«Або ратаваць твар Пуціна, або жыцці ўкраінцаў»: Польшча і Літва крытыкуюць Францыю і Нямеччыну


«Старую Еўропу» падазраюць у жаданні даць Пуціну выйсці з вайны ва Украіне, захаваўшы рэйтынг. Прэзідэнт Польшчы і прэм’ерка Літвы згадалі, як Еўропа ставілася да дзеянняў нацысцкай Нямеччыны.

Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністарка Літвы, на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем. 10 лютага 2022 года.
Фота: lrv.lt

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла 10 чэрвеня на Капенгагенскім форуме дэмакратыі, што перад Еўропай стаіць выбар: захаваць твар Уладзіміра Пуціна ці захаваць жыцці ўкраінцаў, перадае літоўскі канал TV3.

Яна заявіла, што Еўропа задоўга ўспрымала дэмакратыю як належнае, а гэтым карысталіся аўтакраты – «выкарыстоўвалі нашую добразычлівасць і нават наіўнасць для дасягнення сваіх недэмакратычных мэтаў». Шыманіце згадала расейскі газавы шантаж і «малочныя войны» – тады, сказала яна, Літва «выбрала незалежнасць», а цяпер не мае патрэбы ў расейскім газе і расейскім рынку для малака.

Пуцін, кажа літоўская прэм’ерка, «хоча паказаць, што створаная ім недэмакратычная сістэма эфектыўнейшая за дэмакратыю» і «чакае, калі свет стоміцца» ад вайны ва Украіне, але Еўропа мусіць аб’яднацца.

«Нам трэба дапамагчы Украіне, таму што гэта найлепшая інвестыцыя для Еўропы на дадзены момант, і нам таксама трэба пазбавіцца ад энергетычнай залежнасці, – заклікала Шыманіце. – Санкцыі працуюць, але не вельмі хутка, трэба цярпенне».

Як піша LRT, Шыманіце назвала цяперашнюю сітуацыю ва Украіне «момантам 1938 года нашага пакалення» – імаверна, адаслаўшы да Мюнхенскіх пагадненняў, у якіх Вялікая Брытанія, Італія, Францыя і нацысцкая Нямеччына дамовіліся, што Судэцкая вобласць Чэхаславаччыны адыдзе Нямеччыне.

ВІДЭА
Хто развязаў рукі Гітлеру?
2020.06.21 10:00
Архіўнае фота. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Фота: censor.net

Два дні таму пра «захаванне твару Пуціна» казаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю нямецкаму «Bild» – і таксама згадаў нацысцкую Нямеччыну, але ў іншым кантэксце:

«Мяне дзівяць усе тыя перамовы, якія зараз вядуцца з Пуціным, – казаў Дуда. – Канцлер [Нямеччыны Олаф] Шольц, прэзідэнт [Францыі] Эмануэль Макрон. Гэтыя размовы бескарысныя. Што яны робяць? Яны толькі ўзаконьваюць асобу, адказную за злачынствы, учыненыя расейскім войскам ва Украіне. Ён нясе за гэта адказнасць. Ён прыняў рашэнне ўвесці туды войска. Яму падпарадкоўваюцца камандзіры. Уладзімір Пуцін.

Хто-небудзь так размаўляў з Адольфам Гітлерам падчас Другой сусветнай вайны? Хтосьці сказаў, што Адольф Гітлер павінен быў захаваць твар? Што мы павінны дзейнічаць так, каб не прынізіць Адольфа Гітлера? Я не чуў такіх галасоў».

Дуда таксама заклікаў не баяцца расейскай ядравай зброі: калі баяцца, «мы ўсе мусім здацца адразу». Ён заявіў, што даводзіў еўрапейскім лідарам: калі Пуціну крыху прыадчыніць дзверы, ён усуне нагу і будзе браць усё больш і больш.

Таксама прэзідэнт Польшчы заявіў, што не можа быць дамоваў з Расеяй «паверх галавы ўкраінскага ўраду», і заклікаў даць Украіне статус кандыдата на далучэнне да Еўразвязу, бо гэта «мае агромістае псіхалагічнае значэнне для абаронцаў Украіны».

Аналітыка
Ад выбуху дамоў да «сірыізацыі». Як Пуцін ператварыўся ў новага Гітлера
2022.04.16 17:15

Ці праўда Пуціну прапануюць «выйсце з захаваннем твару»?

Публічна такія прапановы не агучвалі ані Нямеччына, ані Францыя. Але кіраўнікі гэтых дзяржаваў перыядычна вядуць тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін размаўляе па тэлефоне. 21 снежня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц тлумачыў нямецкаму «Zeit» 7 чэрвеня, што перамовы патрэбныя, каб зноў і зноў даваць Пуціну зразумець, што стратэгія нападу на Украіну не спрацуе».

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв’ю рэгіянальным французскім выданням 3 чэрвеня тлумачыў, што хоць і збіўся з ліку, колькі разоў тэлефанаваў Пуціну, але ўсё гэта рабіў на просьбу прэзідэнта Украіны. Макрон дадаў, што «мы не павінны прыніжаць Расею, каб у дзень спынення баявых дзеянняў мы змаглі знайсці выйсце па дыпламатычных каналах».

Пра тое, што Макрон хоча «захаваць твар» Пуціна, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу «Rai 1». Зяленскі дадаў, што ў Пуціна не атрымаецца «захаваць твар» – маўляў, цяпер кіраўніку Расеі трэба думаць, як захаваць ягоную дзяржаву.

Але аб тым, што ў Крамлі хацелі б «захаваць твар» Пуціна, казалі яшчэ ў красавіку крыніцы расейскага выдання «Meduza»: расейскія ўлады не разумелі, як завершыць вайну ва Украіне праз перамовы, каб пры тым не абваліўся рэйтынг Пуціна.

Беларусь таксама згадалі

Прэм’ерка Літвы 10 чэрвеня казала не толькі пра Украіну і Расею: паводле яе, у бядзе і Крэмль, і кіраўнік суседняй Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Шыманіце згадала, што Лукашэнка нават пасадзіў у Менску самалёт «Ryanair», каб выкрасці апазіцыйнага журналіста, а таксама распачаў хвалю нелегальнай міграцыі. І калі Літва папрасіла дапамогі Еўразвязу ў вырашэнні міграцыйнага крызісу, «дапамога прыйшла хутка».

Лукашэнку яна згадала ў кантэксце таго, што з такімі праблемамі даводзіцца сутыкацца, бо «мы дазволілі аўтакратам застацца беспакаранымі, мы дазволілі ім паверыць, што санкцыі заўсёды будуць мяккімі, а дзеянні – неэфектыўнымі».

Hавiны
Еўразвяз канчаткова зацвердзіў шосты пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Туды трапіў і беларускі банк
2022.06.03 12:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў