Дроны-камікадзэ і рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Якую зброю Захад пастаўляе Украіне?


Краіны Захаду паступова пераходзяць ад паставак Украіне лёгкай абарончай зброі да цяжкога наступальнага ўзбраення, у тым ліку найноўшых сістэмаў. Belsat.eu разбіраўся, якую зброю Украіна атрымлівае цяпер і чаго чакаць у найбліжэйшай будучыні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец трымае лёгкую супрацьтанкавую зброю новага пакалення (NLAW) на лініі фронту, поўнач Кіеўскай вобласці, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Пастаўляць узбраенне ды амуніцыю ва Украіну пачалі ўжо ў першыя дні поўнамаштабнай вайны. Але спачатку ішлося толькі пра лёгкае ўзбраенне – пераважна стралковую зброю і пераносныя зенітныя-ракетныя ды супрацьтанкавыя комплексы. Амерыканскія «Stinger» і «Javelin», а таксама брытанскія NLAW з самога пачатку паказалі сваю высокую эфектыўнасць на полі бою, пераўтварыўшыся ў адзін з сімвалаў гэтай вайны. Некаторыя эксперты мяркуюць, што наяўнасць заходняй супрацьтанкавай зброі сталася адным з ключавых фактараў краху пуцінскага бліцкрыгу і вялікіх стратаў расейскай арміі на першым этапе вайны.

Аднак пры гэтым краіны Захаду спачатку адмаўляліся перадаваць Украіне цяжкое ўзбраенне, якое можна выкарыстоўваць для наступальных аперацыяў. Заходнія палітыкі баяліся, што гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту і ўцягнуць Езропу ў вайну з Расеяй. Але з цягам часу на Захадзе сталі больш скептычна ставіцца да пагрозаў Крамля, у тым ліку да ядравага шантажу.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

26 красавіка адбылася гістарычная канферэнцыя ў нямецкім Рамштайне, дзе прадстаўнікі абаронных ведамстваў 40 краінаў свету (у тым ліку не чальцоў NATO) дамовіліся каардынаваць вайсковую дапамогу Украіне для яе барацьбы з расейскай агрэсіяй. Шэраг заходніх дзяржаваў абвесціў пра гатовасць пастаўляць Украіне цяжкое ўзбраенне – у тым ліку артылерыю і браняваную тэхніку. Пастаўкі працягваюць нарошчвацца.

ЗША: гаўбіцы, дроны, браняваная тэхніка і верталёты

Галоўны дастаўца зброі Украіне сёння – Злучаныя Штаты Амерыкі.

У красавіку ў Пэнтагоне заявілі, што ў новым пакеце вайсковай дапамогі (акрамя «Javelin») будуць 155-міліметровыя гаўбіцы, бронетранспарцёры M113, верталёты Мі-17, дроны «Switchblade» і «Phoenix Ghost», артылерыйскія выведныя радыёлакацыйныя станцыі AN/TPQ-36 і радыёлакацыйныя станцыі AN/MPQ-64.

155-міліметровыя гаўбіцы тыпу М777 – найноўшая артылерыйская сістэма брытанскай распрацоўкі на ўзбраенні арміі ЗША. Гаўбіцы маюць хуткастрэльнасць да 5 стрэлаў за хвіліну, а далёкасць страляння асобнымі тыпамі снарадаў можа дасягаць 30 і нават 40 км. Паводле CNN, да 9 траўня амерыканцы перавезлі больш за 85 гаўбіцаў з 90 абяцаных. Ужо зафіксавалі першае выкарыстанне гэтай зброі на фронце.

Важная пазіцыя ў новым пакеце вайсковай дапамогі – пастаўкі дронаў-камікадзэ. «Switchblade» – кіраваныя саманаводныя ракеты, якія могуць знішчаць варожыя цэлі з адлегласці на дзясяткі кіламетраў. У параўнанні з іншымі дронамі, яны вельмі танныя, а дзякуючы малым габарытам, высокай хуткасці і бясшумнаму палёту практычна непаражальныя. У пачатку траўня на Данбасе ЗСУ ўпершыню ўжылі дроны-камікадзэ, адпаведнае відэа выклалі ў сеціва. У Пэнтагоне ў красавіку заяўлялі, што агулам даставяць 300 такіх дронаў.

Таксама Украіна атрымае дроны «Phoenix Ghost», функцыйна падобныя да «Switchblade». Цікава, што гэтыя беспілотнікі амерыканцы распрацавалі якраз пад патрабаванні ўкраінскага боку. Спікер Пэнтагону Джон Кербі (John Kirby) заявіў: тэхнічныя характарыстыкі гэтых дронаў «вельмі дакладна адпавядаюць таму, што цяпер трэба ўкраінцам на ўсходзе». Вашынгтон паабяцаў паставіць 121 такі беспілотнік.

Што датычыць верталётаў, то яны, у адрозненне ад дронаў і гаўбіцаў, расейскай вытворчасці. Верталёты Мі-17 раней ЗША замаўлялі ў Расеі для арміі Афганістану, але паставіць іх так і не паспелі. Цяпер 11 гэтых верталётаў атрымаюць ЗСУ. Мі-17 лічыцца найперш транспартавым верталётам, але ён можа быць абсталяваны вонкавымі сістэмамі ўзбраення, у тым ліку ракетамі класу «паветра – зямля».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шараговец арміі ЗША запускае мініяцюрную паветрана-ракетную сістэму «Switchblade 300» падчас дэманстрацыі на палігоне Графэнвёр, Нямеччына. 6 красавіка 2018 года.
Фота: Sgt. Gregory T. Summers / Us Army / Zuma Press / Forum

Можна меркаваць, што пералік узбраення і маштабы амерыканскіх паставак бліжэйшымі месяцамі будзе толькі расці, бо 9 траўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб ленд-лізе. У дакуменце не ўказваюцца канкрэтныя віды зброі і тэхнікі, якія будуць перадавацца Украіне. Але закон вызначае механізмы і ўмовы такой дапамогі, ствараючы новыя правілы гульні. Амерыканскі прэзідэнт атрымлівае паўнамоцтвы, абыходзячы шмат якія бюракратычныя працэдуры, аператыўна развязваць пытанні пастаўкі ва Украіну амаль любой сучаснай зброі.

Эксперты прагназуюць, што неўзабаве Украіна можа атрымаць ад ЗША:

  • танкі трэцяга пакалення M1A2 «Abrams»,
  • баявыя машыны пяхоты ЗША M2A3 «Bradley»,
  • самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі M109A6 «Paladin»,
  • рэактыўныя сістэмы залпавага агню на колавым шасі HIMARS,
  • універсальная пускавая ўстаноўка / РСЗА M270 MLRS,
  • ЗРК NASAMS 2,
  • ЗРК «Patriot»,
  • шматфункцыйныя знішчальнікі 4-га пакалення F-16.

Краіны NATO і не толькі: артылерыя, танкі і зенітныя сістэмы

Аўстралія яшчэ ў пачатку красавіка перадала Украіне 20 бронетранспарцёраў «Bushmaster» і некалькі гаўбіцаў тыпу M-777.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўстралія накіроўвае ва Украіну бронетранспарцёры «Bushmaster».
Фота: Joint Operations Command / Facebook

Канада накіравала Украіне 4 гаўбіцы тыпу М-777 і высокадакладныя дальнабойныя артылерыйскія снарады з GPS-навядзеннем M982 «Excalibur». Хібнасць трапляння такіх снарадаў складае ўсяго 4 метры, то бок гэта высокадакладная зброя. Акрамя таго, канадцы перадалі ЗСУ 8 браняваных аўтамабіляў «Roshel».

У канцы красавіка Францыя паабяцала Украіне самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі CAESAR і супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Milan». 155-мм CAESAR называюць адною з самых папулярных артылерыйскіх сістэмаў у свеце, бо яна спалучае тры важныя складнікі: мабільнасць за кошт калёснай базы, хуткасць вядзення агню за кошт лічбавых сістэмаў кіравання і дальнасць страляння. Пры выкарыстанні рэактыўных снарадаў дальнасць страляння можа складаць больш за 50 км. Агулам Францыя накіравала Украіне 12 такіх сістэмаў.

Вялікая Брытанія перадала Украіне 20 самаходных артылерыйскіх установак AS-90, здольных весці агонь на дыстанцыі 24 км і выпускаць да трох снарадаў за 10 секундаў. У пачатку траўня прэм’ер-міністр Борыс Джонсан анансаваў пастаўкі ва Украіну супрацькарабельных ракетаў «Brimstone» і самаходных зенітных сістэмаў «Stormer».

Чэхія перадала Украіне са старых савецкіх запасаў танкі Т-72, БМП-1 і сістэмы залпавага агню RM-70 (чэхаславацкая версія «Градаў»). Медыі паведамляюць, што цяпер трываюць перамовы пра пастаўкі сучасных чэшскіх самаходных артылерыйскіх установак «Dita» і славацкіх САУ «Zuzana». Славаччына таксама стала першаю краінай, якая перадала зенітна-ракетныя комплексы. Гаворка пра С-300.

Пра гатовасць перадаць Украіне танкі 25 красавіка заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі. Дэталяў пакуль не раскрываюць. Паводле медыяў, танкі Т-72 плануе перадаць украінцам і Славенія.

Швецыя гатовая накіраваць ЗСУ сучасныя самаходныя гаўбіцы «Archer», якія, у залежнасці ад тыпу снарадаў, здольныя біць на адлегласць ад 30 да 60 км.

Змена курсу Нямеччыны

Вельмі паказальна, як пад уплывам міжнароднай сітуацыі змяняюцца падыходы ўладаў Нямеччыны да пытання паставак узбраення ва Украіну.

У першыя дні вайны Берлін катэгарычна адмаўляўся пастаўляць Украіне лятальную зброю і нават блакаваў пастаўкі нямецкай зброі краінамі-саюзнікамі. Але ўжо ў пачатку сакавіка ўлады Нямеччыны ўхвалілі першыя наўпроставыя пастаўкі лёгкай зброі, а ў канцы красавіку пагадзіліся дастаўляць і цяжкое ўзбраенне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. M2A3 «Bradley» у Драўску-Паморскім, Польшча. 28 верасня 2014 года.
Фота: Lukasz Szelemej / East News

Пасля канферэнцыі ў Рамштайне стала вядома, што Міністэрства абароны Нямеччыны гатовае перадаць ЗСУ каля 50 зенітных самаходных установак «Гепард». Гарматы гэтых установак могуць знішчаць цэлі на вышыні каля трох кіламетраў, а таксама выкарыстоўвацца супраць наземных цэляў. Праўда, сама нямецкая армія ўжо адмовілася ад «Гепардаў»: створаныя гэтыя самаходныя ўстаноўкі былі яшчэ ў 1970-х.

Медыі паведамляюць, што неўзабаве ва Украіну пачнуць пастаўляць нямецкія БМП «Marder». Гэтая браняваная тэхніка таксама не найноўшая: яе распрацавалі яшчэ ў часе халоднай вайны, цяпер у нямецкай арміі ад яе паступова адмаўляюцца. Акрамя таго, Украіна разлічвае атрымаць нямецкія танкі «Леапард» і сучасныя 155-мм артылерыйскія сістэмы «PzH 2000».

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў