Лукашэнка скасаваў візы. Мы праверылі, ці паехалі палякі ў Беларусь


З 1 ліпеня польскіх грамадзянаў вызвалілі ад неабходнасці мець візу пры заездзе ў Беларусь, каб спрыяць «падтрыманню добрасуседскіх адносінаў». Раней Аляксандр Лукашэнка ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання запэўніваў, што каля беларускай мяжы палякі, літоўцы і латышы выпрошваюць соль і грэчку. «Белсат» праверыў рэальную сітуацыю на памежным пераходзе ў Баброўніках.

Указальнік на Баброўнікі ў Мастаўлянах. На заднім плане – умацаваная памежная застава. 6 ліпеня 2022 г.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Добрыя намеры Лукашэнкі

Пасля арганізаванага Менскам міграцыйнага крызісу, арыштаў актывістаў польскай меншасці, закрыцця польскіх школаў у Горадні і Ваўкавыску і ўсіх варожых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас палякаў, пастанову беларускіх уладаў нельга трактаваць інакш як адчайную спробу выратаваць эканамічную сітуацыю.

Калі 1 ліпеня Дзяржаўны памежны камітэт увёў бязвізавы рэжым для палякаў, кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта мусіць спрыяць «падтрыманню добрасуседскіх адносінаў». Аднак казаць пра такія не выпадае, бо ў панядзелак 4 ліпеня былі зруйнаваныя магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках пад Ашмянамі.

«Калі невядома, пра што гаворка…»

Раптоўнае адкрыццё межаў – не што іншае, як спроба выратаваць беларускую эканоміку: рэжым, відаць, разлічвае на невялікае, але ўсё ж уліванне заходніх грошай. Госці з Польшчы (а таксама з Літвы і Латвіі) меліся купляць у беларускіх крамах тавары, якія Беларусь больш не можа экспартаваць; падтрымліваючы Расею ў яе ўварванні ва Украіну, Менск страціў многіх заходніх гандлёвых партнёраў.

Цяжка ўявіць, каб палякі кінуліся купляць беларускую мэблю, тэкстыль ці бытавую тэхніку. Таксама сумнеўна, што ў краіну, з тэрыторыі якой абстрэльваюць Кіеў, будуць стаяць чэргі з турыстаў.

Аднак ёсць тавар, па які, асабліва жыхары памежжа, будуць гатовыя стаяць – гэта паліва. Літр 95-га бензіну ў Беларусі каштуе 2,46 рубля – 4,50 злотых, столькі ж каштуе дызель. Для параўнання, паводле парталу autocentrum.pl, на Падляшшы літр 95-га каштуе 7,73 злотых, а літр дызеля – 7,71 злотых. Запраўляючы ў Беларусі 40-літровы бак легкавіка, можна ашчадзіць амаль 130 злотых.

Тое, што з’явілася цікавасць да «паліўнага турызму», можна ўжо пабачыць у падляскіх групах у сацыяльных сетках.

Пра зацікаўленасць у такіх паездках я спытаў у працаўніцы лясніцтва з Белавежы, адкуль да найбліжэйшай дзейнай аўтамабільнай пераправы ў Баброўніках 90 кіламетраў.

– Сама не планавала, але сябры хочуць ехаць. Людзі перадусім цяпер будуць ездзіць па паліва, – кажа мая суразмоўца.

Мясцовыя жыхары не бачаць у гэтым нічога незвычайнага: для іх такі трансмежны шопінг і бізнес – нешта натуральнае. Каб праверыць, як выглядае рэальная сітуацыя, я паехаў на мяжу.

Баброўнікі: 15 кіламетраў цяжкавікоў

Баброўнікі пасля лістападаўскага штурму мігрантамі памежнага пераходу Кузніца Беластоцкая – Брузгі сталі галоўным пунктам пропуску ў рэгіёне. З Белавежы, адкуль я пачаў маршрут, можна дабрацца добрымі асфальтавымі дарогамі праз Гайнаўку і Нараў, або грунтавымі дарогамі пры самой мяжы. Я абраў апошні варыянт, бо ён дазваляе дабрацца да памежнага пераходу без неабходнасці аб’язджаць вялікую чаргу цяжкавікоў.

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў ягоных родных Мастаўлянах. 6 ліпеня 2022 г.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Дарогу з Ялоўкі праз Дубляны, Мастаўляны і Ганчары мясцовыя жыхары апісвалі як «добрую». Аднак высветлілася, што пасля амаль года бесперапыннай прысутнасці войска шырокая гравійка была цалкам знішчаная цяжкай тэхнікай.

У Мастаўлянах машына ледзь не ўгразла ля помніку Каліноўскаму.

З дарогі добра відаць мяжу – спачатку пяціметровы плот, потым толькі вайсковыя пасты на рацэ Свіслач. Іншаземцы могуць карыстацца гэтай дарогай толькі з 1 ліпеня, калі была скасаваная часовая забарона на прысутнасць у прымежных гарадах. Я – адзіны цывільны на ёй, чым выклікаю цікаўнасць жаўнераў на дзясятках пунктах пропуску. Але ніхто з іх не спыняе мяне для праверкі.

Робіць гэта толькі памежны патруль – 1,5 кіламетра ад памежнага пераходу ў Баброўніках. Супрацоўнікі пытаюцца, адкуль і куды.

– Лепшай дарогі не было? – пытаецца адзін з іх, пачуўшы, што мая мэта – Баброўнікі, а потым – Беласток.

Відаць, ім не падабаецца прысутнасць цывільнага на памежнай дарозе. Міграцыйны крызіс тут не скончыўся і – тэарэтычна – любы незнаёмец можа быць «пастаўляльнікам мігрантаў». Аднак мая прысутнасць тут законная, і пасля доўгага спраўджвання дакументаў я магу ехаць далей. На выездзе пытаюся, што з забаронай набліжацца да мяжы на 200 метраў, дзейнай з 1 ліпеня.

– Тут гэтая забарона не дзеіць: у нас няма плоту, толькі балота і рэчка. Да мяжы забаронена падыходзіць толькі на 15 метраў, – тлумачыць камандзір патруля і зычыць добрага дня.

Плот на польска-беларускай мяжы недалёка ад Ялоўкі. 6 ліпеня 2022 г.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Легкавых аўтамабіляў на пераходзе ў Баброўніках практычна няма, а тыя, што чакаюць, амаль выключна з беларускай рэгістрацыяй. Палякаў, якія просяць соль і грэчку, не відаць.

Спыняюся каля BMW на расейскіх нумарах. Мужчыны, якія ехалі ў машыне, пасля шматгадзіннага чакання на пераездзе мяжы выйшлі адпачыць. Кажуць, для тых, хто захоча паехаць у Беларусь, праблемай будзе вяртанне – польскія памежнікі вельмі марудна прапускаюць машыны, а з беларускага боку чарга не толькі з цяжкавікоў, але і з легкавых аўтаў.

Памежны пераход у Баброўніках. Нешматлікія легкавыя аўтамабілі належаць амаль выключна беларусам. 6 ліпеня 2022 г.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Да размовы далучаецца адзін з дальнабойнікаў, беларус з Падляшша.

– Гэтыя грэчка і соль – цырк на дроце. Ніхто па іх у чэргах не стаяў і стаяць не будзе, бо яны ёсць у нашых крамах. Але людзі будуць ездзіць у Беларусь – па цыгарэты, паліва, па рэчы, якіх у нашых крамах няма, ці якія даражэйшыя. Гэтак жа, як беларусы едуць да нас па будаўнічую хімію. Але рэальны рух будзе толькі ў выходныя, – кажа спадар Мікалай.

Са словаў мужчыны, чэргаў на выезд няма, бо многія патэнцыйныя ахвотнікі яшчэ не ведаюць пра бязвізавы рэжым. Інфармацыя пра гэта распаўсюджваецца павольна, не ўсе яшчэ ўмеюць ім карыстацца, некаторыя баяцца, – дадае ён.

Мінаю чараду цяжкавікоў, што чакаюць памежнага афармлення – яна цягнецца 15 кіламетраў, аж да мосту праз рэчку Супрасль каля Грудка. Раз-пораз мінаю легкавы аўтамабіль, што едзе на ўсход, калі не беларускі, дык тутэйшы. Машынаў, што ехалі б з глыбіні Польшчы ў Беларусь, сапраўды не відаць.

Нешматлікія легкавыя аўтамабілі мінаюць 15-кіламетровую чаргу да мяжы. Большасць з іх мае беларускую рэгістрацыю, астатнія – польскія. Баброўнікі, 6 ліпеня 2022 г.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

У службе навінаў незалежнага беларускага радыё «Рацыя», што працуе з Польшчы, дыктар прыводзіць статыстыку, апублікаваную Дзяржаўным памежным камітэтам: з 1 да 6 ліпеня ў Беларусь на падставе бязвізавага рэжыму заехалі 150 палякаў.

Фактычна ад лукашэнкаўскага «добрасуседства» выйграюць толькі жыхары памежжа.

Пётр Яворскі belsat.eu

Стужка навінаў