У Горадні падчас выступу вайскоўцаў 9-гадовы хлопчык атрымаў траўму


У Дзень Перамогі каля Кургану славы ў Горадні падчас святочнай імпрэзы вайскоўцы запускалі дымавыя шашкі. Дзевяцігадоваму хлопчыку пашкодзіла руку, паведамляе Tut.by.

Мама хлопчыка Анастасія распавяла, што яны разам з сынам глядзелі выступ вайскоўцаў. Тыя паказвалі, як умеюць страляць, запускалі дымавыя шашкі, былі чутны выбухі.

Анастасія пусціла дзіця бліжэй да агароджы, у першы шэраг – каб яму было лепш відаць. Але за агароджу, з ейных словаў, хлопчык не заходзіў.

«Мяне ад сына аддзяляла прыкладна тры шэрагі людзей. Я не выпускала з поля зроку ягонай курткі. У нейкі момант выбухі пачуліся бліжэй. Я заўважыла, што дарослыя сталі адводзіць з першых шэрагаў маленькіх дзяцей – яны заплакалі. Маё дзіця таксама стала адыходзіць. Падышла бліжэй – паказвае руку і плача», – распавядае маці.

Жанчына павяла сына ў найбліжэйшы пункт хуткай дапамогі. Там рану апрацавалі і сказалі, што гэта апёк.

Даведка

Хлопчык распавеў, што адчуў толькі рэзкае джганне ў руцэ падчас паказальнага выступу вайскоўцаў.

Знайсці адказных за імпрэзу на месцы маці хлопчыка не ўдалося.

Бліжэй да вечара сям’я зʼездзіла ў траўмапункт Гарадзенскай абласной дзіцячай клінічнай больніцы і зафіксавала здарэнне.

Мама хлопчыка занепакоеная тым, што адбылося, і адзначае, што хацелася б адчуваць сябе ў бяспецы пры правядзенні такіх мерапрыемстваў. Іншыя бацькі, якія былі на свяце, таксама адзначылі, што выступ быў шумным і ладзіўся занадта блізка да гледачоў.

Увечары сямʼю наведалі прадстаўнікі Мінабароны і прывезлі невялікія падарункі. Але ім так і не ўдалося прыйсці да высновы, як і дзе хлопчык мог атрымаць траўму.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў