Афганістан: як краіна на 40 год звалілася ў прорву грамадзянскай вайны


Ісламісцкі рух Талібан захоплівае новыя тэрыторыі ў Афганістане па меры вываду з краіны міжнароднага вайсковага кантынгенту, і афганскія сілы бяспекі пакуль не пачалі эфектыўна супрацьстаяць ісламістам.

Афганскі жаўнер на базе Баграм пасля таго, як яе пакінулі жаўнеры NATO, 2 ліпеня 2021 г. Крыніца: ZAKERIA HASHIMI, AFP VIA GETTY IMAGES/TNS

Такім чынам Афганістан застаецца тэрыторыяй, на якой ужо дзесяцігоддзямі працягваецца грамадзянская вайна, а эфектыўную дзяржаўнасць аднавіць не атрымліваецца. Як краіна трапіла ў гэтую пастку, і чаму ніяк не можа вырвацца з яе?

Манархія, у якой не атрымаліся рэформы

Афганістан доўгі час быў нечым кшталту нейтральнай тэрыторыі паміж зонамі расейскага і брытанскага каланіяльнага ўплыву ў Азіі. Дзяржаўным ладам была абсалютная манархія, адзіным абмежаваннем улады манархаў унутры этнічна разнастайнай краіны пры гэтым былі інтарэсы шматлікіх плямёнаў.

Першы кароль незалежнага Афганістана – Аманула І. Крыніца: wikipedia.org

Такім чынам, Афганістан знаходзіўся пад знешнім пратэктаратам, аднак у 1919 годзе пасля вайны з Брытаніяй выйшаў з пад яго – першы кароль Афганістана Аманула І абвесціў сваю краіну цалкам незалежнай суверэннай дзяржавай. Кароль паспрабаваў правесці шырокія і рашучыя рэформы – увёў усеагульную абавязковую адукацыю, адмяніў нявольніцтва, аднак сустрэўся з узброеным супрацівам і адрокся ад трону ў 1929 годзе.

Наступны кароль Мухамед Надзір Шах адмяніў многія рэформы папярэдніка і паспрабаваў праводзіць мадэрнізацыю менш хуткімі тэмпамі – аднак быў забіты прыхільнікам папярэдняга манарха. Каралём стаў 19-гадовы сын Надзір Шаха – Захір Шах.

Крах манархіі і крах легітымнасці

Захір Шах кіраваў краінай з 1933 па 1973 год, праводзіў рэформы – нават змяніў дзяржаўны лад з абсалютнай манархіі на канстытуцыйную. Канстытуцыя гарантавала вольныя выбары, правы чалавека, усеагульнае выбарчае права, быў уведзены парламент. І гэта быў самы мірны перыяд у гісторыі краіны.

Кароль Захір Шах у 1963 годзе. Крыніца: wikipedia.org

Аднак змены прывялі да моцнага ідэйнага расколу ў грамадстве, традыцыі мірнай дыскусіі ў якім не паспелі сфармавацца – зʼявіліся як прыхільнікі рэспубліканскага ладу, пераважна сярод адукаваных афіцэраў і бюракратаў, гэтак і радыкальныя ісламісты, якія не хацелі ніякіх пераменаў.

У той час, як кароль быў у Еўропе, ягоны стрыечны брат Мухамед Даўд Хан арганізаваў путч, у выніку якога стаў першым прэзідэнтам Афганскай рэспублікі. Гэтая падзея стала канцом існавання дзяржаўнасці, якая імкнулася да рэформаў, але пры гэтым мела і традыцыйную манархічную легітымнасць.

«Чырвоны прынц», якога забілі чырвоныя

Даўд Хан меў мянушку «Чырвоны Прынц» за прасавецкія сімпатыі і адмяніў канстытуцыю і падзел уладаў. Фактычна ў краіне пачала стварацца аўтарытарная аднапартыйная сістэма. СССР стаў ключавым эканамічным і ваенным партнёрам Афганістана. Уплыў СССР у краіне рабіўся ўсё больш моцным – савецкія агенты і дыпламаты актыўна ўдзельнічалі ва ўнутранай афганскай палітыцы.

Праз некалькі год пасля заўважнага ўхілу ў бок СССР Даўд Хан спрабаваў выправіць сітуацыю праз змяншэнне савецкага ўплыву ў краіне. Але было запозна. У 1978 годзе Даўд Хан і большасць ягонай сямʼі былі забітыя сябрамі пракамуністычнай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) пры падтрымцы КДБ СССР.

Жаўнеры каля прэзідэнцкага палацу на наступны дзень пасля перавароту. Фота Cleric77

Прэзідэнцкі палац штурмавалі танкамі пры падтрымцы баявой авіяцыі. Па некаторых звестках загінула да 2.000 чалавек.

Пераварот за пераваротам

Камуністы, якія захапілі ўладу ў краіне праз крывавы путч, адразу разгарнулі жорсткія рэпрэсіі супраць любой апазіцыі, а таксама пачалі грызню паміж сабою. Чарговыя непапулярныя рэформы выклікалі гвалтоўныя акцыі супраціву то ў адной частцы Афганістана, то ў іншай. Паступова пачыналася партызанская вайна супраць камуністычнай дыктатуры.

У верасні 1979 года кіраўніка НДПА Нур Мухамеда Таракі, якога партыйная прэса ўжо абвесціла «Вялікім лідарам і настаўнікам» забіў іншы камуніст – Хафізула Амін. Новы кіраўнік паспрабаваў змякчыць рэпрэсіі, трохі выйсці з-пад кантролю СССР. І хутка СССР паставіў на іншага чалавека – Бабрака Кармаля.

Палац, у якім быў забіты Амін адразу пасля штурму. Фота савецкага жаўнера Андрэя Абрамава

Спачатку КДБ паспрабаваў атруціць Аміна, аднак Амін выжыў, таму было вырашана ўзяць ягоны палац штурмам – 27 снежня 1979 года адбылася аперацыя «Шторм-333», падчас якой былі задзейнічаныя спецыяльныя падраздзяленні КДБ СССР, Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштабу СССР і савецкія дэсантнікі са 105-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Амін і ягоныя два сыны, каля 200 афганскіх жаўнераў і афіцэраў былі забітыя.

Ад вайны вызваленчай да вайны грамадзянскай і вайны антытэрарыстычнай

Адначасова з чарговым путчам было вырашана ўвесці ў Афганістан савецкія войскі. Дзясяткі тысячаў савецкіх жаўнераў пайшлі ў Афганістан – на піку іхная колькасць у краіне даходзіла да 115 000 чалавек. Аднак перамагчы масавы партызанскі супраціў не атрымлівалася. Кармаля замянілі на Мухамеда Наджыбулу, але прынцыпова сітуацыя не змянілася.

Праз Афганістан прайшло каля 600 000 савецкіх жаўнераў і афіцэраў, з іх каля 30 000 беларусаў. Больш за 1,5 тысячы беларусаў былі параненыя, 702 вярнуліся дамоў з інваліднасцю, 723 – загінулі, 12 – прапалі без звестак. Усяго ў Афганістане загінула каля 14 500 савецкіх жаўнераў.

Савецкі жаўнер у Афганістане.
Фота: А. Соломонов / РИА Новости

У 1989 годзе савецкія войскі выйшлі з Афганістана, а ў 1992 годзе афганскія партызаны захапілі Кабул. Аднак, грамадзянская вайна толькі пачыналася – спачатку паміж рознымі групоўкамі партызанаў, якіх падтрымлівалі розныя ісламскія краіны.

Адсутнасць выразнага афганскага нацыяналізму, міжэтнічныя і міжканфесійныя супярэчнасці дазвалялі замежным сілам маніпуляваць мясцовымі групоўкамі, якія не змаглі абʼяднацца. У 1996 годзе ўладу ў асноўнай частцы краіны захапіў Талібан – радыкальны ісламісцкі рух, які ў большасці краінаў лічыцца тэрарыстычным. За час войнаў мільёны афганцаў загінулі, каля 10 мільёнаў збеглі ад гвалту ў больш спакойныя краіны.

Выбух пасля таго, як захоплены ісламістамі самалёт тараніў вежу Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку.
Фота: https://www.flickr.com/people/themachinestops/

Тэракты ў ЗША 11 верасня 2001 года, якія з тэрыторыі Афганістана арганізавала групоўка Аль-Каіда, прывялі да міжнароднай інтэрвенцыі ў Афганістан і спробаў стварыць тут новую дэмакратычную дзяржаву. Нават спрабавалі запрасіць яшчэ жывога Захір Шаха – стары кароль падтрымаў новы ўрад Афганістана, прысутнічаў на інаўгурацыі новага абранага прэзідэнта і быў пахаваны ў афганскай зямлі ў 2007 годзе.

Жаўнеры новай афганскай арміі патрулююць горы, 2010 год.
Фота: The U.S. Army

Аднак вайна ў Афганістане з ісламістамі працягваецца ўжо 20 год, і вяртанне замежных войскаў дамоў можа азначаць новы крах афганскай дзяржаўнасці, асноўнай слабасцю якой застаюцца слабасць легітымнасці палітычных уладаў, адсутнасць нацыянальнага адзінства, палітычнай культуры негвалтоўнага дыялогу і адукацыйна-культурная прорва паміж рознымі часткамі насельніцтва.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў