Адміністратар «Лиды для жизни»: Расейскія сілавікі не разумелі ўзровень жорсткасці беларускіх калег

Палітычны ўцякач Мікалай Давідчык. Скрыншот

Адміністратара тэлеграм-чату «Лида для жизни» Мікалая Давідчыка затрымалі расейскія сілавікі 17 сакавіка па патрабаванні пракуратуры Беларусі. На радзіме яго абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК) і патрабавалі экстрадыцыі. 18 сакавіка Давідчыку абралі меру стрымання і адправілі ў СІЗА.

Ён распавёў «Белсату», як да яго дацягнуліся беларускія сілавікі праз сваіх расейскіх калег:

«Калі нашы (беларускія сілавікі) ведаюць, дзе знаходзіцца беларус у Расеі, яны дасылаюць запыт у ФСБ і тыя без асаблівага клопату ловяць чалавека. Калі мяне злавілі на вуліцы, а тады не было такога брутальнага затрымання, як нашы праводзілі, тады была далікатная камунікацыя. Спачатку яны да мяне так сур’ёзна ставіліся, я быў для іх радыкальна-тэрарыстычна настроены. А падчас размовы яны ўжо пачынаюць разумець, што я звычайны чалавек», – ўзгадвае Давідчык.

Ён распавёў, што расейцы нават жартавалі з Мікалаем, прапаноўвалі яго паздымаць на фоне герба ў беларускай традыцыі відэа, якія робяць сілавікі.

«Чырвонай ніткай праз усю маю камунікацыю з расейскімі сілавікамі праходзіла тое, што яны не разумелі той узровень жорсткасці, які чынілі іх беларускія калегі. Калі раней расейская прапаганда выкарыстоўвала «Хочаце як ва Украіне?», то пужалі пераваротам.

А я ў некалькіх чалавек, у паліцэйскага, у супрацоўнікаў турмы чуў «Што, хочаце як у Беларусі?», – адзначыў Давідчык.

Нягледзячы на так бы мовіць прыязнае стаўленне сілавікоў у Расеі Давідчыку выпала правесці паўтара месяца за кратамі.

«Паводле дамовы 93-га году Расея і Беларусь мусяць аддаваць адзін аднаму людзей, якія абвешчаныя ў вышук. Але мне сама пракурор казала, што яна мае на думцы адпусціць мяне пад хатні арышт ці прысудзіць штраф. Але потым прыйшоў супрацоўнік паліцыі і сказаў, што па запыту пракуратуры Беларусі адпускаць ні ў якім разе нельга», – распавёў палітычны ўцякач.

Ён узгадаў, што рыхтаваўся да такога ж жаху, як і ў беларускіх ІЧУ, але ў камеры меў матрац, чыстую бялізну і адэкватнае стаўленне супрацоўнікаў МУС. Пасля вызвалення Мікалай вырашыў бегчы з Расеі.

«Мне паведамілі людзі, у якіх былі звязныя сярод сілавікоў Беларусі, што трэба тэрмінова з’яджаць, бо з мяне не злезуць», – падзяліўся ўцякач.

Зараз ён знаходзіцца ў Польшчы і ў бяспецы і працягвае сваю дзейнасць:

«Я разумею, што на радзіму мне дарогі няма, пакуль мы не прыбярэм рэжым. Я хоць і пражыў 19 гадоў у Расеі, але заўжды меў жаданне вярнуцца ў родную Беларусь».

Генпракуратура Расеі адмовілася экстрадаваць беларуса, які адміністраваў чат «Лида для жизни»

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны