Расея пакуль не плануе закрыцця амбасадаў у Еўропе


Расея заявіла, што не плануе закрываць свае амбасады ў Еўропе. Прадстаўнік МЗС РФ адзначыў, што ўсё яшчэ разлічвае на наладжванне дыпламатычных стасункаў з заходнімі краінамі, паведамляе BBC.

Амбасада Расеі ў Варшаве, Польшча.
Фота: Wistula / wiki cc

МЗС Расейскай Федэрацыі паведамляе, што не збіраецца люстэркава рэагаваць у адказ на жорсткія меры, уведзеныя Захадам супраць РФ у сувязі з вайной ва Украіне.

«Гэта не ў нашай традыцыі. Таму мы лічым, што праца дыпламатычных прадстаўніцтваў важная», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Грушко.

Заходнія краіны ўвялі шырокія санкцыі супраць ключавых расейскіх чыноўнікаў, замарозілі актывы расейскага Цэнтрабанку і імкнуцца ўвесці эмбарга на імпарт расейскай нафты. ЕЗ і ЗША імкнуцца падштурхнуць Маскву да спынення ваеннага наступу на Украіну.

Нагадаем, што з 24 лютага, калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, краіны Еўропы пачалі масава высылаць расейскіх дыпламатаў, а таксама была спыненая праца шэрагу дыпламатычных прадстаўніцтваў РФ. У панядзелак у Варшаве амбасадара Расеі ў Польшчы закідалі чырвонай фарбай. Яму не дазволілі ўскласці кветкі на савецкіх могілках у Варшаве ў гонар 77-й гадавіны перамогі над нацысцкай Нямеччынай у Другой сусветнай вайне.

Расея ў адказ накіравала Польшчы ноту пратэсту.

Hавiны
Польскія спецслужбы: Расейскія амбасады актыўна распаўсюджваюць фэйкі пра вайну
2022.04.23 15:35

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў