Італьянская эстэтыка ў кіно. У Менску пакажуць падборку фільмаў Фэлліні і Сарэнтына


Два італьянскія геніі, якія з іроніяй, тонкасцю і любоўю паказалі сутнасць сваёй краіны ў кіно, стануць наступнымі героямі праекту «Уік-энды з…».

Па пятніцах і суботах траўня, пачынаючы з 14-га, у Менску на вялікім экране кінатэатру «Піянер» будуць паказвацца фільмы класіка сусветнага кіно Фэдэрыка Фэлліні (Federico Fellini) і ягонага пераемніка – аднаго з самых важных рэжысёраў сучаснай Італіі Паўлё Сарэнтына (Paolo Sorrentino). Пасля кожнага з паказаў можна абмеркаваць стужку з кінаэкспертам.

З пачатку года праект кампаніі «Арт Карпарэйшн» – арганізатара кінафестывалю «Лістапад» ды «гіда па добрым кіно» – паспеў паказаць рэтраспектывы правакатара з Даніі Лярса фон Трыра (Lars von Trier) ды польскага класіка Кшыштафа Кесьлёўскага (Krzysztof Kieślowski).

Пры падтрыманні пасольства Італіі ў Менску наступнымі героямі «Уік-эндаў» зробяцца два італьянскія геданісты і эстэты – хоць і з розных эпох, падобныя па духу аўтары.

Калі ў 2013 годзе на экраны выйшла пышная «Вялікая прыгажосць» Паўлё Сарэнтына, у ёй у момант знайшлі водгулле культавага фільму «Салодкае жыццё» Фэдэрыка Фэлліні з Марчэллё Мастраянні (Marcello Mastroianni) у галоўнай ролі. Гэтыя стужкі складуць пару ў першы уік-энд паказаў.

Наступным запланаваны рэзанансны і такі ж па-Сарэнтынаўску насычаны фільм «Маладосць», што быў намінаваны на «Залатую пальмавую галінку». Працягне серыю стужка «Джульета і духі» – адзін з твораў Фэліні, у якіх ён зняў сваю жонку Джульету Мазіну (Giulietta Masina). У апошні ўік-энд будуць паказаныя два фільмы Сарэнтына – ягоная ранняя стужка «Наступствы кахання» і карціна «Лора» пра выкручастую італьянскую палітыку.

Абмяркоўваць з гледачамі фільмы будзе кінаэксперт, праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў.

ІК belsat.eu

Стужка навінаў