Вынікі пошуку для:

Як выжыць улетку ў экстрэмальнае надворʼе

Амаль кожны дзень апошняга месяца Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі папярэджвае аб небяспечных умовах надвор’я. Нагадаем правілы, якія ўратуюць падчас экстрэмальна высокай тэмпературы, залеваў і моцнага ветру.

Мужчына нясе дзіця на плячах на Менскім моры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Спёка: адразу некалькі пагрозаў

Першая пагроза – высокая тэмпература. У Беларусі ўжо ў некалькіх гарадах пабітыя тэмпературныя рэкорды.

Каб перадухіліць цеплавы ўдар, найперш старайцеся пазбягаць задушлівых і гарачых памяшканняў, грамадскага транспарту. Самы гарачы час дня лепш бавіць удома, а гуляць раніцаю і ўвечары. Надзявайце лёгкае і светлае баваўнянае адзенне. Піце як мага больш вадкасці, аддавайце перавагу вадкай ежы.

Халодныя супы – як не галадаць у спёку і не зварыцца на кухні

Перадухіліць сонечны ўдар даволі проста. У спёку заўсёды насіце на вуліцы галаўны ўбор. Выбірайце адзенне, адпаведнае надворʼю, пазбягайце сінтэтычных тканінаў. Паклапаціцеся, каб вашае дзіця мела дастаткова несалодкага пітва.

Каб не атрымаць сонечнага апёку, не выстаўляйце скуру пад прамяні ў самы гарачы час дня. Лёгкае адзенне мае прыкрываць як мага больш скуры. На пляжы абавязкова карыстайцеся абарончым сродкам ад сонца. Сачыце, каб дзіця пасля купання выціралася адразу, не бегала з мокрай скурай.

Асабліва моцнае ўздзеянне сонца, калі вы бавіце час у вадзе, бо вада адлюстроўвае сонечныя прамяні. Тут найбольш рызыкуюць рудавалосыя і светласкурыя. У нашай паласе самы небяспечны час – з 12-й да 16-й гадзіны.

Дзеці бавяцца ў фантане на вуліцы Пуліхава. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі

Захварэць можна нават улетку. Найчасцей хвароба развіваецца з-за рэзкіх перападаў тэмпературы – напрыклад, калі з сквару чалавек заходзіць у памяшканне, дзе працуе кандыцыянер. Таксама ў спёку ўзнікае спакуса піць шмат халодных напояў.

Тэмпературныя перапады прыгнятаюць імунітэт, і арганізм становіцца ўразлівы для розных мікраарганізмаў. Лячыць ВРВІ самастойна (прызначаць сабе лекі, тэрміны іх прыёму) – небяспечна. Звярніцеся па дапамогу да доктара.

Як паводзіць сябе ў вадзе

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў увесь час нагадвае, што нельга купацца ў не абсталяваных адмыслова месцах. Ныраць і плаваць у незнаёмых вадаёмах нават у цвярозым стане можа быць небяспечна праз зарослае дно, тэхнічнае смецце ў вадзе ды іншае. Паводле МНС, у 2022 годзе падчас купання ўжо загінулі 17 дзяцей.

Людзі купаюцца ў Камсамольскім возеры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Асноўныя правілы бяспекі пры купанні ў адкрытых вадаёмах:

  • выкарыстоўвайце кругі і камізэлькі, прызначаныя для адкрытых вадаёмаў, у іх павінны быць тоўстыя сценкі і – пажадана – некалькі аўтаномных камераў (каб дзіця не патанула пры праколе адной з іх);
  • старайцеся не браць малых дзяцей катацца на лодках, катамаранах і іншых плавальных сродках, гэта можа быць небяспечна. Калі ж бераце малое, заўсёды надзявайце на яго яшчэ на беразе ратавальную камізэльку;
  • плавайце ў спецыяльна вылучаных месцах з чыстым правераным дном;
  • заўсёды пільнуйце дзяцей, асабліва сачыце за самымі малымі. Не дазваляйце ім заплываць далёка ад берагу.

Большасць няшчасных выпадкаў здараецца менавіта ў той момант, калі дарослыя адвярнуліся на секунду. Папрасіце дзяцей не заходзіць без дарослых у ваду.

Лес усталёўвае ўласныя правілы бяспекі

Прагулка ў лесе – выдатны адпачынак, які ўмацоўвае здароўе, знаёміць дзіця з роднай прыродай. Але ёсць правілы, з якімі дарослыя мусяць пазнаёміць дзіця, бо лес можа хаваць небяспеку. Раскажыце дзіцяці пра атрутныя грыбы і расліны, якія растуць у лесе, на палях і лугах. Нагадвайце дзіцяці, што ні ў якім разе нельга хадзіць па лесе самастойна, трэба заўсёды трымацца побач з бацькамі.

Чэрвеньскі раён, Беларусь. 21 ліпеня 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Памятайце, у лесе забаронена кідаць непатушаныя запалкі і недакуркі; выкідаць бутэлькі ці аскепкі шкла; падпальваць траву, а таксама іржышча на палях; разводзіць вогнішчы (у пажаранебяспечны сезон); пакідаць у лесе прамасленыя або намочаныя ў бензіне анучы; заязджаць у лес на машынах без іскрагасільніка і з няспраўнай паліўнай сістэмай.

Калі пакусалі жукі ці змеі

Алергічныя і таксічныя рэакцыі на ўкусы кузурак – таксама траўмы. Калі гэта пчолы, то адбываецца ўпырскванне сліны, калі восы – упырскванне атруты, з’явіцца рэакцыя на таксіны. Калі вашае дзіця атакавалі пчолы, не спадзявайцеся адно на сябе. Траўматалагічныя пункты працуюць дзень і ноч, там нададуць першую медычную дапамогу, перадухіляць непажаданыя наступствы.

Самая небяспечная ў нашай краіне змяя – гадзюка. Калі вы не разбіраецеся ў змеях і не здолееце хутка зразумець, атрутная на вас глядзіць змяя ці не, зрабіце захады, якія абароняць вас ад любой змяі, – бо ўкусіць можа і вуж.

Рэптыліі любяць вільготнасць. Для паходу ў лес выбірайце практычны абутак – высокія гумовыя боты. Абуваць сандалі, тэпці – надта рызыкоўна. Вы можаце не адчуць нічога, акрамя лёгкага ўколу ў галёнку, і вярнуцца дадому з апухласцю. Калі змяя вас усё ж пакусала, то як мага хутчэй звярніцеся да медыкаў – самастойна адсмоктваць атруту з раны небяспечна. Неабходна працерці месца ўкусу антысептыкам, накласці асептычную павязку.

Пільнуйцеся і беражыце сябе.

Купалле. 10 пытанняў, адказаў на якія вы маглі не ведаць

Марыя Мурашка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны