Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі пераможцамі міжнароднай прэміі «Courage in Journalism Awards»


Журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, асуджаныя да двух гадоў зняволення паводле сфабрыкаванага абвінавачання, сталіся лаўрэаткамі міжнароднай прэміі за адвагу ў журналістыцы – «Courage in Journalism Awards».

«Courage in Journalism Awards» – гэта прэстыжная міжнародная журналісцкая прэмія, заснаваная Міжнародным фондам жанчын, якія працуюць у СМІ (International Women’s Media Foundation/IWMF). Прэмію прысуджаюць адважным журналісткам, якія рызыкуюць сабою, выконваючы прафесійныя абавязкі, дэманструюць адданасць свабодзе прэсы і сумленнай журналістыцы.

Разам з Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай лаўрэаткамі сталіся: Паоля Угас з Перу, рэдакцыя выдання «Khabar Lahariya» з Індыі ды Ванэса Шарлат з ЗША.

Кацярына Андрэева даведалася, што стала пераможцаю прэміі «Courage in Journalism Awards», у гомельскай калоніі.

«Гэтая ўзнагарода стала для мяне велізарным сюрпрызам, – прызналася Кацярына. – Калі я пра гэта даведалася, я адчула буру станоўчых эмоцыяў, на якія звычайна не разлічваеш у турме. Гэтая прэмія надае мне дадатковыя сілы для таго, каб з усмешкаю пераносіць усе выпрабаванні. Для мяне вялікі гонар быць у адным шэрагу з найлепшымі журналістамі свету».

«Калі я вяла свой рэпартаж, рызыкуючы трапіць за краты, я не думала, што здзяйсняю адважны ўчынак. Перш за ўсё я хацела данесці да грамадства праўдзівую інфармацыю, я проста рабіла сваю працу і хацела зрабіць яе добра. Мне здаецца, гэта мне ўдалося, і я гэтым ганаруся. Так, я і мае калегі заплацілі высокую цану за вернасць прафесіі, але я абсалютна перакананая, што ўсё гэта было недарма», – падкрэслівае яна.

Перамогу на «Courage in Journalism Awards» пракаментавала маці Дар’і Чульцовай Наталля Церабіленка:

«Атрыманне такой узнагароды для Дашы – гэта вельмі адказна і важна. Ведаць, што ейную працу высока ацанілі. І яна разумее, што рэпрэзентуе ўсіх жанчын-журналістак Беларусі, якія нясуць людзям праўду».

***

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вядзенне гэтай крымінальнай справы. Але судовая калегія Менгарсуда ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі: суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.

У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму ды іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта схільных да экстрэмізму.

Артыкулы
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сталі лаўрэаткамі прэміі Axel-Springer-Preis
2021.06.07 22:49

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў