Рэаніматолаг Максім Ачарэтні: «Ёсць негалосны спіс лекараў, якія не даспадобы для сістэмы аховы здароўя»


Былы галоўны лекар 3-й дзіцячай лякарні Менску, рэаніматолаг Максім Ачарэтні ў канцы красавіка быў звольнены са сваёй пасады па палітычных матывах. Ён пераехаў ва Украіну і цяпер працуе ў прыватнай клініцы Odrex у Адэсе. Лекар распавёў пра абставіны свайго звальнення ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Прычынай звальнення Максіма Ачарэтнага стаў подпіс за Віктара Бабарыку падчас выбарчай кампаніі.

«Я абсалютна дакладна ведаю, што рашэнне аб маім звальненні не ішло ад майго непасрэднага начальства, камітэту аховы здароўя. Я дакладна ведаю, што гэта ішло зверху і яшчэ вышэй. А хто? Магу толькі меркаваць, што з Мінздароўя, а можа і вышэй, напрыклад ад Наталлі Іванаўны, якая курыруе сістэму аховы здароўя. На мой погляд, Піневіч, якія б ні былі яго чалавечыя якасці, – спецыяліст-адміністратар найвышэйшай класы, наўрад ці б ён ішоў на такія захады», – мяркуе лекар.

Максім Ачарэтні распавёў, што не толькі яго тады пазбавілі працы:

«У адзін дзень са мной звальнялася 4 ці 5 галоўных лекараў. За адно і тое ж. Проста пра іх так актыўна не распаўсюджвалася інфармацыя ў сацыяльных сетках. І да мяне былі звальненні. Ведаю, што намеснік галоўнага лекара больніцы хуткай дапамогі па адной з такіх прычынаў быў звольнены. Ён супер-спецыяліст у сваёй спецыяльнасці, ня толькі адміністратар. Тым ня менш чамусьці Менску ён не спатрэбіўся. На мой погляд, гэта бяда».

Пасля звальнення знайсці працу па спецыяльнасці ў Беларусі было фактычна немагчыма. Таму Ачарэтні быў вымушаны зʼехаць ва Украіну: цяпер ён працуе ў прыватнай клініцы Odrex у Адэсе.

«Калі мяне звальнялі, было сказана, каб я не шукаў працу ў дзяржаўных медычных установах Беларусі. Па змаўчанні, у прыватных цэнтрах нібыта мог працаваць. Але з прыватнымі медычнымі ўстановамі праблема – яны баяцца браць на працу звольненых лекараў. Я меў гутаркі ў прыватных клініках, і вялікі дзякуй ім за гэта. Яны прапаноўвалі вельмі невысокую заработную плату, якая мяне катэгарычна не задавальняла. Я думаю, што яны запрашалі мяне, каб зрабіць сабе плюсік у карму на будучыню, але агучвалі такія лічбы заробку, каб я адмовіўся», – распавёў ён.

Максім Ачарэтні кажа, што існуе рызыка новай хвалі палітычна матываваных звальненняў у сістэме аховы здароўя:

«Я ведаю, што ёсць нейкі негалосны спіс лекараў, якія не даспадобы для сістэмы аховы здароўя. Спіс вельмі спрактыкаваных, дасведчаных лекараў. І нібыта ўжо ёсць рызыка, што пройдуць звальненні ўжо не адміністратараў, не галоўных лекараў ці начмедаў, размова ідзе пра шараговых лекараў. Развітвацца будуць, як і са мной, па згодзе бакоў».

Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў