Запалохваюць, судзяць, звальняюць… Гісторыі медсясцёр, якім у Беларусі не лягчэй, чым лекарам


У Беларусі гучыць шмат навінаў пра лекараў: іх затрымліваюць за пратэсты і звальняюць з палітычных прычынаў, у пандэмію ім бракуе сродкаў індывідуальнай абароны. Але за іхнымі спінамі – так званы сярэдні медычны персанал, які цярпіць ад тых жа праблемаў. У Міжнародны дзень медсясцёр «Белсат» перадае аповеды трох беларускіх медработніц. Дзве з іх папрасілі не называць іхных сапраўдных імёнаў.

Фота: АК / Белсат

З 1965 года ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень медсясцёр. Яго адзначаюць 12 траўня – у дзень народзінаў сястры міласэрнасці і брытанскай грамадскай дзяячкі Флорэнс Найтынгейл (Florence Nightingale), якая ў час Крымскай вайны ўнесла ў дагляд за параненымі прынцыпы санітарыі і ў разы зменшыла іхную смяротнасць, а ў 1860 годзе заснавала першую ў свеце сястрынскую школу і лічыцца заснавальніцай сястрынскай справы.

«Дзеля пацыентаў, а не дзеля начальства»

Медсястра Марыя (імя змененае) кажа «Белсату»: шкадуе, што не можа назваць месца сваёй працы. Яна працягвае працаваць, хоць яе судзілі паводле «народнага» артыкулу 23.34 КаАП – за «несанкцыянаваную акцыю». На суд над сабой яна не пайшла, бо мела ў гэты час дзяжурства.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: ТК / Белсат

Фармальна ейная клініка не працуе з каронавірусам, таму персанал не носіць адмысловых сродкаў індывідуальнай абароны – працуюць проста ў масках. Як дадатковую абарону можна надзець спецыяльны камбінезон, «але ніхто ўжо не хоча». Пры тым клініка ўсё адно сутыкаецца з хворымі на каронавірусную інфекцыю – іх проста пераводзяць у іншыя клінікі, калі выяўляюць хваробу. Некалькі дактароў перахварэлі на COVID-19, але нейкім цудам ніхто з медсёстраў не заразіўся.

«Нашая клініка не пераводзілася пад ковід, але прымала падвоены аб’ём пацыентаў – за сябе і за пераведзеную пад яго клініку, – тлумачыць Марыя. – У першую хвалю мы былі забяспечаныя сродкамі індывідуальнай аховы, былі і рэспіратары, і камбезы. Мы іх кварцавалі пару зменаў, потым можна было ўзяць новы.

Вядома, мы стамляліся вельмі ад бясконцай плыні пацыентаў. Час ішоў, першая хваля адступіла, клініку, за якую мы працавалі, адмылі – і можна было ўздыхнуць з палёгкай. А потым здарыўся жнівень. Гэта быў неапісальны жах».

Ілюстрацыйная выява, акцыя салідарнасці медыкаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Яна кажа, што «каронавірус змерк на фоне палітычнай абстаноўкі». Медыкі выходзілі на маршы пратэсту, станавілася ў ланцугі салідарнасці: «у жніўні – верасні медыкі вельмі аб’ядналіся, востра рэагавалі на тое, што адбываецца». Сама Марыя не хадзіла на акцыі, толькі калі яны прыпадалі на час дзяжурства і падчас дзяжурства медыкі сачылі за трансляцыямі «Белсату», бо «душа балела за тых, хто на маршы», там былі блізкія і калегі.

«Калі ты не на маршы, табе страшней, чым калі ты на ім», – дадае Марыя.

Медыкаў ейнай клінікі і штрафавалі, і арыштоўвалі. Калегі стараліся падтрымаць, ездзілі сустракаць з судоў і ізалятараў. А потым «пачаўся ціск, запалохванне ды іншае», і, «вядома, ад гэтага думаць інакш ніхто не стаў», кажа яна. З клінікі сышло шмат людзей, але «вы ж разумееце: усе пішуць «на ўласнае жаданне», а наколькі гэта ўласнае жаданне, мы можам толькі здагадвацца».

Тых, хто застаўся, у ейнай клініцы атрымліваюць «мізэрныя» даплаты ў сувязі з каронавірусам: толькі за тую змену, калі ў работніка быў кантакт з інфікаваным. Марыя адзначае: хоць вядома, што персанал рызыкуе захварэць, але «галоўнае, каб плацілі тым, хто цэлымі зменамі працуе ў асяродку ў сродках індывідуальнай абароны», бо «гэта вельмі цяжка, яны проста героі».

Ці магчыма любіць такую працу, як праца медсястры ў Беларусі? Марыя адзначае, што не можа адказаць за ўсіх сясцёр, але сама вельмі любіць прафесію. Хоць праца цяжкая і фізічна, і эмацыйна, і аплата гэтай працы мусіць быць на парадак вышэйшай, ёй пашанцавала з калектывам: кажа, у такой камандзе ўсе нягоды пераадольныя.

«Словы падзякі ад пацыентаў даюць разуменне патрэбнасці і важнасці. Працую дзеля іх, не дзеля начальства», – заяўляе медсястра.

Інтэрв’ю
«Сексізм, абясцэньванне ды ілюзія лягчэйшай працы». Доктар – пра ўспрыманне прафесіі медсястры ў Беларусі
2021.05.12 09:27

«Медсясцёр, якія пойдуць за лекараў, больш, чым лекараў, якія пойдуць за лекараў»

Ганна (імя змененае) – нарадзінка Салігорску, працуе медсястрой у Менску ў аддзяленні платных паслуг. Яна згадвае, што «стала медсястрой» яшчэ ў 12 гадоў, калі давялося мераць ціск маці і рабіць ін’екцыі бацьку. Мела магчымасць працаваць у санаторыі, але не хацела – задаволеная тым, што трапіла ў лякарню па размеркаванні пасля вучобы.

Фота: АК / Белсат

Калі пачалася эпідэмія каронавіруса, згадвае яна, у медыкаў ейнага шпіталю «нічога не было: выдавалася адна маска на дзень, часам не выдавалі і яе». Выдаваць пальчаткі людзям на ейнай пасадзе наагул не належыць. Каб не выпрошваць, маскі і пальчаткі давялося купляць самой. У ейным кабінеце няма нават умывальніка – яна пісала службовыя запіскі, каб ёй паставілі прынамсі апарат кварцавання (ультрафіялетавае выпраменьванне можа забіваць вірусы, аднак эфектыўнасць супраць каронавіруса яшчэ не даказаная), але яго дасюль няма. Паводле Ганны, сітуацыя са сродкамі абароны за год практычна не змянілася.

«Глядзіце: у мяне платны аддзел, і каб мне выдалі маску, яе трэба ўключыць у рахунак таму хвораму, які прыйшоў на прыём, – тлумачыць яна. – Сказалі, што бюракратычна гэта немагчыма».

Ніякіх грашовых стымулаў у сувязі з каронавірусам, кажа Ганна, ёй і ейным калегам не было: даплаты былі толькі ў ковідных аддзяленнях або пагадзінна за працу з хворымі з пацверджаным каронавірусам. Агулам жа даплаты знялі, заробкі медыкаў за год сталі ніжэйшыя.

Цяпер, кажа Ганна, медыкаў пастаянна звальняюць з палітычных прычынаў, некаторым выносяць папярэджанні. Многія бачаць, што немагчыма працаваць, таму самі звальняюцца, «пакуль іх не папрасілі». Але многія і баяцца мяняць працу. Сама яна гатовая да таго, што яе звольняць у любы момант: «Я сёння працую, а заўтра мо і не».

«Бяда не медсясцёр, а больш дактароў у тым, што няма салідарнасці, – кажа Ганна. – Яны павінны былі адзін за аднаго выступіць на стадыі звальненняў, каб быў рэзананс. Не ведаю, што павінна адбыцца, каб дактары былі за дактароў. Медсясцёр, якія пойдуць за лекараў, больш, чым лекараў, якія пойдуць за лекараў».

Пацыенты ж, кажа яна, праз эканамічны крызіс сталі больш азлобленыя, але іх можна зразумець. З пацыентамі медсястры даводзіцца размаўляць як псіхолагу, і калі з імі правільна размаўляць, канфлікты знікаюць і ўзнікае ўдзячнасць. Каля 90 % пацыентаў падтрымліваюць медыкаў, лічыць яна.

Фота: АК / Белсат

Ад падзеяў у жніўні ў Ганны быў нервовы зрыў. Яна хадзіла на акцыі пратэсту і салідарнасці, сутыкнулася з гвалтам сілавікоў і пагрозамі дачцэ, двойчы плаціла вялікія штрафы, звярталася ў Фонд медычнай салідарнасці.

Згадвае, як хадзіла падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцтва і як брала ўдзел у пратэстах. Кажа, «на тысячу адсоткаў упэўненая, што раблю гэта не дзеля сябе, а дзеля дачкі». У тым, што ўлада не змянілася, жанчына вінаваціць рабочых, якія не пайшлі на забастоўкі.

Але цяпер, думае Ганна, усё само ідзе да абвалу эканомікі, і адбыцца той абвал можа нават хутчэй, чым за год. Яна дапускае, што ейнае жыццё можа ад гэтага пагоршыцца, мо нават «давядзецца і стаяць з працягнутаю рукой». Але яна ўпэўненая: што горш для ўладаў, тое ў выніку будзе добра для людзей. Ганна лічыць, што «другі Дзень Перамогі» можа быць ужо ў ліпені і што ўсё робіцца недарэмна, спадзяецца расказваць дзецям, што «хоць кропельку» прыклала руку да той перамогі.

«Я не дзяўчынка для біцця»

Былая медсястра і звольненая з БДМУ выкладчыца Юлія Матусевіч расказвае «Белсату», што ганарылася сваёй працаю: калі яе называлі доктарам – папраўляла, што яна медсястра. Жанчына не працуе медсястрою з 2018 года, але пераказвае тое, што даведалася ад знаёмых медсясцёр. Ва ўніверсітэце яна не працуе пасля таго, як знялася ў відэазвароце выкладчыкаў супраць гвалту і заступілася за студэнтаў перад рэктарам.

Юлія Матусевіч у відэазвароце.
Фота: «Честные люди»

Медыкі цяжка перажылі 2020 год, кажа яна: паводле неафіцыйных звестак, ад каронавіруснай інфекцыі памерлі больш за 160 медыкаў, актыўных звальняюць «на згоду бакоў» або не працягваюць кантрактаў, некаторыя самі з’язджаюць працаваць за мяжу. На ейную думку, перахварэць на COVID-19 маглі ўжо каля 90 % медыкаў, «некаторыя па некалькі разоў».

«На гэты момант сітуацыя ў ахове здароўя пагоршылася: упалі заробкі, знізіліся даплаты, не хапае сродкаў індывідуальнай аховы, у некаторых шпіталях не адкрываюць ковідных аддзяленняў і палатаў, – пералічвае Юлія Матусевіч. – Хворым, якія паміраюць у такіх аддзяленнях з відавочным ковідам, ставяць іншыя дыягназы, напрыклад, анкалагічныя хваробы. Медсёстрам, якім ажыццяўляюць візіты на дом, таксама не даплачваюць за ковід, бо яго як бы няма».

Вакансіі ў медычных установах былі заўсёды, адзначае яна, і гэта давала магчымасць медыкам працаваць не на адну стаўку. Але Матусевіч наракае: новыя людзі, якіх цяпер наймаюць, не заўсёды адпавядаюць прафесійным патрабаванням. Частка персаналу не робіць больш за неабходнае: «які заробак, так і працую».

«Большасць жа баіцца страціць працу і гатовая моўчкі працаваць і рабіць усё, абы іх не чапалі», – мяркуе Матусевіч. Але адаптавацца да таго, што так будзе заўсёды, медыкі не гатовыя, кажа яна.

Цяперашняя сістэма арганізацыі працы медыкаў ёй моцна не падабаецца: кажа, што не хоча працаваць у гэтай сістэме, бо яна «не дзяўчынка для біцця, не персанал абслугі», а кваліфікаваны спецыяліст і хоча прыносіць карысць, а не «зашывацца ў журналах і паперах».

Фота
Выставу «Машына дыхае, а я – не», прысвечаную беларускім медыкам, усё ж такі адмянілі
2021.04.06 12:49

Сухая статыстыка

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі ў канцы 2020 года было 40,4 тыс. дактароў-практыкаў і 117,4 тыс. «сярэдніх медычных працаўнікоў» – медсясцёр і медбратоў, акушэраў, фельчараў, лабарантаў, рэгістратараў. Менавіта медсясцёр – 80,4 тыс.

Сярэднія заробкі медыкаў у Беларусі крыху ніжэйшыя за сярэднія па краіне. Гэтак, у сакавіку сярэдні налічаны заробак (да аплаты падаткаў і збораў) усіх працаўнікоў краіны быў роўны Br 1384,7, а ў ахове здароўя – Br 1275,5 (для параўнання, у адукацыі – Br 926,1, у грамадзянскім будаўніцтве – Br 1271,2, у IT – Br 7301,4). На сайтах вакансіяў медсясцёр шукаюць на заробак ад Br 600–700 у Менску, а ў Чавусах Магілёўскай вобласці хочуць наняць медсястру на поўны дзень за Br 298 да аплаты падаткаў. Многія медсёстры, як і дактары, працуюць на больш як адну стаўку.

Аб’ектыў
Беларусі трэба пачынаць з прызнання праблем. Сусветны дзень здароўя і прабелы ў нашай сістэме
2021.04.07 23:31

У рэйтынгах якасці аховы здароўя розныя арганізацыі і даследнікі звычайна ставяць Беларусь на сярэднія пазіцыі ў свеце: слабей за Польшчу і краіны Балтыі, лепей за Украіну і Расею. У зборным Рэйтынгу дабрабыту – 2020» брытанскага інстытуту «Legatum» Беларусь паводле параметру «здароўе» – на 79-м са 167 месцаў, на ўзроўні Албаніі ды Ірану, нават вышэй за Літву і Латвію. Аднак на сайце «Numbeo», дзе рэйтынгі фармуюць карыстальнікі, Беларусь паводле аховы здароўя за апошнія паўгода ўпала з 59-га на 90-е месца з 93 магчымых.

АА belsat.eu

Стужка навінаў