«Гэта наш сігнал свету, што Беларусь не Расея»: беларусам прапануюць выказацца за еўрапейскі выбар


У інтэрнэце з’явілася петыцыя, якая прапаноўвае беларусам сабраць мільён подпісаў за ўступленне ў Еўразвяз. Яна будзе накіраваная ў інстытуты ЕЗ «як выказванне волі беларусаў аб далучэнні да еўрапейскай сям’і».

Стыхійная акцыя пратэсту перад амбасадай Расеі ў польскай сталіцы. Сотні чалавек выказваюць салідарнасць з Украінай. Варшава, Польшча. 24 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / «Белсат»

«Галасы беларусаў на карысць еўрапейскага выбару дапамогуць утрымліваць міжнародную ўвагу да нашай краіны – ад дапамогі палітычным зняволеным да ўключэння беларусаў у размову аб еўрапейскай інтэграцыі. Гэта наш шанец заявіць аб сваім еўрапейскім выбары, аб тым, што беларусы не змірыліся з прыгнечаннем мірнага пратэсту, расейскай акупацыяй і навязаным удзелам у вайне з Украінай», – кажуць стваральнікі петыцыі.

Што гэта за петыцыя, і ці сапраўды яна актуальная цяпер? Пра гэта мы паразмаўлялі з ініцыятаркай збору подпісаў, актывісткай Вольгай Павук.

«Ідэя стварыць такую петыцыю паўстала на Форуме Каліноўскага ў Вільні ў сакавіку. Уся тэматыка мерапрыемства павінна была тычыцца Беларусі, але пачалася вайна ва Украіне і беларуская тэма была адціснутая на другі план. Мы паразмаўлялі пра тое, што ў такіх умовах можам зрабіць для Беларусі, каб яна не згубілася з інфармацыйнага парадку дня. Вайна востра паставіла пытанне аб тым, на чыім баку беларусы. Лукашэнка і ягоныя дзеянні ў дачыненні Украіны вельмі адмоўна адбіваюцца на беларускай рэпутацыі. Нашая краіна цяпер пад акупацыяй, і мы не маем ніякіх рэсурсаў і інструментаў адстойваць сваю незалежнасць ад Расеі», – кажа Вольга.

Паводле яе, петыцыя паўстала як самы просты спосаб паказаць, што беларусы да сённяшняга дня супрацьстаяць крамлёўскай акупацыі, выступаюць супраць вайны і не падтрымліваюць дзеянняў Лукашэнкі.

«Пра гэта могуць казаць дэмакратычныя лідары, але гэта толькі некалькі галасоў. Саміх беларусаў не чуваць. І было незразумела, як паказаць, што вялікая колькасць беларусаў супраць сённяшняй сітуацыі. Петыцыя – вельмі добры спосаб для гэтага. Трэба проста націснуць гузік, каб паказаць, што ты супраць расейскай акупацыі», – адзначае нашая суразмоўца.

Вольга Павук.
Фота: LRT

Петыцыю запусцілі без асаблівага рыхтавання.

«Часу больш няма. 23–24 чэрвеня на саміце ЕЗ будзе разглядацца наданне Украіне, Грузіі, Малдове статусу краінаў – кандыдатаў на ўступленне ў Еўразвяз. У іх ёсць дзяржаўныя органы, якія займаюцца такімі справамі. У Беларусі такіх органаў няма. Толькі самі беларусы могуць паклапаціцца пра гэтае пытанне, каб Беларусь не засталася белай плямай на мапе, краінай, выключанай з працэсаў еўраінтэграцыі.

Мы не з’ехалі з глузду, мы цудоўна разумеем, што Беларусь не можа ўступіць у ЕЗ, што гэта доўгі і складаны працэс, і пакуль Лукашэнка ва ўладзе, гэта немагчыма. Але гэта наш першы крок, каб заявіць пра намер. Гэта наш сігнал свету, што Беларусь – гэта не Расея, што мы падтрымліваем еўрапейскія, чалавечыя каштоўнасці. Мы хочам аддзяліцца ад дзяржавы, якой кіруе Лукашэнка, стаць народам Беларусі, які падтрымлівае здаровы сэнс і супраць дыктатуры», – падкрэслівае Вольга.

Фармат ананімнай петыцыі выбраны невыпадкова: гэта важна, каб беларусы ўнутры краіны маглі выказаць сваю пазіцыю супраць дыктатуры.

«Мы не хочам, каб хтосьці праз гэта падставіўся. Гэта не юрыдычны працэс, а палітычная заява, палітычны маніфест. Я параўноўваю гэта з маршамі 2020 года, людзі выходзяць – і мы бачым, што іх 500 тысяч. Тое самае мы хочам зрабіць з петыцыяй, толькі ісці нікуды не трэба, трэба проста папрысутнічаць як лічба. Мы хочам паказаць, што нас, беларусаў, не стала меней», – кажа Вольга.

Цяпер стваральнікі петыцыі вядуць перамовы з платформай «Голас», каб размясціць яе там, бо сайт change.org адкрываецца ў Беларусі толькі праз VPN, таму далёка не ўсе могуць пакінуць свой подпіс.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарам ЕЗ у Беларусі Дыркам Шубэлем. Вільня, Літва. 6 красавіка 2022 года.
Фота: «Белсат»

«Хачу адзначыць, што нашая ініцыятыва мае падтрыманне з еўрапейскага боку. На Форуме Каліноўскага прысутнічалі еўрапарламентарыі, дэпутаты літоўскага сейму, на нашыя мерапрыемствы прыходзілі прадстаўнікі польскай амбасады – мы маем іх падтрыманне. Еўропа чакае ад беларусаў ініцыятывы, хоча пачуць нашыя галасы. Беларусь хочуць бачыць як дэмакратычную краіну, як добрага суседа, які не нясе ніякіх праблемаў. Літоўскія і польскія дэпутаты гатовыя несці такі парадак дня далей, і трэба, каб у іх быў аргумент для гэтага, напрыклад, петыцыя, падпісаная вялікай колькасцю беларусаў. Гэта наш аргумент для дыялогу з Захадам», – распавядае нашая суразмоўца.

Стварэнне петыцыі – нізавая ініцыятыва. Ідэю падтрымалі офіс Святланы Ціханоўскай, партыя «Народная грамада», Партыя БНФ, Уладзімір Някляеў, Рада БНР і іншыя.

«Мы знайшлі аднадумцаў у сваіх колах, але цяпер вельмі трэба шмат працаваць, каб беларусы разумелі неабходнасць гэтага шляху. Калі мы не здолеем гэтага зрабіць, гэта будзе правал, які будзе нам адгукацца яшчэ вельмі доўга. Мы не хочам, каб беларусы ў вачах Еўропы былі прарасейскімі, бо Расея сёння – гэта вайна. Таму заклікаем беларусаў ставіць свае подпісы, распаўсюджваць петыцыю праз свае бяспечныя каналы», – падсумавала Вольга Павук.

Ці сапраўды беларусаў цяпер успрымаюць негатыўна, і ці мае сэнс такая петыцыя?

Сацыялагічныя даследаванні даюць падставы меркаваць, што петыцыя своечасовая. Стаўленне да беларусаў пагоршылася – нашыя суайчыннікі маюць складанасці з візамі ў еўрапейскія краіны, а сярод украінцаў мы наогул значна страцілі давер.

Аналітыка
Куды турыстам ісці па візу? Падсумавалі магчымасці атрымання шэнгену катэгорыі С
2022.06.09 12:50

Украінская сацыялагічная група «Рэйтынг» 27 красавіка правяла агульнанацыянальнае апытанне, каб вывучыць ідэалагічныя маркеры ўкраінцаў падчас вайны. У гэтым даследаванні ёсць пытанне і пра стаўленне да беларусаў. Было апытана 1000 чалавек па ўсёй Украіне, акрамя акупаваных тэрыторыяў, ва ўзросце ад 18 гадоў.

Згодна з вынікам, да беларусаў украінцы ставяцца больш цёпла, чым да расейцаў, але за час вайны давер быў прыкметна страчаны.

Сцяг Беларусі і Еўразвязу.
Фота: tv8.md

Да беларусаў пазітыўна ставяцца толькі 22 % апытаных (паказнік за травень 2018 года – 73 %, красавік 2021 года – 67 %). То бок за апошні год стаўленне да беларусаў пагоршылася на траціну. Негатыўна да беларусаў ставяцца 33 % рэспандэнтаў (у красавіку 2021 года гэтая лічба была 4 %), нейтральна – 42 % (было 27 %).Пры гэтым прарасейскі выбар беларусаў далёка не адназначны.

Унутры краіны сацыялагічныя даследаванні немагчымыя, але згодна з вынікамі інтэрнэт-апытання брытанскага цэнтру «Chatham House» адносна геапалітычнага выбару Беларусі, якое было праведзенае яшчэ да вайны, напрыканцы 2021 года, 39 % беларусаў выказваліся за саюз адначасова з Расеяй і ЕЗ. У апошнім, сакавіцкім даследаванні яго аўтары не цікавіліся геапалітычнымі схільнасцямі беларусаў – яно датычыла вайны ва Украіне. Згодна з ім амаль 70 % удзельнікаў апытання выказваліся супраць таго, каб з тэрыторыі Беларусі вяліся баявыя дзеянні, а 52 % не падтрымлівалі прысутнасці расейскіх войскаў у нашай краіне.

Аналітыка
«Chatham House»: Беларусы не лічаць гэтай вайны сваёй
2022.03.24 16:08

 

Артыкулы
Канфлікт нарастае. «Chatham House» прэзентаваў даследаванне пра сацыяльную напружанасць у Беларусі
2022.01.20 15:36
Стужка навінаў