Святлана Ціханоўская заклікала праявіць салідарнасць з адважнымі беларускімі жанчынамі


Святлана Ціханоўская абвесціла 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі, «якія сталі не толькі сімвалам, але і рухавіком беларускай рэвалюцыі».

Дата абраная не выпадкова: менавіта 16 ліпеня 2020 года Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай «за 15 хвілін прынялі рашэнне аб’яднаць штабы трох прэзідэнцкіх кампаніяў».

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Разам мы выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду – як і мільёны беларусак. Многія з іх знаходзяцца ў зняволенні ў рэжыму: Марыя Калеснікава, галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава, журналісткі Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева, актывістка Антаніна Канавалава, шматдзетная мама Вольга Залатар. Але ўвесь свет захапляецца імі. Таксама як і захапляецца ўсімі беларускамі, якія ў жніўні пачалі выходзіць у белай вопратцы і з кветкамі – супраць бясконцага гвалту, якому падвергнуліся беларусы», – адзначаецца ў заяве Ціханоўскай.

Яна абвесціла 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі і заклікае праявіць з імі салідарнасць.

Святлана Ціханоўская прапануе некалькі спосабаў праявіць салідарнасць «з адважнымі беларускімі жанчынамі»:

  • выходзіць на пікеты салідарнасці з беларускамі з партрэтамі палітвязняў, патрабаваць правядзення новых выбараў, спынення гвалту і катаванняў;
  • рабіць заявы і прымаць рэзалюцыі ў падтрымку Беларусі, праводзіце мерапрыемствы з удзелам палітыкаў і вядомых дзеячаў;
  • падтрымліваць віртуальныя акцыі салідарнасці: публікаваць відэа, малюнкі, допісы са словамі салідарнасці;
  • пісаць лісты палітзняволеным жанчынам, дапамагаць маці і жонкам палітвязняў;
  • запісваць відэа, зачытваць лісты жанчын у зняволенні;
  • падтрымліваць беларусак праз фонды салідарнасці, якія аказваюць дапамогу палітвязням і іх семʼям.
Артыкулы
Кацярына Андрэева ўпершыню пасля этапавання ў калонію пабачылася з мужам
2021.07.08 11:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў