынт» больш не будзе друкаваць «Новага часу», паведамляе выданне.

У рэдакцыю прыйшоў ліст, згодна з якім «у сувязі са змяненнем вытворчага цыклу і ўзніклымі з-за гэтага вытворчымі складанасцямі» друкарня «Рол Прынт» пасля 12 жніўня больш не зможа надаваць паслугі.

Газета «Новы час».
Фота: novychas / Facebook

Паведамляецца, што пасля атрымання ліста 27 ліпеня рэдакцыя спрабавала развязаць пытанне, каб не спыняць выхаду папяровай газеты, аднак беспаспяхова.

«На жаль, на наступным тыдні нашы чытачы больш не ўбачаць любімую газету ў паштовай скрыні, прынамсі, не пры гэтай уладзе, відаць.

Будзем лічыць, што для нас гэтая сітуацыя – пераход на іншы ўзровень.

А яшчэ мы абавязкова вернемся, і вы зноў адчуеце пах свежай фарбы і ўбачыце знаёмы лагатып, калі адчыніце паштовую скрыню. Мы абавязкова сустрэнемся ў новай Беларусі», – пракаментавалі спыненне друку ў выданні.

Улады збіраюць кампрамат на сілавікоў

Сілавікі з аб‘яднання «ByPol» паведамляюць пра доступ да масіву інфармацыі з аўдыязапісамі. На записах размовы паміж сілавікамі. Выглядае, што ўлады Беларусі таемна праслухоўвалі ды, верагодна, працягваюць праслухоўваць сілавікоў, каб сабраць кампрамат на іх і трымаць яго на чорны дзень. Матэрыялы захоўваюцца ва ўпраўленні ўласнай бяспекі МУС.

«Гэта самы вялікі зліў наогул у гісторыі органаў унутраных спраў і не толькі нашай краіны. Каб беларусы разумелі, што адбылося – выкрытыя базы Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Гэта самае сакрэтнае падраздзяленне МУС РБ. Менавіта гэта падраздзяленне на прафесійнай аснове займаецца сачэннем, праслухоўваннем і негалосным аглядам памяшканняў і аўтамабіляў грамадзян. Гэта значыць супрацоўнікі гэтага падраздзялення засакрэчаныя і ўся інфармацыя, якая захоўваецца ў гэтым падраздзяленні мае грыф «цалкам сакрэтна», – кажа Алег Талерчык з аб‘яднання экс-сілавікоў «ByPol».

Белсат Zoom
Лукашэнка сабраў кампрамат на сілавікоў
2021.08.10 23:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў