Шольц і Макрон назвалі ўмовы для паспяховага заканчэння перамоваў Украіны і Расеі


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон правялі 9 траўня перамовы аб бяспецы ЕЗ і пашырэнні аб’яднання. Сярод іншых пытанняў кіраўнікі краінаў абмеркавалі сітуацыю ва Украіне. Падчас брыфінгу Макрон і Шольц заявілі, што настойваюць на правядзенні перамоваў аб спыненні агню на ўмовах Украіны, паведамляе агенцтва «Bloomberg».

Украінска-расейскія перамовы на тэрыторыі Беларусі. Калаж з фота: УНІАН

Шольц і Макрон таксама ўзнялі пытанне пашырэння Еўразвязу і бяспекі на кантыненце. У тым ліку абмеркавалі магчымасці далучэння некаторых балканскіх краінаў, а таксама Украіны, да ЕЗ. Шольц адзначыў, што Украіна належыць да еўрапейскай сям’і. Таксама палітыкі паведамілі, што іхныя краіны дадуць рэкамендацыі Кіеву на кандыдацтва ў Еўразвяз.

Палітыкі паведамілі, што ўзнялі і пытанне вайны ва Украіне.

«Мы па-ранейшаму сканцэнтраваныя на нашай мэце: зрабіць усё магчымае, каб дабіцца спынення агню, дапамагчы Украіне весці перамовы на ўмовах, якія яна прызнае вартымі, бо нашая пазіцыя ў тым, каб адстойваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», – заявіў Макрон.

Таксама прэзідэнт Францыі дадаў, што неадкладнае спыненне агню і далей застаецца неабходнай умовай для поспеху перамоваў, а канчатковы вывад з Украіны расейскіх войскаў – цяперашняя мэта.

Шольц і Макрон паабяцалі працягнуць ваеннае і фінансавае падтрыманне Украіны.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў