«Калі звальняць за крытыку, то развіталіся б з 80 % працаўнікоў». У «Белавіі» прымушаюць падпісваць ліст пра адмену санкцыяў?


Днямі сацыяльныя сеткі абляцеў зварот да Рады ЕЗ ад прафсаюзу «Белавіі» з просьбай адмяніць санкцыі на пералёты перавозніка. Некаторыя тэлеграм-каналы, у тым ліку забароненыя ў Беларусі, паведамлялі, што працаўнікоў нібыта змушалі падпісваць ліст, запужваючы звальненнямі. Belsat.eu на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з некалькімі работнікамі авіякампаніі пра тое, ці сапраўды кіраўніцтва цісне на людзей і якія настроі пануюць у калектыве беларускіх авіятараў. Пасады суразмоўцаў мы не называем дзеля бяспекі.

Зварот працаўнікоў «Белавія» у міжнародныя структуры.
Фота: чытач «Радыё Свабода»

Ліст са зваротам у міжнародныя структуры з заклікам адмяніць санкцыі супраць «Белавіі» з’явіўся з ініцыятывы прафсаюзу «Белавіі» ў канцы мінулага тыдня. У ім адзначаецца, што работнікі падпісваюць ліст выключна добраахвотна і ніякага ціску з боку кіраўніцтва няма. Не зважаючы на гэта, у інтэрнэце пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што нібыта генеральны дырэктар загадаў звальняць тых, хто адмовіцца паставіць подпіс. Пры гэтым кіраўніцтва кампаніі з самога пачатку адмаўляла сваю датычнасць да ініцыятывы.

Hавiны
Кіраўніцтва «Белавіі» збірае подпісы працаўнікоў за адмену еўрапейскіх санкцыяў
2021.06.07 16:12

Людзей, якія зазналі ціск з боку дырэкцыі праз адмову падпісаць дакумент, нам знайсці не ўдалося. Тры працаўнікі кампаніі з розных дэпартаментаў паведамілі «Белсату», што асабіста ім ніхто не пагражаў ні звальненнем, ні нейкімі негатыўнымі наступствамі за адмову падпісаць зварот. Нашыя суразмоўцы ліст не падпісвалі.

Скасавалі вялікую колькасць свабодных вакансіяў

Спецыяліст «Белавіі» Сяргей кажа, што аб прымусе падпісваць дакумент не чуў. Начальнік аддзелу сказаў, што ліст можа падпісаць кожны ахвочы. Сам мужчына звароту не падпісваў:

«Сярод працаўнікоў бачу, што яны негатыўна ставяцца да інфармацыі, нібыта ёсць нейкі прымус. Вялікая колькасць асобаў, якія падпісвалі, не падтрымліваюць уладаў і нават бралі ўдзел у пратэстах. Я не чуў пра звальненні або прастоі, звязаныя з апошнімі падзеямі, але скасавалі вялікую колькасць свабодных вакансіяў».

Сітуацыю з забаронаю палётаў Сяргей апісвае як неадназначную:

«Адчуваецца, што людзі, з аднаго боку, насцярожаныя, бо авіяцыя – вельмі вузкая сфера дзеяння, але ніякіх дваякіх тлумачэнняў пасаджанага самалёта я не чуў, толькі тое, што садзіць транзітны борт з палітычных прычынаў – вялікае глупства».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 27 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Сяргей лічыць, што расейскі напрамак не забяспечыць той пасажырскай плыні, што была ў сітуацыі, калі аэрапорт літаральна выконваў ролю транзітнага хабу паміж Украінай і Еўропаю/Расеяй.

Людзі не спяшаюцца падпісваць ліст

Яшчэ адзін працаўнік «Белавіі» кажа, што сустрэчы з нагоды ліста з калектывам не было, але людзі не спяшаюцца яго падпісваць, таму тэрміны яго адпраўлення пераносяцца:

«Некаторыя не вельмі вялікія начальнікі нагнятаюць людзей неабходнасцю падпісання. Як і на ўсіх прадпрыемствах, людзі розныя. Праскоквала інфармацыя, што ў генеральнага дырэктара ёсць спіс работнікаў, якія засвяціліся нейкім чынам (фота ці выказваннямі ў сацсетках), і гэта спіс на непадаўжэнне кантракту. Праз тое, што ўсё цяпер мае хуткую агалоску, пастанавілі не рабіць рэзкіх рухаў, а чакаць, калі тэрмін кантракту скончыцца, і звальняць».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 27 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Суразмоўца кажа, што вясною развіталіся з пілотам, якому ўвосень зламалі пальцы рук. Таксама, паводле яго, нядаўна звольнілі аднаго з найлепшых пілотаў-інструктараў [Рэдакцыі не ўдалося спраўдзіць гэтую інфармацыю. – Заўвага belsat.eu].

«Усё робіцца ціха, каб не было рэзанансу ў калектыве. У гісторыі кампаніі былі выпадкі, калі работнікі выказалі сваю пазіцыю, запісалі відэа і выклалі ў сеціва, а іх звольнілі. Калегі даведаюцца пра гэта ўжо постфактум. Спецыфіка працы такая, што людзі не працуюць адначасова, то і не заўважаюць адразу, што кагосьці звольнілі».

Калектыў лічыць санкцыі несправядлівымі

Адна з адмыслоўцаў «Белавіі» Алена адзначае, што ліст у рукі не брала, не чытала яго, не падпісвала, і пакуль яе не чапалі, хоць дзяўчына ў сваім дэпартаменце адзіная, хто гэтага не зрабіў:

«Я не падпісала, але ўсе мае калегі падпісалі ліст добраахвотна, ніякіх пытанняў не задавалі, на жаль. А ніводнага «ябацькі» ў нас няма. У суседнім аддзеле таксама амаль усе падпісаліся без прымусу. Мяркуючы з паведамленняў у нашых чатах, у іншых аддзелах таксама ўсё ліберальна. Калегі кажуць, што ў дачыненні авіякампаніі павінна дзеяць прэзумпцыя невінаватасці. Нібыта гэтыя санкцыі несправядлівыя».

Hавiны
Авіякампаніі адмаўляюцца лётаць праз Беларусь. Колькі грошай мы страцім?
2021.05.25 20:18

Інфармацыю з тэлеграм-каналаў пра «звальненні дзясяткамі» Алена называе хутчэй за ўсё непраўдзіваю, бо не чула пра іншыя выпадкі звальнення акрамя сітуацыі з Надзеяй Букатай, якая выступіла ў відэазвароце з асуджэннем рэпрэсіяў.

«Кіраўніцтва планавала пераседзець гэты перыяд «па-за палітыкай». У параўнанні з іншымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, у нас было даволі ціха, ніякай палітычнай агітацыі не было. Штопраўда, у сацыяльных сетках не дазвалялі працаўнікам выказвацца ад імя авіякампаніі. За гэта, дарэчы, і звольнілі Надзею. І, хутчэй за ўсё, гэта быў ціск зверху.

Пры гэтым не чапалі тых, хто сядзеў содні, і нават крыху дапамагалі грашыма пацярпелым у жніўні. Бо калі звальняць за крытыку ўладаў, то прыйшлося б развітацца з 80 % працаўнікоў. Палітыка сама да нас прыйшла. Гэта добры ўрок усім, хто лічыць, што цяпер можна яе пазбегнуць».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Якія эканамічныя наступствы чакаюць кампанію праз забарону палётаў у Еўропу і Украіну, дзяўчына не ведае. Спачатку планаваліся прастоі, калі плацяць 2/3 акладу. Пакуль жа адмовіліся ад даплатаў і прэміяў, але іх і не было амаль цэлы год, адзначае Алена:

«Вось толькі літаральна адзін месяц мы атрымалі поўныя заробкі, і зноў будуць без даплатаў. Я была ўпэўненая, што прастоі будуць, бо мы страцілі нават больш напрамкаў, чым у локдаўн мінулаю вясной. Але пакуль іх няма і, падаецца, бліжэйшы месяц не будзе. Пра скарачэнні таксама нічога не чутно. Скарачэнняў не было і ў пандэмію, таму сумняюся, што яны будуць. Мабыць, проста меншай колькасці працаўнікоў будуць працягваць кантракты».

«Embraer 175» авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

На думку Алены, кампанія будзе выходзіць з сітуацыі дзякуючы чартарам, павялічваючы колькасць рэйсаў у пакуль не забароненых кірунках, а таксама будуць шукаць новыя напрамкі ў Расеі ды іншых нейтральных да ўладаў Беларусі краінах.

«Але як будзе, невядома, бо нават у пандэмію ў нас захаваўся транзіт у Еўропу. І наагул большую частку прыбыткаў мы атрымлівалі за лік транзіту: Расея, Украіна, Азія, Еўропа».

7 чэрвеня ў інтэрнэце апублікавалі скан ліста ў Раду ЕЗ ад імя работнікаў «Белавіі». У ім паведамлялася, што авіякампанія прафесійна выконвае ўсе свае абавязкі, а абмежаванне палётаў негатыўна адбіваецца на дабрабыце працаўнікоў. Раней Еўразвяз зацвердзіў санкцыі супраць беларускіх перавознікаў і закрыў неба над ЕЗ. «Белавія» была вымушаная адмяніць рэйсы ў еўрапейскім кірунку.

  • 23 траўня самалёт «Ryanair» зрабіў вымушаную аварыйную пасадку ў Менску праз інфармацыю пра мінаванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя спецслужбамі. Прымусовае прызямленне і арышт Пратасевіча і Сапегі выклікаў жорсткую рэакцыю заходніх структураў. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам», а генеральны сакратар NATO лічыць, што Расея мела дачыненне да аперацыі супраць лайнера.
Аб’ектыў
Арышт Пратасевіча абышоўся як мінімум у дзясяткі мільёнаў долараў стратаў
2021.05.29 23:07
Hавiны
Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі заклікала пазбягаць паветранай прасторы Беларусі
2021.05.26 15:19
Hавiны
Урад Латвіі і Швецыі ўводзіць абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю
2021.05.26 10:44

ДР belsat.eu

Стужка навінаў