Еўрапарламент абсалютнай большасцю галасоў заклікаў да новых санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі


Еўрапарламент.
Фота: Diliff / wikimedia.org

Еўрапейскі парламент 10 чэрвеня прыняў рэзалюцыю па Беларусі, якая заклікае Еўрапейскі Звяз пакараць вінаватых у прымусовым прызямленні ў Менску самалёта «Ryanair» і затрыманні журналіста Рамана Пратасевіча.

За рэзалюцыю прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць і 36 устрымаліся. Дэпутаты Еўрапарламенту рашуча асуджаюць «згон самалёта «Ryanair» як акт «дзяржаўнага тэрарызму» і заклікаюць да неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, а таксама ўсіх іншых палітвязняў.

Рэзалюцыя заклікае Еўрапейскую Раду як мага хутчэй прыняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненне да вымушанай пасадкі самалёта і выкрадання пасажыраў.

Санкцыі павінны быць пашыраныя

У тэксце гаворыцца, што краіны-чальцы ЕЗ павінны неадкладна прыняць наступны пакет санкцый супраць тых, хто прымаў удзел ці быў замяшаны ў фальсіфікацыі выбараў у мінулым годзе і наступных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. У санкцыйны спіс павінны быць уключаныя пракуроры, суддзі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, роўна як і асобы, якія займаюцца дэзынфармацыяй, медыямі, прапагандай, і афіцыйныя асобы, якія падтрымліваюць рэжым. Сярод іх – кіраўнік ОНТ Марат Маркаў, які размаўляў з Раманам Пратасевічам 2 чэрвеня.

Акрамя таго, дэпутаты Еўрапарламенту заклікаюць да неадкладных эканамічных і сектаральных захадаў у дачыненні да ключавых галін прамысловасці Беларусі, у прыватнасці, сырой нафты і нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, сталі і дрэваапрацоўкі. Неабходна катэгарычна адмовіць рэжыму ў фінансавай падтрымцы, наданні любых новых крэдытных ліній банкам краіны і спыніць інвестыцыі ў інфраструктуру ці эканамічныя прадпрыемствы. Еўрапейскім фінансавым установам варта забараніць набыццё аблігацыяў або любых іншых фінансавых інструментаў, выпушчаных урадам Беларусі і афіляванымі дзяржаўнымі ўстановамі.

Hавiны
Еўрапарламент заклікае ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі новыя санкцыі, у тым ліку адключыць краіну ад SWIFT
2021.06.10 10:50

Без міжнароднага спорту

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да адхілення Беларусі ад удзелу ў міжнародных спартыўных арганізацыяў і міжнародных падзеяў, уключаючы чэмпіянаты Еўропы і свету, а таксама Алімпійскія гульні ў Токіа.

Дэпутаты Еўрапарламенту заклікаюць Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) пазбавіць беларускае дзяржаўнае тэлебачанне правоў на трансляцыю футбольнага турніру ЕЎРА-2020 і бясплатна перадаць іх незалежнаму тэлеканалу «Белсат».

Hавiны
Ціханоўская нагадала чэшскім сенатарам пра Мюнхенскае пагадненне
2021.06.09 13:28

МГ belsat.eu

Стужка навінаў