Праваслаўныя беларусы просяць кіраўніцтва БПЦ і РПЦ адмяніць адстаўку архіепіскапа Арцемія


Архіепіскап Арцемій.
Фота: Igor Zhdanovich / orthos.org

На платформе Change.org з’явіліся адразу дзве петыцыі, выкліканыя адстаўкай праваслаўнага архіепіскапа Гарадзенскага Арцемія, які быў адзіным іерархам БПЦ, што асудзіў фальсіфікацыю выбараў і гвалт у Беларусі.

У петыцыі да Сінода Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) адзначаецца, што адстаўка гарадзенскага архіепіскапа павінна быць адмененая.

«Мы заяўляем аб сваім непрыманні як Вашага рашэння, так і вышэйзгаданага хадайніцтвы Сінода БПЦ. Наколькі нам вядома, архіепіскап Арцемій не прасіў аб залічэнні на супакой і выдатна спраўляўся з кіраваннем даручанай яму епархіі. Гарадзенская епархія з’яўляецца прыкладам ахвярнага служэння і высокапрафесійнай працы па мностве напрамкаў – адукацыйным, экалагічным, місійным, моладзевым, сацыяльным, святынябудаўнічым, культурным і г. д»., – гаворыцца ў петыцыі.

На думку аўтараў звароту, архіепіскап Арцемій быў пазбаўлены кіравання епархіяй, бо ягоны «голас зʼяўляецца непажаданым уладам у нашай краіне, і яны хочуць пазбавіцца ад яго Вашымі рукамі». Яны падкрэсліваюць, што выкарыстанне Царквы ў палітычных мэтах «прыносіць спакусу і падзел сярод дзяцей Царквы, знішчае давер да Царквы ў грамадстве».

Hавiны
«Сумленне Беларускай царквы прыбралі». Кураеў, Васілевіч ды іншыя пра адстаўку архіепіскапа Арцемія
2021.06.09 18:10

У іншай петыцыі, скіраванай да Сіноду БПЦ, называецца грахом і ганьбай «той факт, што Праваслаўная Царква ў Беларусі не выступіла ў абарону несправядліва зняволеных, згвалтаваных, катаваных і закатаваных».

«Мы заклікаем Вас адкінуць страх перад тымі, хто мае ўладу, і прамаўляць прама і адкрыта пра Божыя запаветы «Не забівай», «Не сведчы лжыва», «Не крадзі». Пагадненні з міністэрствамі і ўстановамі, якія нясуць разбурэнне і смерць, прывядуць да большых трагедый, бо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не выстаіць», – гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары заклікаюць «захаваць цэласнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы і не даць антыцаркоўным сілам умешвацца ў жыццё прыходаў і епархій, прыўносіць разлад і разбурэнне праз хлусню і злоўжыванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

Hавiны
Расеец, чалавек года Меншчыны, забараняў святарам удзельнічаць у мітынгах. Што вядома пра новага епіскапа Гарадзенскага?
2021.06.09 19:33

З 9 чэрвеня ў адстаўку адпраўлены праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі Арцемій, які крытыкаваў дзейныя ўлады Беларусі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў.

Замест яго быў прызначаны цяпер ужо былы епіскап Слуцкі Антоній, які наадварот забараняў святарам удзельнічаць у акцыях пратэсту, выказвацца на грамадска-палітычныя тэмы і гэтак далей.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў