«Калі здамся я, усё рухне як картачны дамок». 22-гадовая Луіза стала апірышчам для двух братоў-палітвязняў


У сям’і Піпіяў сыноў вучылі аберагаць малодшую сястру так, каб ні адна слязінка не ўпала з ейных вачэй. 25 верасня мінулага года Цімура, старэйшага брата, затрымалі, а на наступны дзень узялі сярэдняга, Тамаза. І Луіза пазбавілася падтрымання адразу абодвух братоў. Тады яна стала падтрымліваць іх: дачыняцца з адвакатамі, арганізоўваць турэмны побыт і мець справу з іхным пачуццём віны за тое, што блізкім цяпер цяжка. Потым у маці дыягнаставалі рак: бяда, як вядома, не прыходзіць адна. Часам, забыўшыся, дзяўчына тэлефануе аднаму з братоў, каб расказаць пра сваё надзённае, а калі разумее, што гэтыя абаненты недасяжныя, піша доўгія лісты, зрэшты, і тыя не абавязкова даходзяць да адрасата.

Луіза Піпія, сястра Цімура і Тамаза. Маладзенаў падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) у Менску 23 верасня 2020 года пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. На дадзены момент браты знаходзяцца ў СІЗА. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Думаю, братоў затрымалі праз тое, што некалі яны былі футбольнымі фанатамі, заўзятары ж у нас лічацца радыкаламі. Яны даўно адышлі ад гэтага руху, але як асабліва небяспечныя грамадзяне ў базе, відаць, засталіся. Іншага тлумачэння ў мяне няма. За што іх было браць? Я шакаваная, што можна вось так ні за што затрымаць, выставіць незразумелыя абвінавачанні і раздзьмуць справу».

Цімура схапілі на прыпынку праз дзве гадзіны пасля сустрэчы з сястрою: напярэдадні яна прапанавала пазнаёміць яго са сваім хлопцам. Затрыманне заспела былая жонка Цімура проста падчас тэлефоннай размовы.

«У іх былі досыць нацягнутыя стасункі, яны не размаўлялі ўжо два месяцы, а тут Віка чамусьці набрала. У слухаўцы яна пачула крыкі: «Рукі за галаву, кладзіся на зямлю, бл****», – і ўдар».

Луіза з маці пачалі абзвоньваць РУУСы, ІЧУ і сілавыя ведамствы – паўсюль казалі, што Цімура ў іх няма. Дзяўчына паехала да Акрэсціна і спытала наўпрост канваіра, той адказаў, што ім нікога не прывозілі.

Артыкулы
Гадаваць янотаў і паехаць у кругасветнае падарожжа. Асуджаны на 7 гадоў Яўген Афнагель абмяркоўвае з жонкаю планы пасля вызвалення
2021.05.30 10:00

«У мяне была паніка, я ўжо думала, можа, яго забілі. Я дасюль не разумею, чаму нам не маглі проста пацвердзіць, што Цімур у іх». Урэшце прыйшло паведамленне ад дзяржаўнага адваката, што хлопец усё ж на Акрэсціна.

Тамаз тады жыў са сваёй дзяўчынай Эльвірай у Горадні. Ён супакоіў сястру і паабяцаў, што хутка прыедзе. Пасля гэтага яны не размаўлялі сем месяцаў: на наступны дзень Тамаза схапілі ў двары дому, калі ён дапамагаў дзяўчыне данесці да кватэры цяжкія пакеты.

Луіза Піпія, сястра Цімура і Тамаза. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Маці пра знікненне Тамаза даведалася не адразу: пасля затрымання старэйшага сына ёй праз сэрца давялося выклікаць хуткую, таму Луіза наважылася расказаць навіны толькі на другі дзень. Блізкія трое содняў званілі на ўсе магчымыя нумары ў Менску і Горадні.

«Тую невядомасць не перадаць словамі. Я думала, каб толькі знайсці яго жывым. Помню, як маме было цяжка: адзін сын сядзіць, другі проста знік. Ноч пасля затрымання Тамаза была, напэўна, самаю страшнай у маім жыцці: яго ўзялі ў шортах і лёгкай кофце, і мяне трэсла ад думак, што ён ляжыць недзе на бетоннай падлозе ці ўвогуле ў лесе».

Увечары трэцяга дня дзяржаўная адвакатка Цімура паведаміла, што Тамаз таксама на Акрэсціна, але не паспелі яму прывезці перадачу, як абодвух братоў адправілі на Валадарку – і стала зразумела, што нічога добрага бліжэйшым часам не будзе.

«Часам я ўяўляла, як іх білі і катавалі»

«Першыя паказанні яны далі, бо іх жорстка прэсанулі, вельмі жорстка – і фізічна, і маральна. Мне здаецца, там бы любы сказаў усё што заўгодна. Цімур – моцны чалавек, Тамаз – магу сказаць шчыра, слабейшы. І калі нават з Цімура змаглі выбіць паказанні, прычым падрабязныя, уяўляю, як яму дасталася. Ён спецыяльна нічога мне пра гэта не расказаў, але я даведалася, што рабілі з Тамазам. І мне не хочацца гэтага агучваць. Я дасюль не разумею, як ён з гэтым справіўся, як пасля такога пекла можна трымацца. Часам я ўяўляла, як іх білі і катавалі. Узнікала думка, што лепш бы гэта зрабілі са мною. Такое цяжка прыняць. Спадзяюся, тых, хто гэта здзяйсняў, жыццё пакарае дакладна такім жа чынам».

Цімур і Тамаз Піпія. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Судовы працэс над братамі і двума іхнымі сябрамі пачаўся 7 траўня ды ўсё яшчэ трывае. Тамаза вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У Цімура, апроч гэтага, яшчэ тры артыкулы: за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту над супрацоўнікам органаў унутраных справаў і за ўхіленне ад адбывання пакарання.

«На паседжаннях суда мне хочацца і плакаць, і смяяцца, суддзя нават некалькі разоў рабіў мне заўвагу. У абвінавачанні зачытваюць ледзь не палову Крымінальнага кодэксу, а доказаў ніякіх няма. Калі я выходжу з суда, у мяне едзе дах ад таго, наколькі ўсё гэта абсурдна».

Увесь час, пакуль ішло следства, Луіза дачынялася з братамі толькі праз адваката і ліставанне, але і гэтаму перашкаджалі. Тамазу і ад Тамаза лістоў амаль не прапускалі: такім чынам на хлопца ціснулі, кажучы, што пра яго забылі, пра яго ніхто не думае і ён нікому не патрэбны. «Бывала, лістоў не было цягам месяца. Я ўжо пачала пісаць: «Паважаны цэнзар, перадайце, калі ласка, ліст брату: я хачу камунікаваць з ім, а не з вамі». І тыя лісты ў выніку даходзілі».

Луіза Піпія.. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Калі следства скончылася, Луіза нарэшце змагла пабачыць братоў: следчы дазволіў па адным спатканні, і дзяўчына пачала гугліць, як выглядаюць сустрэчы ў турме.

«Калі Цімур прыйшоў у гэтую кабінку, мне стала лягчэй: я ўбачыла, што яго не зламалі. Ён трымаўся нават лепш за мяне. Я таксама старалася жартаваць, але ў выніку гэта ён мяне падтрымліваў. Расказваў смешныя гісторыі з турмы, хваліўся, што з сукамернікамі яны здолелі настроіць канал «Беларусь 5», каб глядзець футбол, вельмі дзякаваў тым, хто піша лісты і дасылае пачкі. Цімур моцна перажываў за маму, ледзь не вінаваціў сябе ў тым, што яна захварэла. Ён больш як за сябе непакоіцца за Тамаза, за сяброў, за людзей на волі. Неяк пісаў, што на свабодзе, напэўна, горш, чым ім у турме, маўляў, мы тут увесь час у страху».

Гісторыі
«Не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся». Гісторыя Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наўмысным наездзе на сілавікоў
2021.05.28 09:00

Да Тамаза сястра пайшла якраз у Дзень Волі. Ён таксама хваляваўся за маці і блізкіх ды шкадаваў, што не можа быць побач. «Тамазу цяжка. На яго ціснулі з першага дня, пагражалі, у тым ліку і сям’і, а ён такі, што жыццё б за яе аддаў.

Там ведалі, на што ціснуць, таму і лісты ні я, ні мама, ні Эльвіра амаль не атрымліваем. Да такога апусціліся, хоць бы маме лісты перадавалі – яны ведаюць, што яна хворая.

Яле я паглядзела на яго: ён усё роўна ўсміхаецца і добра выглядае. Я пачала плакаць, а ён супакоіў і сказаў, што ўсё будзе добра. Потым у лісце напісаў, што таксама гатовы быў пусціць слязу».

Цімур Піпія. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Цімур перажывае, што, як выйдзе, дачка ўжо вырасце»

«Маме вельмі цяжка: усё неяк навалілася. Апроч затрымання Цімура з Тамазам, выявілася, што ў яе рак. Але яна вырашыла для сябе, што хваробу так ці інакш пераможа, бо мусіць пабачыць сыноў і сустрэць іх на свабодзе. І мне падаецца, што яна з труны падымецца, але іх сустрэне. Я ёю ганаруся: яна моцная і нават у такой сітуацыі знаходзіць пазітыў, падбадзёрвае мяне і суперажывае ўсім астатнім».

Цімура на свабодзе чакае дачка, пакуль бацька ў няволі, ёй споўнілася сем гадоў. Да дня нараджэння Цімур папрасіў сукамерніка-мастака намаляваць ейны партрэт, каб адправіць у якасці падарунка. Партрэт дайшоў дзень у дзень.

Гісторыі
«Народу ў вочы глядзець будзе не сорамна!» Гісторыя Уладзіслава Барысава
2021.06.01 11:12

«Разлука з дачкою даецца яму цяжка, Цімур перажывае, што, як выйдзе, яна ўжо вырасце. Затое яму падабаецца, што ён наладзіў кантакт з былою жонкаю. Гэтыя месяцы наагул неяк усіх аб’ядналі. Віка малайчына: яна Цімура ў такі час не кінула. Дай бог, калі ён выйдзе, яны зноў сыдуцца».

Тамаза ж чакае Эльвіра. Яны пазнаёміліся ўлетку мінулага года, і ўжо неўзабаве некалі «самотны воўк» прызнаўся сястры, што, падобна, кахае. Хлопец пераехаў у Горадню і нават навучыўся гатаваць, у Менск жа стаў наведвацца зрэдчас, каб пабачыцца з блізкімі. «Я не асабліва добра ведала Эльвіру, але калі ўсё гэта здарылася, яна ў першы ж дзень прыехала ў Менск, і тады я ўбачыла, што гэта той чалавек, які Тамазу патрэбны. Мы з ёю пасябравалі: калі мне дрэнна, я магу сарвацца і паехаць да яе, разам нам лягчэй праз гэта праходзіць. Я разумею, што мы адна ў адной ёсць, а гэта ўжо нешта».

Тамаз Піпія. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Наколькі могуць, хлопцы з турмы ўсё ж нешта робяць: замаўляюць кветкі для бабулі альбо перадаюць паведамленні праз тых, хто выходзіць. Цімур бярэ пад сваё крыло навічкоў: аберагае, тлумачыць, што да чаго, а калі трэба, аддае нешта сваё. Тамаз – аматар напісаць Луізе вялізны спіс справаў: каму пазваніць, што перадаць, як дапамагчы.

«Я зразумела: сям’я – галоўнае, што ў цябе ёсць. Менавіта дзеля сям’і можна аддаць і жыццё, і тую ж свабоду. І ўвогуле толькі салідарнасць, толькі самыя людзі цяпер могуць дапамагчы адно аднаму выжыць: відавочна, уладзе на нашыя лёсы напляваць. Жыць у стылі «мая хата з краю», я лічу, больш не атрымаецца, надта шмат змянілася пасля жніўня.

Я таксама зразумела, што нельга маўчаць, інакш з табою будуць рабіць усё, што ім выгадна і што яны захочуць. Я пастаянна паўсюль расказваю пра сваіх братоў. Людзі павінны ведаць, што адбываецца, і разумець, што могуць аказацца на іхным месцы. Тамаза палохае думка, што іх пасадзяць і людзі пра іх забудуць. Мне так не пасуе: мне трэба, каб усе пра іх ведалі, бо яны – мой гонар».

«Я магу нешта прыдумаць, а Цімур з Тамазам сядзяць, як безабаронныя дзеці»

Луіза, бывае, бярэ тэлефон і набірае Тамаза. Чуе, што абанент часова недасяжны, і тэлефануе Цімуру: прызвычаілася, што заўсёды можа з імі паразмаўляць.

Артыкулы
«Мама, мяне адвялі ў лазню, пастрыглі, выдалі робу. Цяпер я падобны да сапраўднага беларуса»
2021.05.22 10:00

«У першы месяц было выключна цяжка: я спала па дзве гадзіны, а выглядала, быццам мяне пакусалі пчолы. Браты заўсёды мяне аберагалі, а тут я, атрымліваецца, засталася адна. Я разумела, што маму ўцягваць нельга, таму ўсё давялося рабіць самою. Да верасня я лічыла, што я слабы чалавек, але за гэтыя месяцы дакладна стала моцнаю. Мама кажа, што я ейны гонар, бо адна цягну двух палітзняволеных братоў. Але мне прасцей, усё ж я на свабодзе і магу тут нешта прыдумаць, а Цімур з Тамазам сядзяць, як безабаронныя дзеці. І яны павінны ўвесь час ведаць, што пра іх клапоцяцца, а турма – часовая з’ява, якую трэба проста перажыць».

З мамаю Луіза дамовілася: калі браты выйдуць, яна спакойна ляжа ў псіханеўралагічны дыспансер і будзе адпачываць.

А пакуль цешыцца думкаю, што ўсё гэта хутка скончыцца і яна зможа абняць братоў:

«У мяне ў галаве ўстаноўка, што, калі здамся я, усё рухне як картачны дамок. Мяне матывуе, што ад маіх дзеянняў цяпер залежыць жыццё братоў і маёй сям’і. Таму мне лепш сабе ў нечым адмовіць, а грошы накіраваць туды – ім больш патрэбна, яны сабе не дапамогуць. Я паўгода хадзіла з разбітым тэлефонам, бо не хацела траціцца нават на ўжываны».

Луіза Піпія. Менск, Беларусь. 22 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

У цяжкія хвіліны Луіза карыстаецца падтрыманнем сяброў і робіць сабе перадышкі: адключаецца ад навінаў і слухае музыку, глядзіць фільм або чытае кнігу. А пасля з новымі сіламі ідзе ў бой, які зрабіўся для 22-гадовай дзяўчыны штодзённасцю. У той жа час рознымі дробязямі Луіза стараецца адцягнуць увагу братоў: кладзе ў перадачу печыва ў форме вожыкаў, дасылае паштоўкі з Бэтмэнам і подпісам «Вы мае супергероі», выпісвае ім спартовую газету.

«Калі людзі стараюцца падтрымаць, з аднаго боку нават цяжка: ты як бы праходзіш усё наноў і ўсведамляеш глабальнасць сваёй праблемы, што ў цябе сядзяць дзве родныя асобы – ні за што, ужо восьмы месяц. Але з іншага боку, словы лечаць: з імі ты адчуваеш, што не адзін, і разумееш, што здавацца нельга. Часам хочацца ўцячы і закрыцца ў бункеры, але ж назад нічога не адматаеш. Даводзіцца прызвычайвацца да новых умоваў. Таму я проста іду і нешта раблю».

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў