Настаўніцу музыкі будуць судзіць за палітычны жарт у сацсетках


Пракуратура перадала ў суд крымінальную справу супраць 26-гадовай настаўніцы музыкі, якой выставілі абвінавачанне паводле арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») Крымінальнага кодэксу. Сілавікі пераследуюць яе за палітычны жарт у сацыяльных сетках.

«Абвінавачваная 31 сакавіка 2021 года з выкарыстаннем мабільнага тэлефона і ўсталяванага на ім прыкладання Twitter змяніла арыгінальны тэкст дзяржаўнага гімну Рэспублікі Беларусь. Пасля чаго размясціла новы тэкст у створаным ёю чат-канале ў сацсетцы, каб прадэманстраваць іншым грамадзянам вынік свайго абразлівага і блюзнерскага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў», – заяўляюць у Генеральнай пракуратуры.

Настаўніца музыкі, якую затрымалі за жарт у Twitter. Скрыншот з відэа: police_minsk / Telegram

Пра затрыманне 26-гадовай настаўніцы менская міліцыя паведаміла 30 красавіка. Сілавікі прымусілі дзяўчыну заявіць на камеру, што яна раскайваецца ў тым, што зрабіла.

Сілавікі палічылі злачынствам вось гэты жартаўлівы тэкст. Скрыншот з відэа: police_minsk / Telegram

Паводле арт. 370 КК, настаўніцы могуць прысудзіць грамадскія працы, штраф ці папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў або арышт ці абмежаванне волі да аднаго года.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў