Дырэктар EPAM адказаў на пагрозы Лукашэнкі

У час «Вялікай размовы» 9 жніўня Аляксандр Лукашэнка назваў «мярзортнікам», які «грошы сюды пералічваў на пратэставыя акцыі, а там звязаны са спецслужбамі», нейкага «Добкіна ці Дробкіна» з кампаніі EPAM. Аркадзь Добкін адказаў.

Заснавальнік і дырэктар EPAM Аркадзь Добкін. Фота: epam-group.ru

Каментар Аляксандра Лукашэнкі, адрасаваны яму, Аркадзь Добкін акрэсліў для Dev.by так: «Нельга назваць прыемным ці доўгачаканым для мяне ці кампаніі».

Паводле Добкіна, EPAM вядзе бізнес у Беларусі і іншых краінах больш за 25 гадоў, ставіцца да бізнесу адказна і «з поўным разуменнем глабальных і лакальных выклікаў».

«Нашая адказнасць перад супрацоўнікамі, кліентамі і інвестарамі ніколі не дазваляла нам рабіць неабдуманыя і неправамерныя крокі, якія маглі б прывесці да рызыкаў парушэння вытворчай дзейнасці кампаніі, або, прасцей кажучы, да страты рэпутацыі», – заявіў Добкін.

«Я ўросся ў гэтую краіну». Лукашэнка даў рэкордна доўгую прэс-канферэнцыю на гадавіну выбараў. ЖЫВЫ БЛОГ

Рэгламентаванне Радай дырэктараў і шматлікія міжнародныя аўдыты «не пакідаюць месца для некарэктных тлумачэнняў, меркаванняў або каментароў», упэўнены ён.

«Гэта таксама значыць, і гэта выключна важна, што мы не збіраліся сыходзіць з Беларусі, – дадаў Добкін. – І пакуль ёсць маладыя людзі, гатовыя вучыцца, пакуль ёсць таленты, гатовыя жыць і працаваць у краіне, і пакуль ёсць кліенты, якія цэняць гэты талент і гатовыя працаваць з «EPAM Беларусь», мы плануем працягваць працаваць і развіваць кампанію тут. Пакуль нас не вымусяць краіну пакінуць…»

Як справы ў EPAM?

Кампанія працуе ў 40 краінах свету і паказвае проста шалёныя тэмпы росту – да 40 % за год (за другі квартал выручка склала 881,5 млн долараў), на 4 тысячы чалавек за апошнія тры месяцы. За 2021 год кампанія плануе наняць больш як 10 тысяч інжынераў, дызайнераў і кансультантаў.

У пачатку жніўня акцыя EPAM на нью-ёркскай біржы перасягнула мяжу $ 600, цана працягвае расці. З пачатку года акцыі падаражэлі на 70 %.

«EPAM Systems» – найбуйнейшы працадаўца Беларусі ў IT-сферы. Кампанія мае пад 48 тысяч супрацоўнікаў, з якіх асноўная маса працуе ў Беларусі.

Журналіст Гардон адказаў на пагрозы Лукашэнкі піццём ягонага падарунка

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны