Чорны дзень «Нашай нівы». Беларускія ўлады спрабуюць высечы незалежныя СМІ пад корань

Чарговай ахвярай зачысткі непажаданых стала, без перабольшання, легендарнае выданне «Наша ніва». У друкаваным выглядзе яно было заснавана падзвіжнікамі нацыянальнай ідэі яшчэ ў 1906 годзе, адзін час газету рэдагаваў знакаміты паэт Янка Купала. Цяперашні калектыў зрабіў «Нашу ніву» папулярным беларускамоўным інтэрнэт-медыя, піша для vot-tak.tv Аляксандр Класкоўскі.

Сайт «Нашай нівы» заблакаваны (маўляў, у сувязі з размяшчэннем забароненай інфармацыі), а чацвёра супрацоўнікаў, улучна з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам, апынуліся за кратамі. У офісе рэдакцыі і дома ў шэрагу супрацоўнікаў прайшлі ператрусы.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пасля ператрусу ў кватэры.
Фота: «Белсат»

Пакуль не зусім ясна, ў якім менавіта крымінале спрабуюць абвінаваціць гэтых людзей. Зыходзячы з дадзеных праваабаронцаў, некаторых затрыманых падазраюць у межах крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Акрамя таго, сілавікі наляцелі ў рэдакцыі шэрагу рэгіянальных СМІ: Intex-press (Баранавічы), orsha.eu (Орша), «Медиа-Полесье» (Пінск), «Брестская газета». У рэгіёнах таксама ёсць затрыманыя. Учора незалежных журналістаў у розных месцах краіны працягвалі «трэсці».

ЛУКАШЭНКА: ЗАСТАЛІСЯ ТОЛЬКІ ВОРАГІ

Пры гэтым КДБ заяўляе, што ў Беларусі «ажыццяўляецца шырокамаштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў». Ці мае гэта адносіны да журналістаў, якія трапілі цяпер пад раздачу, не зусім ясна. Але тое, што ўлады ў прынцыпе яшчэ са жніўня мінулага года, калі ўспыхнулі наймагутныя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, вядуць мэтанакіраваную маштабную зачыстку медыясектара, больш чым відавочна.

З самага пачатку кіроўныя вярхі сталі трактаваць гэтыя пратэсты як гібрыдную вайну падступнага Захаду, адкідаючы ўнутраныя прычыны грамадскай незадаволенасці. Усе нязгодныя з палітыкай рэжыму ў гэтай трактоўцы разглядаюцца як «пятая калона», памагатыя знешняга ворага. У гэты разрад трапілі і незалежныя СМІ, якія даюць карціну падзей, якая супярэчыць наратывам дзяржаўнай прапаганды.

Жанчына з нумарам газеты «Народная Воля» на маршы пенсіянераў. 2 лістапада 2020.
Фота: ТК / Белсат

Узмацненне заходніх санкцый злуе ўлады, а паколькі Захад асабліва не ўкусіш, эмоцыі спаганяюцца на тых, каго лёгка дастаць дубінай. Некаторы час таму міністр замежных спраў Уладзімір Макей адкрытым тэкстам заявіў: калі санкцыі будуць узмацняцца, грамадзянская супольнасць, пра якую так клапоцяцца еўрапейцы, перастане існаваць.

У катэгорыях вайны раз за разам выбудоўвае свае прамовы Аляксандр Лукашэнка, які ўсюды бачыць змовы. На днях ён заявіў: «Ужо, напэўна, няма аблудных, падманутых у краіне, якія б не пераканаліся, у сапраўднасці што адбывалася ўчора і адбываецца сёння. Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта не так, гэта іншае».

Тут ключавое — «засталіся толькі ворагі». Пры гэтым рэжым вызнае максіму, што, калі вораг не здаецца, яго знішчаюць. Пасля выбараў-2020 ўлады адабралі магчымасць друкавацца ў «Народнай Волі» і ў іншых непаслухмяных газет, заблакавалі дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў (прычым метадычна і блакуюць іх люстэркі). Потым пайшлі арышты. На вечар 8 ліпеня, паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі знаходзілася ўжо 32 прадстаўнікі медыясупольнасці.

У прыватнасці, па два гады калоніі атрымалі за стрым з пратэстнай акцыі супрацоўніцы тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Па сутнасці, яны і іншыя журналісты жорстка караюцца за выкананне прафесійных абавязкаў. У сённяшняй Беларусі ў гэтым плане самы час гаварыць аб забароне на прафесію. Таму што вакханалія, якую ўчыняюць прапагандысты ў дзяржСМІ, – гэта ўжо зусім іншае рамяство.

Шокам для грамадства стаў разгром у траўні найбуйнейшага парталу TUT.by з арыштам паўтара дзясятка супрацоўнікаў. На днях улады закрылі карпункт «Еўрарадыё». Цяпер вось прыйшла чарга «Нашай нівы».

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў падчас працы на пратэстнай акцыі. 1 верасня 2020.
Фота: ТК / Белсат

Рэшткі ж незалежных СМІ абкладзеныя, як чырвонымі сцяжкамі, драконаўскімі законамі. Па сутнасці, уведзена забарона на онлайны з несанкцыянаваных акцый, публікацыю звестак незалежнай сацыялогіі. Стаў больш жорсткім крымінальны артыкул «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», пры жаданні пад яго можна падвесці любую публікацыю, якая супраць поўсці вярхам. Для крытыкаў цяперашніх парадкаў вялікая рызыка трапіць пад артыкул аб распальванні сацыяльнай варожасці, абвінавачванне ў экстрэмізме (гэта цяпер наогул універсальнае кляймо).

Больш за тое, ўвесь кантэнт TUT.by хочуць прызнаць экстрэмісцкім. Гэта ўжо той выпадак, калі Оруэл нервова паліць у баку. У ягонай антыўтопіі толькі падпраўлялі гісторыю, а тут хочуць проста выкінуць 20-гадовы пласт гісторыі Беларусі, зафіксаванай у матэрыялах парталу.

ЖУРНАЛІСТЫКА СТАЛА «РАССТРЭЛЬНАЙ» ПРАФЕСІЯЙ

Хоць рэжым Лукашэнкі ніколі не любіў незалежную прэсу, да пары да часу нейкія правілы гульні, хай і дыскрымінацыйныя, у асноўным выконваліся. Ходкім было меркаванне, што ў цэнтры Еўропы Паўночную Карэю не пабудуеш. Але цяпер беларускія ўлады шырокім крокам рушылі менавіта ў той бок. І відавочна ўзялі за ўзор кітайскі вопыт блакавання іншадумства, асабліва ў Інтэрнэце. У барацьбе супраць свабоды меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі афіцыйны Менск відавочна адкінуў усе ўмоўнасці, вырашыў, што ў плане іміджу губляць ужо няма чаго.

Так, улады дзейнічаюць груба. Але, па-першае, інакш яны проста не ўмеюць. А па-другое, брутальныя рэпрэсіі (ужо больш за паўтысячы палітычных зняволеных) як-ніяк дазволілі здушыць пратэсты, якія доўжыліся некалькі месяцаў. Гэта значыць, па логіцы беларускага начальства, гэта працуе. Супраць лому няма прыёму. А тут, дарэчы, ужо практычна на носе гадавіна пратэстаў. Да гэтага часу уладам пажадана скончыць татальную зачыстку.

9 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Горадні прайшло пасяджэнне па прызнанні Telegram-канала Hrodna.life экстрэмісцкім. На фота галоўны рэдактар сайта Hrodna.life Аляксей Шота.
Фота: МК / Белсат

Акрамя таго, да 1 жніўня канстытуцыйная камісія павінна пакласці на стол Лукашэнку праект новага асноўнага закона. Потым, па ідэі, варта арганізаваць яго ўсенароднае абмеркаванне. Натуральна, улады хацелі б, кажучы футбольнай мовай, згуляць у адну брамку. Каб чуўся ўсеагульны ўхвальны голас. І з гэтага пункту гледжання таксама мэтазгодна дадушыць непажаданыя медыя.

А потым жа мае быць яшчэ і рэферэндум па новай канстытуцыі. Яго паабяцана правесці ў пачатку наступнага года. Раней меркавалася сумясціць гэты плебісцыт з мясцовымі выбарамі, дэдлайн якіх – у студзені 2022-га. Але цяпер улады на падставе ўвядзення адзінага дня галасавання хочуць перакінуць мясцовыя выбары ажно на 2023 год.

Да таго ж на будучую восень паабяцана падпісанне пакета саюзных праграм – былых дарожных карт паглыблення інтэграцыі. Спроба аформіць «паглыбленую інтэграцыю» у 2019 годзе выклікала ў Менску пратэсты супраць пагрозы страціць незалежнасць. Цяпер беларускім уладам напэўна хацелася б аформіць «дубль два» без такога кшталту эксцэсаў.

Увогуле, наверсе хоць і трубяць аб поўным разгроме «пятай калоны», аднак відавочна баяцца дадатковых трыгераў палітычнай актыўнасці. Рэферэндум адсякаюць ад мясцовых выбараў і, трэба думаць, таксама паспрабуюць правесці ў адну брамку. І кіруючым вярхам вельмі важна, каб пры гэтым не каламуцілі ваду рэшткі недзяржаўных СМІ.

Так што іх дабіванне выглядае з пункту гледжання рэжыму вельмі лагічным працэсам. Незалежныя беларускія журналісты, якія не хочуць хавацца пад плінтус, сыходзіць з прафесіі, сёння працягваюць працаваць з адчаем асуджаных.

ЗАСТАЕЦЦА ТЭЛЕГРАМ, ЯКІ НЕ ЗАБ’ЕШ

Якімі могуць быць наступствы бязлітаснага знішчэння незалежных СМІ? Частка іх аўдыторыі пяройдзе на расейскія рэсурсы. Гэта працэс, небяспечны для лёсу беларускай незалежнасці. Наогул цяперашні беларускі крызіс шырока адчыняе вароты для экспансіі расейскай вялікадзяржаўнай прапаганды.

Пратэстна настроеная беларуская публіка ўсё роўна не палюбіць прапагандысцкія дзяржаўныя СМІ — як расейскія, так і мясцовыя. Яна будзе шукаць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі і, хутчэй за ўсё, мацней сядзе на апазіцыйныя палітычныя тэлеграм-каналы. А там стыль куды больш жорсткі ў адносінах да рэжыму. Пры гэтым часам таксама зашкальвае прапаганда, толькі са зваротным знакам, не заўсёды на вышыні фактчэкінг.

Іншымі словамі, улады, знішчаючы прафесійную незалежную журналістыку, якая старалася трымацца стандартаў падачы матэрыялу, штурхаюць аўдыторыю да спажывання больш радыкальнага кантэнту.

На пярэднім плане журналісткі TUT.BY Вольга Лойка, Марына Золатава (затрыманыя ў межах крымінальнай справы). На заднім плане журналістка TUT.BY Адар’я Гуштын і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч (затрыманы). Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Зрэшты, і тыя журналісцкія калектывы, якія падвергліся разгрому, не здаюцца. 8 ліпеня запрацавала люстэрка TUT.by на размешчаным за мяжой сэрверы. Не выключана, што падобным шляхам пойдзе і «Наша Ніва». Акрамя таго, незалежныя медыя пераносяць працу ў сацыяльныя сеткі, месенджары – перш за ўсё ў тэлеграм, які не заб’еш.

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка адразу ўзяў пад жорсткі кантроль тэлебачанне, потым была амаль разгромленая недзяржаўная друкаваная прэса. Але незалежная беларуская журналістыка даволі паспяхова перавандравала ў Інтэрнэт. Пасля выбараў-2020 рэжым стаў касякамі блакаваць непажаданыя сайты. Аднак беларусы хутка асвоілі VPN, а рэдакцыі сталі размяшчаць кантэнт на новых платформах.

Так што гэтае спаборніцтва шчыта і мяча працягваецца, і ў барацьбе з тэхналогіямі рэжым заўсёды будзе адставаць. Іншая справа, што гэта не чыста тэхнічны працэс. У вайне супраць свабоды слова ламаюцца лёсу, выдатныя, інтэлігентныя і сумленныя людзі ідуць у турму. Беларусы працягваюць плаціць каласальную цану за сваю мару аб свабоднай краіне.

Артыкулы
Запужаць і катаваць. Чаму падчас зачысткі ад КДБ зʼявіўся артыкул пра тэрарызм
2021.07.09 17:10

Аляксандр Класкоўскі/АА для vot-tak.tv

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў