«Будзем шукаць іншыя магчымасці». Генпракуратура патрабуе пазбавіць незалежныя прафсаюзы рэгістрацыі


Рэжым у Беларусі пастанавіў канчаткова ліквідаваць незалежны прафсаюзны рух, пакінуўшы замест яго толькі афіцыйную Федэрацыю прафсаюзаў. Нагодай для ліквідацыі стаў іх нібыта «палітызаваны характар».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: praca-by.info

Генеральны пракурор Беларусі Алег Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу металістаў, Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, а таксама асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП).

«З 2020 года дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь набыла палітызаваны характар», – заявілі ў Генпракуратуры.

«Замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўнікі і чальцы гэтых арганізацыяў бралі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу», – гаворыцца ў заяве ведамства.

«Ліквідуюць абсалютна ўсіх»

У каментары «Белсату» сябра рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Дзяніс Садоўскі адзначыў, што ліквідуюцца ўсе чатыры незалежныя прафсаюзы разам з БКДП, які аб’ядноўвае іх.

«Ліквідуюць абсалютна ўсіх», – заявіў прадстаўнік незалежнага прафсаюзнага руху.

Ён адзначыў, што пра ліквідацыю прафсаюзы даведаліся з медыяў, ніхто іх пра рашэнне Генпракуратуры не інфармаваў.

«19 красавіка, калі былі праведзеныя ператрусы і арышты лідараў, ужо тады было зразумела, што ўлады вырашылі закрыць пытанне з прафсаюзамі. І сённяшняе рашэнне Генпракуратуры – гэта чарговы этап у юрыдычным знішчэнні прафсаюзаў», – заявіў Садоўскі.

Але пры гэтым ён заклікаў усё ж дачакацца рашэння Вярхоўнага Суда адносна ліквідацыі, хоць «хутчэй за ўсё яно так і будзе». «Пакуль мы застаемся юрыдычна зарэгістраванымі і працягваем сваю дзейнасць. Калі ж прафсаюзы будуць усё ж ліквідаваныя, то, на жаль, дзейнасць непасрэдна прафсаюзаў на прадпрыемствах нам праводзіць ніхто не дасць. Будзем шукаць іншыя магчымасці і фарматы працы», – заявіў сябра рады БКДП.

Дзяніс Садоўскі.
Фота: Белсат

Што датычыць Міжнароднай арганізацыі працы, то яна, паводле суразмоўцы, «зробіць усё магчымае, каб прафсаюзы не былі ліквідаваныя», але яе інструментарый у Беларусі абмежаваны.

ФПБ працаўнікоў не абароніць

Пры гэтым у Генпракуратуры забыліся пра «палітызаваны характар» дзейнасці афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў. Яе чальцы рэгулярна і масава высоўвалі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Гэтак, на апошніх выбарах 2020 года прадстаўнікі ФПБ былі самай масавай катэгорыяй сярод удзельнікаў выбарчых камісіяў, а кіраўнік аб’яднання Міхаіл Орда нават узначальваў перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі.

«Афіцыйныя прафсаюзы як да 2020 года, а асабліва пасля – гэта дадатковы кантрольны і нават карны орган на прадпрыемствах, які сочыць за працаўнікамі», – заявіў Садоўскі.

Ён адзначыў, што часцяком кіраўнікамі афіцыйных прафсаюзаў ёсць прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў, на якіх яны створаныя, што ёсць «абсалютным нонсэнсам». Таму, на думку Дзяніса Садоўскага, нават не даводзіцца казаць, што дзяржаўныя прафсаюзы ўвогуле ёсць той арганізацыяй, што бароніць інтарэсы працоўных.

Аб’ектыў
Некаторых затрымлівалі з кувалдамі і са шчытамі. У Беларусі – новая хваля рэпрэсіяў
2022.04.20 23:17
  • 19–21 красавіка былі затрыманыя 19 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Гэта кіраўніцтва і працаўнікі офісу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама лідары і актывісты Свабоднага прафсаюзу металістаў, Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.
  • Ператрусы прайшлі ў Менску і Полацку. Сярод затрыманых маладыя і сталыя людзі, маці малых дзяцей. Забралі тэхніку, дакументы.
  • У траўні Гарадзенскі абласны суд прызнаў нізавую арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў «Горадня Азоту» экстрэмісцкаю. У Наваполацку з офісу выселілі нізавую ячэйку БНП «Нафтан», а ў Салігорску сілавікі прыйшлі ў галоўны офіс БНП.
Інтэрв’ю
«Гэта не азначае, што прафсаюзаў не стала». Размаўляем з сябрам рады СПБ Дзянісам Садоўскім
2022.05.01 10:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў