«Чалавейнік, каменныя джунглі». Хто купляе кватэры ў ЖК «Менск Свет?»

Ужо некалькі гадоў у Менску трывае горадабудаўнічы эксперымент. Самую маштабную жылую будоўлю краіны ў афіцыйных дакументах так і называюць: «Эксперыментальны шматфункцыйны комплекс «Менск Свет». З эксперыментальнага там шмат усяго: і ненатуральная для Беларусі вышыня дамоў, і звышнарматыўная шчыльнасць, і паніжаныя нарматывы для паркінгаў. Шматфункцыйнасць комплексу пакуль не знайшла пацверджання. Нічога, акрамя жытла і паркінгаў, у ім не зрэалізавана, хоць былі абяцаныя парк, офісныя будынкі міжнароднага фінансавага цэнтру, мол.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет» ад «Dana Holdings». Раней на гэтым месцы быў стары аэрапорт. 8 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

«Цяжкае ўражанне»

Некалькі жылых кварталаў ужо займелі абрысы. Адзін нават здалі і засялілі.

Туды з цікаўнасці і ў госці трапляюць людзі з іншых раёнаў. А потым пішуць пра ўражанні ў сацсетках.

– Пабывала ў новым мікрараёне на месцы старога аэрапорту. Жах… Мурашнік з бетону… Дом з выгляду нібыта цалкам прыстойны, пад’езд прэзентабельны са шклянымі дзвярыма, а кватэры да такой ступені маленькія, што хрушчоўкі здадуцца палацам. Напэўна, там ёсць і іншыя дамы, але пакуль усё будуецца, а парковак практычна няма. А што будзе, калі ў гэтыя дамы заселяцца людзі?

– Каменныя джунглі. Цяжкае ўражанне.

– Чалавейнік.

– Колькі ўжо пісалі, што непрадказальная якасць, а людзі ўсё роўна купляюць. Ну хто гэта купляе? Прыехалі з вёсак. Жыць дзесьці трэба…

Меркаванні
«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»
2020.11.05 11:48

«Самае таннае»

Адказы на пытанне, хто гэта набывае, – самыя разнастайныя.

– Хачу купіць кватэру дачцэ. Грошай хапае толькі на самую маленькую студыю-аднапакаёўку пры старце продажаў дому…

– Мама – медык, медыкам – зніжка 20 %. Я студэнтка, планую застацца ў Менску. Бацькі не самыя багатыя, а я хачу новабудоўлю, і гэтая быццам бы пасуе пад тую суму, што ў нас ёсць.

– У мяне сябры будуюць 25-гадоваму сыну аднапакаёўку там, хочуць, каб нарэшце жыў асобна.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет» ад «Dana Holdings». Раней на гэтым месцы быў стары аэрапорт. 8 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

– Мы менчукі, бралі кватэру ў растэрміноўку там, на дзесяць гадоў. Бо было толькі 20 тысячаў на руках, а для крэдыту патрэбныя «белыя» даходы. У нас іх для крэдыту не хапае, проста муж працуе за мяжою… «Менск Свет» абралі, бо а што ты купіш за нашыя 20 тысячаў цяпер на сям’ю з чатырох чалавек? Ды без крэдыту? Стамілася жыць з бацькамі.

– У чаканні другога дзіцяці прадалі сваю маленькую двухпакаёўку ў «Дыядэме», каб пабудаваць вялікую трохпакаёвую недалёка. Чаму ў ЖК «Менск Свет»? Бо прывыклі, танна і метро хутка адкрыюць. Думалі, народзіцца сын – адразу пераедзем. А потым вось здачу дому на год затрымалі, гэта значыць, мы другі год здымаем кватэру, яшчэ ж рамонт трэба зрабіць.

– Пабудаваў там студыю пад здачу, трэба было ўкласці свабодныя грошы, якія дасталіся ў спадчыну. Агентка распісвала: вельмі выгаднае ўкладанне сродкаў, грошы будуць працаваць, тут жа будуць жыць тыя, хто будзе працаваць у міжнародным фінансавым цэнтры, кватэра акупіцца за 7 гадоў і працягне зарабляць. Думаў, за $ 400–500 здаваць буду. Але офісаў тут навокал няма, метро побач так і не адкрылася, здаць вельмі складана нават за $ 300…

Меркаванні
Званочкі пайшлі. Што будзе з самымі буйнымі будоўлямі Менску – праектамі Dana Holdings?
2020.12.31 15:35

– Мы з жонкаю не менчукі, але абое тут працуем, у нас двое дзяцей. Бралі кватэру ў крэдыт, унёсак 30 % быў, метр за 1000 еўраў. Не было больш выгаднай прапановы на той момант. Атрымалі ключы вось. Засяліліся, калі сам электрыку і трубы сяк-так развёў ды сцены патынкаваў. Жывём пакуль без дзвярэй і без нармальнай падлогі. Але ў сваёй кватэры, у дзяцей свой пакой, дом сучасны, новы, з прыгожым холам. Гэта сваё, гэта не інтэрнат з вахцёркаю на ўваходзе.

– Мне спадабаліся макеты ў офісе забудоўніка і растэрміноўка на 10 гадоў. І я хацела абавязкова новую кватэру, не пераношу пах старых дамоў. На сённяшнія мазгі я б, вядома, не ўлазіла ў растэрміноўку ў еўрах і яшчэ за такі кошт за метр. Думала, у найгоршым выпадку вярнуся да бацькоў, гэтую кватэру буду здаваць, гасіць растэрміноўку. Але ўжо бачу, што схема не сыходзіцца. У рамонт уклала 25 тысячаў, выплаты каля 400 еўраў, а здаць можна добра калі за 300 долараў. Але ўжо не саскочыш, таму шукаю пазітыўныя моманты. Бо кватэра атрымалася хоць і залатая, але ідэальная.

Hавiны
Лукашэнка аддаў поўнач Менску пад забудову арабскаму інвестару. Што вядома і да чаго тут «Дана»
2021.05.16 10:57

«Ды ніхто і не чакае цудаў»

Цэнавая палітыка ў ЖК «Менск Свет» была вельмі падобная да той, што перажыў «Маяк». Спачатку прыгожыя карцінкі, высокія цэны і рэклама «элітарнасці». Потым – менш прыгожыя карцінкі, менш пафасу, скаргі на якасць і тэрміны здачы ды зніжэнне цэнніка да тысячы.

Але ў «Маяка» быў відавочны плюс – «амаль цэнтр». «Менск Свет» жа спрабаваў выехаць на тым, што гэта будзе «новы цэнтр Менску, горад у горадзе». І калі пакупнікі з перыферыі (мяркуючы з форумаў) хоць трошкі спакусіліся на рэкламу, менчукі да яе ставіліся з доляю скепсісу.

Меркаванні
Налятай, патаннела? Забудоўнікі адзін за адным абвяшчаюць зніжкі
2021.01.21 17:47

– Я тут купіла, бо танна. Выбрала кватэру на фінальнай стадыі будаўніцтва, з відам на забудаваную вуліцу, ля краю дарогі: проста каб не ўсунулі слупок яшчэ пад вокны і з надзеяй, што ўздоўж вуліцы можна будзе паставіць машыну. Ніхто цудаў ад «Dana» не чакае, не трэба лічыць нас ідыётамі! – падзялілася назіраннямі знаёмая, якой метр каштаваў $ 900.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет» ад «Dana Holdings». Раней на гэтым месцы быў стары аэрапорт. 8 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

– Купіў – не прапіў, – смяецца яшчэ адзін наваселец. – Я выдатна разумею, што перспектыва гэтага раёну пры эканоміцы, што падае, – высакашчыльнае гета, і не трэба фантазіяваць, што купля – гэта інвестыцыя. Гэта проста бюджэтнае жытло. Як Каменная Горка, толькі пакуль без ільготнікаў. Людзі тут будаваліся за свае, нармальныя людзі, мне падабаюцца мае суседзі.

Нагадаю, інфраструктура, сеткі, камунікацыі ЖК «Менск Свет» будуюцца за кошт бюджэту паводле інвестыцыйнай дамовы, дэталі якой не раскрываюцца. Праз гэта і перспектывы ў эксперыментальнага комплексу туманныя, і варыянты развіцця падзеяў залежаць не толькі ад эканомікі, але і ад палітыкі. Пакуль жа «Менск Свет» працягвае заставацца асноўным дастаўцам самых даступных паводле цаны жылых квадратных метраў.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў