У Менску аднавіўся суд над Сцяпанам Латыпавым. Яго накіравалі на псіхіятрычную экспертызу


У судзе Савецкага раёну Менску аднавіўся судовы працэс над палітвязнем, абаронцам плошчы Пераменаў Сцяпанам Латыпавым. Гэта першае паседжанне пасля таго, як Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе на знак пратэсту супраць катаванняў.

Пракурор адразу заявіў хадайніцтва, каб Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. Суддзя падтрымаў гэтую прапанову.

Сам Латыпаў адзначыў, што ўсе ягоныя ўчынкі звязаныя з дзеяннямі байцоў ГУБАЗіКу, я не з ягонай «неадэкватнасцю». Падчас паседжання Латыпава ўвесь час трымалі два міліцыянты: палітвязень абедзвюма рукамі да іх прышпілены кайданкамі, каб ён нічога з сабой не зрабіў.

Падтрымаць палітвязня прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі чакалі амаль гадзіну, але іх не пусцілі на паседжанне, спаслаўшыся на тое, што ў зале нібыта няма месцаў. Трапіць на паседжанне змаглі толькі адзінкі.

Людзі прыйшлі падтрымаць Сцяпана Латыпава, але іх не пусцілі на паседжанне, 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат
Людзі прыйшлі падтрымаць Сцяпана Латыпава, але іх не пусцілі на паседжанне, 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў сілавікоў у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта планаваў атруціць сілавікоў ядахімікатамі, якія закупаў на знішчэнне баршчэўніку. Аднак у выніку выставілі абвінавачванне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве пры затрыманні і махлярстве ў асабліва буйным памеры.

На паседжанні 1 чэрвеня палітвязень заявіў пра пагрозы ягонаму бацьку і суседзям ды пра невыносныя катаванні: 51 дзень у так званай прэс-хаце – камеры, у якой літаральна выбіваюць прызнальныя паказанні. На знак пратэсту супраць катаванняў Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе, ён быў шпіталізаваны, яму зрабілі аперацыю. Але ўжо на наступны дзень яго вярнулі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Воўк, дзяржаўны абвінаваўца – Уладзімір Рабаў.

Аб’ектыў
Асадка ў горле, каб спыніць гвалт
2021.06.02 22:58

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў