Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Мясцовыя жыхары глядзяць на свой жылы дом, пашкоджаны ў выніку ракетнага ўдару. Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 37 300 забітымі асобамі.

Цягам апошніх содняў ва Усходняй зоне аперацыі расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай займець поўны кантроль над тэрыторыяй Данбасу.

На славянскім кірунку расейцы правялі выведку боем штурмавой групай каля населенага пункту Даліна, абстралялі пры гэтым украінскія пазіцыі, але не мелі поспеху ды адышлі. Пасля гэтага расейцы засяродзіліся на далейшым абстрэле навакольных населеных пунктаў са ствольнай і рэактыўнай артылерыі.

На бахмуцкім кірунку расейцы актыўных штурмавых дзеянняў не праводзілі, але былі зафіксаваныя абстрэлы каля Вэршыны, Зайцава, Пакроўскага, Вясёлага, Івана-Дар’іўкі, і Вуглягорскай ЦЭС. Авіяцыйныя ўдары былі нанесеныя каля Бераставога і Спірнага.

Пры гэтым войскі РФ наносяць удары і па тэрыторыі ўглыб Украіны. Так, 10 ліпеня расейцы ўдарылі з «Ураганаў» па 5-павярховым доме ў горадзе Часаў Яр Бахмуцкага раёну Данецкай вобласці. Ужо вядома пра прынамсі 15 загінулых мясцовых жыхароў і 5 параненых. Усяго пад заваламі могуць быць да 30 асобаў.

Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

На краматорскім кірунку вораг таксама не праводзіў штурмавых дзеянняў, аднак былі заўважаныя перамяшчэнні асобных падраздзяленняў расейцаў у бок Белагораўкі. Пры гэтым працягнуліся абстрэлы населеных пунктаў на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Аналагічная сітуацыя назіралася на аўдзееўскім, курахаўскім і навапаўлаўскім кірунках.

Адзначаецца, што за межамі Усходняй зоны аперацыі войскі РФ не праводзілі наступальных аперацыяў.

На харкаўскім кірунку расейцы намагаліся ўтрымаць раней занятыя пазіцыі, пры гэтым абстралялі сам Харкаў і навакольныя населеныя пункты. Адзначаецца, што ўдар па абласным цэнтры быў нанесены крылатай ракетай тыпу «Іскандэр».

Падобная сітуацыя цягам апошніх содняў назіралася і на паўднёвабужскім кірунку, дзе расейцы таксама не праводзілі штурмавых дзеянняў, а абмежаваліся артылерыйскімі абстрэламі населеных пунктаў і ўкраінскіх пазіцыяў.

Пры гэтым украінскія ракетна-артылерыйскія аддзелы нанеслі два ўдары па камандных пунктах, месцах размяшчэння жывой сілы і палявых складах боепрыпасаў ворага каля Чарнабаеўкі Херсонскай вобласці. Страты ворага ўдакладняюцца.

На запарожскім кірунку расейцы наносілі артылерыйскія ўдары па падкантрольных Украіне населеных пунктах, не праводзячы пры гэтым штурмавых дзеянняў.

Украінскія палі падчас жніва 2022 года.
Фота: Апостроф Київ / Telegram

На валынскім і палескім кірунках зменаў у дзейнасці аддзелаў Узброеных сілаў Беларусі ў памежных раёнах Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў не назіраецца.

На сівэрскім кірунку расейцы абстралялі ўкраінскія пазіцыі каля Бачыўску, Міраполля, Валадымыраўкі, Ваўкоўкі і Волфінага. Таксама расейцы праводзілі паветраную выведку з выкарыстаннем беспілотнікаў.

Тым часам рэйкавыя партызаны ў самой Расеі ўчынілі чарговы напад на чыгунку. Ва Унецкім раёне Бранскай вобласці, на перагоне Робчык – Пясчанка на каляінах перад грузавым цягніком яны ўзарвалі выбуховую прыладу.

Паведамляецца, што ў цягніку пашкодзілася шыба кабіны машыніста, але рэйкі вытрымалі выбух і засталіся цэлымі, пацярпелых няма.

Telegram-канал @motolkohelp звярнуў увагу, што нумар пашкоджанага цягніка – 2ТЭ10УК-0388. Гэты магістральны цеплавоз належыць Беларускай чыгунцы, а дакладней – гомельскаму дэпо ТЧ-8. Магчыма, падчас выбуху на цеплавозе працавала беларуская брыгада.

Hавiны
У Бранскай вобласці Расеі выбухам на чыгунцы пашкодзіла беларускі лакаматыў
2022.07.10 08:33

Генпракуратура Украіны паведаміла, што станам на 10 ліпеня ў краіне загінулі не менш за 347 дзяцей, яшчэ 648 былі параненыя. Адзначаецца, што больш за ўсё дзеці пацярпелі ў Данецкай вобласці (348), Харкаўскай (187) і Кіеўскай (116).

Аднак гэтыя лічбы не канчатковыя, працягваецца ўдакладненне звестак наконт загінулых у месцах вядзення актыўных баявых дзеянняў.

Hавiны
Падчас вайны ва Украіне загінулі не меней за 347 дзяцей
2022.07.10 16:43

Тым часам у школах на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны з новага навучальнага года плануюць увесці русіфікаваную навучальную праграму. Нязгодным мясцовым педагогам і бацькам дзяцей пагражаюць звальненнямі ды іншымі рэпрэсіямі. Тым часам расейскім педагогам прапануюць працоўныя выправы ў так званыя ДНР і ЛНР.

Улады Нямеччыны развязалі праблему з пастаўкамі боепрыпасаў для зенітных самаходных ракетных артылерыйскіх установак «Gepard». Плануецца, што боепрыпасы паставіць Нарвегія пасля іх выпрабавання наступным тыднем. Калі ўсё будзе добра, то ўжо ў ліпені Украіна атрымае 30 адзінак нямецкай тэхнікі.

BK belsat.eu

Стужка навінаў