Як можна і нельга мяне пахаваць, калі я памру?

Улады рэгламентуюць, што можна і нельга рабіць з чалавекам нават пасля ягонай смерці. Напрыклад, развеяць прах над ракою нельга. Але законы пра пахаванне не заўсёды выконваюцца.

Ілюстрацыйная выява. Могілкі ў Лазаўцы. Маладзечна, Беларусь. Красавік 2015 года. Фота: Julia Szablowska / Facebook

Апошнія змены ў Закон аб пахаванні і пахавальнай справе набылі моц 7 чэрвеня 2021 года, але яны толькі ўдакладняюць азначэнні і рэгулююць тарыфы, радыкальных зменаў у правілах пахавання няма. Таксама нядаўна ўлады Беларусі вызначылі, як менавіта чалавек можа зрабіць анатамічны дар. Разглядзім па парадку, што можна рабіць з памерлымі і пахаваннямі, а чаго рабіць нельга.

Што рабіць, калі чалавек памёр?

Выклікаць доктара (хуткую праз нумар тэлефона 103 або, калі смерць выявілі ўдома ў будныя дні, участковага доктара) і міліцыю (праз нумар 102).

Доктар патрэбны, каб вызначыць прычыну смерці і скласці эпікрыз, а міліцыянт складзе адмысловы пратакол і пераканаецца ў прычыне смерці. Міліцыянт патрэбны нават тады, калі няма сумневаў, што чалавек памёр з натуральных прычынаў.

Цела памерлага забяруць ці пакінуць?

Калі чалавек памёр удома з натуральных прычынаў, цела пакінуць родным для арганізацыі пахавання. Пры патрэбе можна папрасіць перавезці цела ў морг (першыя сем дзён цела захоўваюць бясплатна, пры пэўных абставінах могуць пагадзіцца пакінуць яшчэ на 7 дзён). Калі ж чалавек памёр не ўдома, то цела павязуць у морг.

Ілюстрацыйная выява. Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат

А калі ёсць сумненні наконт таго, ці былі прычыны смерці натуральныя, цела могуць аддаць на судова-медычную экспертызу. У выпадку судовай экспертызы цела могуць не выдаваць колькі заўгодна: абавязаныя выдаць цягам двух содняў з моманту вызначэння прычыны смерці, а колькі дзён можна вызначаць, закон не акрэслівае. Як паказаў выпадак з загадкаваю смерцю мужчыны падчас пратэстаў у мінулым жніўні, родным могуць і не паведаміць пра смерць чалавека ў вышуку, а цела выдаць тады, калі выявіць цялесныя пашкоджанні практычна немагчыма.

А могуць забраць нейкія органы памерлага?

Калі ад гэтага загадзя не адмовіцца, то так, для трансплантацыі могуць забраць органы і тканкі, і на гэта нават не патрэбны дазвол сваякоў памерлага. Гэта завецца прэзумпцыяй згоды на забор органаў. Такая норма ёсць у заканадаўстве шэрагу краінаў, у тым ліку заходнееўрапейскіх. Дазвол хіба спытаюць у судмедэксперта ці патолагаанатама.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Салігорская ЦРБ / Instagram

Ад забору органаў можна адмовіцца пры жыцці — трэба падаць пісьмовую заяву ва ўстанову аховы здароўя, дзе чалавеку аказваюць медычную дапамогу. Узор такі. За непаўналетніх заяву могуць падаць іх бацькі і законныя прадстаўнікі, за няздольных прыняць рашэнне праз стан здароўя – блізкія сваякі.

Скасаваць забарону можа толькі той, пра чые органы ідзе размова. А за незаконнае выманне органаў могуць пакараць паводле арт. 348 КК РБ (пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў).

Ці можна адмовіцца ад ускрыцця?

Хутчэй не. Калі праводзяць судова-медычную экспертызу – дакладна не.

Нярэдка ўскрыццё праводзяць па «некрымінальнай» смерці, каб вызначыць прычыны. Гэта завецца патолагаанатамічным даследаваннем. Для ўскрыцця тады патрэбная згода або самога памерлага, выказаная або напісаная ім да смерці (можна і наадварот, напісаць адмову ў вольнай форме), або згода блізкіх родзічаў. Без згоды могуць правесці працэдуру пры няпэўным дыягназе, падазрэнні на інфекцыйнае захворванне (каронавірус у тым ліку), смерці ў выніку аперацыяў, у выніку канфліктаў пры наданні медычнай дапамогі.

Выходзіць, тэарэтычнае права на адмову ад ускрыцця ёсць, але на практыцы ў гэтым праве няцяжка адмовіць.

Абавязкова звяртацца ў пахавальнае бюро?

Не, беларусы маюць права, але не абавязаныя звяртацца па дапамогу ў пахаванні да адмысловых арганізацыяў. Аднак самастойна зарганізаваць пахаванне можа быць маральна няпроста: трэба забраць пасведчанне пра смерць, заключыць дамову пра месца на могілках, набыць труну або урну ды іншыя атрыбуты пахавання, зарганізаваць дастаўку цела і развітанне, разабрацца з магчымымі выплатамі ад дзяржавы…

Ілюстрацыйная выява. Продаж кветак каля могілак. Фота: Белсат

Людзям, не знаёмым з усімі гэтымі працэдурамі, прасцей звярнуцца ў рытуальнае агенцтва – іх паслугі каштуюць на момант публікацыі ад 500 рублёў. Пры выбары агенцтва варта сцерагчыся махляроў, якія могуць угаворваць на непатрэбныя платныя паслугі і задзіраць цэны (іх варта параўноўваць з дзяржаўнаю рытуальнаю службай – напрыклад, менскаю).

Што будзе з памерлым, якога ніхто не ведае?

Следчыя і міліцыянты павінны ідэнтыфікаваць памерлага. Але калі не здолеюць або калі за пяць дзён з моманту выяўлення прычыны смерці ніхто са сваякоў не возьмецца за пахаванне, то дзяржаўныя органы проста звяртаюцца ў адмысловую арганізацыю, якая правядзе пахаванне за тры дні пасля атрымання звароту. Дзе такое пахаванне праводзіць, закон не тлумачыць, але звесткі пра месца пахавання мусяць быць занесеныя ў базу незапатрабаваных парэштак і неапазнаных целаў.

Таксама незапатрабаванае цела праз 10 дзён пасля выяўлення прычынаў смерці могуць перадаць універсітэтам для эксперыментаў і навучання. Пачаць выкарыстоўваць цела тыя змогуць праз 45 дзён з моманту выяўлення прычынаў смерці.

Чалавек перад смерцю можа і сам папрасіць аддаць сваё цела дзеля навукі, гэта і завецца анатамічным дарам. Трэба толькі запоўніць форму, якая ёсць тут на старонцы 5, і перадаць яе ў арганізацыю, якой чалавек хоча пакінуць сваё цела пасля смерці (цяпер гэта чатыры медуніверсітэты і медычная акадэмія).

Можна выбраць штосьці акрамя пахавання ў зямлю ці крэмацыі ды урны ў калумбарыі?

Фармальна – не, фактычна – так. У Беларусі дазволеныя толькі два спосабы пахавання: адданне зямлі і адданне агню з пахаваннем, адпаведна, на могілках і калумбарыі. Закон забавязвае дзяржаву гарантаваць пахаванне ў вызначаным парадку.

Могілкі ў Лазаўцы. Маладзечна, Беларусь. Красавік 2015 года. Фота: Julia Szablowska / Facebook

У 2021 годзе ў Беларусі адмыслова забаранілі развейваць прах пасля крэмацыі – гэта ў 2019 годзе прапанавалі зрабіць праз некалькі выпадкаў незвычайнага пахавання: спробы пахаваць цела ў вадзе і выпадак у Наваградскім раёне, калі бацька атрымаў грошы на пахаванне сына, але спаліў цела ў садзе і развеяў прах. Тады ж прапаноўвалі ўвесці адміністрацыйную адказнасць за «нетрадыцыйнае пахаванне», але атрымалася амаль наадварот.

Раней за самавольнае пахаванне або перапахаванне маглі аштрафаваць паводле артыкулу 23.43 КаАП РБ. Але ў абноўленым Адміністрацыйным кодэксе артыкулу пра самавольнае пахаванне проста няма, а адказнасці за «нетрадыцыйнае пахаванне» не з’явілася.

Аднак у Крымінальным кодэксе ёсць артыкул 347 – «Здзек з трупа ці магілы». Што могуць прызнаць здзекам, а што не могуць, невядома. А пакараць за гэта могуць штрафам, арыштам, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. У КаАП жа застаўся артыкул пра «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў» (22.10 КаАП), які трактуюць вельмі шырока і ўжываюць, напрыклад, супраць тых, хто малюе графіці і лепіць улёткі. Ёсць і артыкул «Парушэнне санітарна-эпідэмічных нормаў» (17.5 КаАП), пад які могуць «падвесці» неналежнае пахаванне.

Што да самавольнага пахавання, то адносна яго закон «Аб пахаванні і пахавальнай дзейнасці» са зменамі ад студзеня 2021 года кажа наступнае: па выяўленні – паведаміць у орган унутраных справаў і следчым для выяўлення пахаванай асобы і адказнага за пахаванне, а потым прыняць захады для перапахавання.

Якія могілкі можна выбраць для пахавання?

Выбар невялікі. Участак для пахавання або месца ў калумбарыі могуць выдаваць толькі ў месцы нараджэння памерлага, у месцы апошняга жыхарства, у месцы пахавання блізкіх родзічаў або ў месцы жыхарства асобы, якая ўзяла на сябе адказнасць за пахаванне. Пахаваць чалавека ў іншым месцы закон дазваляе за грошы, але не акрэслівае, каму і колькі трэба плаціць (толькі пазначана, што плата павінна быць разавая).

Калумбарый каля менскага крэматорыю. Фота: Белсат

Большасць гарадскіх могілак у Беларусі закрытыя для новых пахаванняў, а новыя могілкі ствараюцца толькі за горадам. Запрапанаваць мясцовым саветам дэпутатаў стварыць новыя могілкі можна, але не фізічнай асобе, а выканкамам і рэлігійным арганізацыям.

Калі пахаваць чалавека не на вызначаных уладамі могілках, парэшткі могуць знайсці і перапахаваць у належных месцах на рашэнне мясцовых саветаў (ваярскія пахаванні і пахаванні ахвяр войнаў – на рашэнне Міністэрства абароны). Гэта завецца выяўленымі раней невядомымі магіламі.

Грамадзянін Беларусі можа выбраць пахаванне за мяжой?

Так, законы Беларусі гэтага не забараняюць. Таксама як няма забароны на пахаванне грамадзянаў іншых краінаў у Беларусі. Але ў беларускіх законах няма і інструкцыі аб тым, што рабіць для пахавання грамадзяніна Беларусі за мяжой або замежнага грамадзяніна ў Беларусі. У такіх выпадках лепей звяртацца ў амбасады ці консульствы і краіны грамадзянства памерлага, і краіны меркаванага пахавання.

Каб вывезці цела або урну з прахам за мяжу, можа спатрэбіцца (у залежнасці ад правілаў краіны, якая прыме парэшткі) дазвол на ўвоз, пасведчанне асобы памерлага, беларускія медычнае і гербавае пасведчанні аб смерці з апастылем, даведка пра герметычнасць труны ці урны і адсутнасць пабочных укладанняў у труну ці урну, даведка ад санэпідэмслужбы, пацверджанні арганізацыі пахавання за мяжой, у выпадку перавозкі труны з целам – таксама даведка пра бальзамаванне і ліст ад санэпідэмслужбы пра тое, што смерць не была звязаная з інфекцыйнымі хваробамі. Існуюць рытуальныя бюро, якія спецыялізуюцца на транспартаванні памерлых за мяжу.

Воля памерлага на нешта ўплывае?

Фактычна – амаль ні на што. Закон не прадугледжвае адказнасці за парушэнне волі памерлага, за выключэннем незаконнага забору органаў. А дазваляе перад смерцю вызначыць толькі некалькі рэчаў: каму даверыць пахаванне, прасіць пра пахаванне побач з памерлымі сваякамі або ў адмысловым месцы згодна з вераю, пагадзіцца ці не пагадзіцца на неабавязковае патолагаанатамічнае даследаванне, на крэмацыю (на ўсё гэта дастаткова вуснай заявы), на перадачу цела ўстановам адукацыі ці органаў для трансплантацыі (для гэтага трэба пісьмовая заява).

Ілюстрацыйная выява. Могілкі ў Лазаўцы. Маладзечна, Беларусь. Красавік 2015 года. Фота: Julia Szablowska / Facebook

Закон гарантуе хіба выкананне волі памерлага адносна месца пахавання пры наяўнасці вольнага ўчастку і адносна спадчыны.

Улады могуць знішчаць могілкі?

Фактычна – так, у тым ліку цалкам легальныя. Закон дазваляе выкарыстоўваць старыя могілкі (такімі лічацца тыя, дзе апошняе пахаванне было даўней за 60 гадоў) толькі пад зялёныя насаджэнні і забараняе будаваць на іх капітальныя пабудовы, акрамя мемарыяльных і культавых. Могілкі могуць пераносіць толькі пры пагрозе затаплення, апоўзня ці іншай прыроднай або тэхнагеннай катастрофе.

Але забароны знішчаць могілкі для дзяржаўных установаў фактычна няма. Як паказала нядаўняя гісторыя з менскімі Вайсковымі могілкамі, старыя надмагіллі могуць беспакарана знішчацца, не зважаючы на пратэсты сваякоў і нават Генеральнай пракуратуры. А гісторыя з рэстаранам «Поедем поедим» каля Курапатаў паказала, што і пабудовы ў ахоўнай зоне мемарыялу не знясуць: калі захочуць – проста ўзаконяць. Старыя могілкі нярэдка намагаюцца знішчыць ці забудаваць гмахамі – далёка не заўсёды актывістам удавалася дамагчыся надання ахоўнага статусу для могілак.

А што з пахаваннем гадаванцаў?

Нічога. Могілак для хатняй жывёлы ў Беларусі па-ранейшаму няма афіцыйна, а ёсць толькі безліч нелегальных пахаванняў (за такое могуць аштрафаваць: на момант публікацыі – на суму да 580 рублёў).

Ілюстрацыйная выява. Могілкі ў Лазаўцы. Маладзечна, Беларусь. Красавік 2015 года. Фота: Julia Szablowska / Facebook

Можна аддаць цела жывёліны для ўтылізацыі ў адмысловыя магільнікі або перадаць для крэмацыі (у Менску гэта робяць прадпрыемствы «Экарэс» і «Фаўна гораду»). З прахам жывёлы пасля крэмацыі можна рабіць што заўгодна, у тым ліку закапаць або развеяць.

АА belsat.eu

Hавiны