Дамоклаў меч «іранскага фармату». Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі


ЗША, Вялікая Брытанія і Канада 9 жніўня абвесцілі аб увядзенні супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі новых санкцыяў, у тым ліку эканамічных. Belsat.eu разбіраўся, якія пункты новых абмежаванняў могуць быць найбольш адчувальнымі для ўладаў.

Новыя санкцыі ЗША, Брытаніі і Канады – самыя маштабныя за ўвесь час абмежаванні з боку гэтых краінаў у дачыненні афіцыйнага Менску. Але эфектыўнасць санкцыйных пакетаў будзе розная. Напрыклад, Канада ўводзіць сектаральныя абмежаванні, але эфект ад іх не можа быць значным праз нізкі ўзровень гандлёвых сувязяў дзвюх краінаў: паводле афіцыйных звестак, летась гандлёвае абарачэнне Канады і Беларусі склала толькі $ 47,9 млн. Іншая рэч – абмежаванні з боку ЗША, звязаныя з прынцыпам другасных санкцыяў (маецца на ўвазе пакаранне контрагентаў з трэціх краінаў).

Стаўка на другасныя санкцыі

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 9 жніўня падпісаў выканаўчы загад (executive order), які пашырае сферу дзеяння загаду ад 16 чэрвеня 2006 года («Блакаванне ўласнасці некаторых асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі»). Як вынікае з заяваў Белага дому, указ Байдэна дае Мінфіну шырокія паўнамоцтвы адносна ўвядзення санкцыяў у дачыненні фізічных і юрыдычных асобаў, якія працуюць у розных сектарах эканомікі – энергетыка, калійная і тытунёвая сферы, абарончы, будаўнічы, транспартны ды іншыя сектары. Любая супраца з кампаніямі, уключанымі ў «чорны спіс», забараняецца, як і любыя дзеянні з мэтай абыходу санкцыяў. Фактычна ўказ Байдэна акрэслівае прынцыпы выпрацоўвання і рэалізацыі санкцыяў (у тым ліку другасных) цяпер і на будучыню.

Hавiны
ЗША ўзмоцняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.09 17:48

Чалец сеткі экспертаў iSANS Серж Харытонаў мяркуе, што цяпер дзяржпрадпрыемствы і блізкі да рэжыму Лукашэнкі бізнес чакаюць «усёабдымныя сектаральныя санкцыі «іранскага фармату».

«Гэта значыць, што любая кампанія, якая будзе супрацоўнічаць з дзяржбанкамі, дзяржаўнымі бізнесамі або дзяржустановамі Беларусі, аўтаматычна трапіць у санкцыйныя спісы ЗША», – піша ён у сваім тэлеграм-канале. Харытонаў лічыць, што гэты механізм, у прыватнасці, можа пазбавіць дзяржкампаніі і блізкі да рэжыму бізнес магчымасці атрымліваць крэдыты з расейскіх банкаў, якія не захочуць ісці на такія рызыкі.

Павел Латушка, кіраўнік НАУ. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначае, што менавіта на другасных санкцыях і быў зроблены акцэнт у аналітычнай запісцы НАУ, якая раней была перададзеная амерыканскаму боку. Паводле Латушкі, ключавое адрозненне цяперашніх санкцыяў ад папярэдніх заключаецца ў тым, што раней кампаніям з трэціх краінаў не забаранялася весці бізнес з беларускімі кампаніямі, што трапілі пад амерыканскія абмежаванні. Але ўказ Байдэна прынцыпова змяняе сітуацыю.

«Цяпер над партнёрамі беларускіх прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, будзе вісець дамоклаў меч фінансавага пакарання – дзе б яны ні знаходзіліся і ў якой бы валюце ні разлічваліся», – адзначае Латушка.

Удар па калію

Паралельна з указам Байдэна Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала новы санкцыйны спіс, куды ўвайшлі 23 чалавекі і 21 кампанія. Уключэнне некаторых фізічных і юрыдычных асобаў у гэты спіс выглядае хутчэй як сімвалічны крок (напрыклад, санкцыі супраць спартовага клубу «Шок» Дзмітрыя Шакуты), аднак ёсць там і прынцыпова важныя для існавання рэжыму кампаніі. Сярод іх – ААТ «Беларуськалій».

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ «Беларуськалій» на цэнтральнай плошчы Салігорску, Беларусь. 18 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Абмежаванні супраць «Беларуськалію» могуць мець сур’ёзны эфект перш за ўсё ў кантэксце другасных санкцыяў у «іранскім фармаце», бо ЗША не ёсць буйным пакупніком беларускага калію. Доля ЗША ў калійным экспарце Беларусі ў 2020 годзе склала толькі 4,19 % ($ 100,9 млн). Затое пазіцыя Вашынгтону можа прывесці да таго, што супрацу з «Беларуськаліем» спыняць кампаніі з трэціх краінаў.

Амерыканскія санкцыі ўзмацняюць эфект сектаральных санкцыяў ЕЗ, пад якія ў чэрвені трапіла ўся калійная галіна – праўда, з некаторымі выключэннямі ў плане наменклатуры тавараў і агаворкамі адносна тэрмінаў. У прыватнасці, санкцыі Еўразвязу не закранаюць кантрактаў, заключаных да 25 чэрвеня 2021 года, або дадатковых пагадненняў, неабходных для выканання папярэдніх кантрактаў.

У санкцыях ЗША адносна «Беларуськалію» таксама ёсць агаворка: амерыканскі бок дае тэрмін 120 дзён на спыненне ўсіх стасункаў з дзяржаўнай кампаніяй. Але гэта адзіная адтэрміноўка ва ўсім санкцыйным пакеце: усе астатнія санкцыі набываюць моц неадкладна.

Цікава, што ў санкцыйным спісе пры гэтым няма «Беларускай калійнай кампаніі» – манапольнага трэйдэра, праз якога «Беларуськалій» экспартуе сваю прадукцыю. Аднак былы дарадца санкцыйнага агенцтва OFAC у Мінфіне ЗША Браян О’Тул адзначыў у інтэрв’ю РБК, што паводле стандартнай амерыканскай практыкі экспартаваная калійная прадукцыя ўсё роўна будзе лічыцца маёмасцю «Беларуськалію», і таму БКК гандляваць ёй не зможа.

«Гаманцы Лукашэнкі» пад санкцыямі

Пад санкцыі трапілі бізнесоўцы Мікалай Варабей і Аляксей Алексін, якіх амерыканскі бок называе «гаманцамі Лукашэнкі», а таксама падкантрольныя ім кампаніі. Пры гэтым гаворка ідзе ў тым ліку пра кампаніі, уласнікамі якіх фармальна бізнесоўцы не з’яўляюцца.

Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

Напрыклад, Аляксей Алексін, асцярагаючыся заходніх санкцыяў, яшчэ ў студзені 2021 года перапісаў свае ключавыя актывы («Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз») на сыноў – Віталя і Дзмітрыя. Аднак гэтыя кампаніі ўсё роўна трапілі ў «чорны спіс» – такім чынам, схема абыходу санкцыяў тут не спрацавала.

Расследaванні
Атачэнне Лукашэнкі карыстаецца афшорам у Арабскіх Эміратах. Эксклюзіўны каментар тытунёвага алігарха «Белсату»
2021.04.13 20:10

Менавіта на кампанію «Энерга-Оіл» завязаны бізнес Алексіна ў сферы гандлю тытунём, дзе алігарх атрымаў беспрэцэдэнтныя льготы ад рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасці, «Энерга-Оіл» ёсць эксклюзіўным дыстрыб’ютарам прадукцыі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», якая таксама трапіла пад санкцыі ЗША. Паводле Мінфіну ЗША, гэты завод – «галоўная крыніца нелегальных цыгарэтаў у Еўропе».

Перапісванне бізнесу на іншых асобаў не выратавала і Мікалая Вараб’я. У снежні 2020 года ён аформіў базавы актыў – ТАА «Чырвоны Бор» – сваім топ-менеджарам. Менавіта на «Чырвоны Бор» завязаныя найбуйнейшы прыватны беларускі нафтатрэйдэр «Інтэрсэвіс», ЗАТ «Абсалютбанк», «Нафтабітумны завод» і спецэкспарцёр нафтапрадуктаў «Новая нафтавая кампанія» (ННК). Усе чатыры актывы (плюс «дачка» ННК у Расеі) трапілі пад амерыканскія санкцыі.

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Таксама ў чорны спіс уключаны «БелКазТранс» і «БелКазТранс Украіна» (апошняя кампанія запісаная на сына алігарха). На гэтыя фірмы быў завязаны транзіт вугалю, а таксама пастаўкі ва Украіну расейскіх нафтапрадуктаў у абыход тамтэйшых санкцыяў.

Санкцыі былі ўведзеныя і супраць кампаніі «Брэміна Груп», якая займаецца развіццём прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз непразрыстасць праекту і розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, медыі называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам». Разам з Вараб’ём і Алексіным саўладальнікам кампаніі з’яўляецца Аляксандр Зайцаў, але яго ў санкцыйным спісе ЗША няма.

Адзначым, што раней супраць Варабʼя і Алексіна былі ўведзеныя санкцыі ЕЗ, таму цяпер гэтыя бізнесоўцы цалкам пазбавіліся магчымасці легальна весці бізнес на Захадзе.

Асабісты капітал
Як Лукашэнка раздае землі сябрам
2020.03.09 19:05

Пад санкцыі трапіў і бізнес братоў Карычаў – сербскіх алігархаў, якія шмат гадоў сябруюць з Лукашэнкам, атрымліваюць ад яго розныя льготы для свайго бізнесу і застаюцца аднымі з галоўных забудоўнікаў Менску.

У чорны спіс уключылі старэйшага сына Багалюба КарычаНябойшу Карыча. Пад абмежаванні трапілі зарэгістраваная на Кіпры «Dana Holdings Limited» (базавы актыў Карычаў), а таксама зарэгістраваныя ў Беларусі фірмы «Dana Astra», «Emirates Blue Sky» і «Dubai Water Front». Вядома, што ў кампаніі «Dana Astra» на адной з кіроўных пасадаў працуе жонка Віктара Лукашэнкі Лілія, а ў ГЦ «Dana Mall» месціцца ейная галерэя «Арт Хаос».

Расследaванні
Нявестка Лукашэнкі ў бізнесе на мільярды
2021.03.30 20:05

Вялікая Брытанія: акно ў Еўропу зачыняецца

Вялікая Брытанія 9 жніўня ўвяла супраць рэжыму Лукашэнкі сектаральныя санкцыі, якія ў асноўным паўтараюць сектаральныя санкцыі ЕЗ, уведзеныя ў чэрвені.

Як і Брусель, Лондан уводзіць абмежаванні адносна сектару нафтапрадуктаў, калію, доступу да фінансавага і банкаўскага рынку, а таксама тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці цыгарэтаў. Праўда, з заявы брытанскага ўраду не зразумела, ці ідзе гаворка пра стоадсоткавую сінхранізацыю санкцыйнай палітыкі. Рэч у тым, што сектаральныя санкцыі Еўразвязу мелі пэўныя асаблівасці (напрыклад, не ўсе віды калійных угнаенняў трапілі пад забарону).

Hавiны
Абмежаванні з прасторай для манеўра. Ці сапраўды санкцыі ЕЗ можна лічыць жорсткімі?
2021.06.25 19:15

Еўропа наогул не галоўны рынак для продажу беларускага калію – асноўнымі пакупнікамі лічацца Бразілія, Кітай, Індыя і Інданезія. Летась на краіны ЕЗ прыпала толькі 8 % ад калійнага экспарту, а на Брытанію – наагул мізэрныя 0,01 %.

Зусім іншая сітуацыя з нафтапрадуктамі, бо Вялікая Брытанія – адзін з галоўных кліентаў Беларусі ў гэтай галіне. Летась Беларусь экспартавала ў Брытанію нафтапрадуктаў на больш чым $ 720 млн. Паводле Белстату, за 11 месяцаў 2020 года агулам у ЕЗ і Брытанію было экспартавана каля 4 млн тонаў нафтапрадуктаў – гэта больш за палову ўсяго аб’ёму экспарту ў галіне.

Праўда, тут прысутнічае статыстычная анамалія: РБК адзначае, што паводле базы Comtrade летась Брытанія імпартавала беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў сумарна толькі на $ 0,33 млн. Справа ў тым, што ў Брытаніі знаходзіцца прадстаўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі, якая і экспартуе нафтапрадукты з Беларусі. То бок Брытанія – гэта ў першую чаргу перавалачны пункт для беларускіх нафтапрадуктаў, а не рынак як такі. Аднак у любым выпадку цяпер гэтае экспартнае акно зачыняецца.

Hавiны
Вялікая Брытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.09 16:05

Важным пунктам брытанскіх санкцыяў сталі абмежаванні супраць сябра Лукашэнкі, расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, які ў чэрвені трапіў пад санкцыі ЕЗ. Клан Гуцэрыева валодае актывамі і маёмасцю на тэрыторыі Брытаніі. У прыватнасці, у Лондане зарэгістраваная кампанія GCM Global Energy PLC, якая ёсць саўладальнікам беларускага прадпрыемства «Слаўкалій», што будуе Нежынскі камбінат. Раней уласнікам GCM Global Energy PLC быў сам Міхаіл Гуцэрыеў, але пасля ўвядзення ў чэрвені санкцыяў ЕЗ ён перадаў свой пакет акцыяў брытанскай кампаніі малодшаму брату – Саіту-Саламу. А адразу пасля абвяшчэння брытанскіх санкцыяў Міхаіл Гуцэрыеў перадаў брату і свой пакет акцыяў кампаніі «Руснафта».

Аналітыка
Ці працуюць санкцыі? З якімі абмежаваннямі сутыкаўся рэжым Лукашэнкі, і да чаго гэта прыводзіла
2021.06.02 09:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў