Чэхія мае намер спагнаць з РФ не менш як адзін мільярд кронаў за выбухі боепрыпасаў у Вырб'еціцэ


Чэхія плануе запатрабаваць ад Расеі выплаты кампенсацыі ў памеры не менш за 1 млрд крон (каля 47 млн долараў) за выбухі на складах боепрыпасаў у Вырб’еціцэ (Vrbětice) у 2014 годзе. Пра гэта заявіла міністр фінансаў краіны Алена Шылерава (Alena Schillerová) у эфіры Чэшскага тэлебачання.

Склад боепрыпасаў у Вырб’еціцэ пасля выбуху ў 2014 годзе.
Фота: 420on.cz

Улады краіны маюць намер цягам некалькіх тыдняў падрыхтаваць пазоў аб кампенсацыі. Гаворка ідзе ў тым ліку аб кампенсацыі выдаткаў расчышчэнне тэрыторыі пасля выбухаў боепрыпасаў. Усе выдаткі цяпер пакрытыя з дзяржаўнага бюджэту.

Аднак канчатковая сума пакуль не называецца, бо ўлады пацярпелага рэгіёну могуць выставіць свае патрабаванні, улучна з кампенсацыяй маральнай шкоды і кампенсацыяй за немагчымасць выкарыстоўваць маёмасць.

Са словаў міністра фінансаў, кампенсацыю запатрабуюць у адпаведнасці з міжнародным правам, бо калі дамагацца выплаты ў межах крымінальнай справы, то гэта «будзе вельмі доўга». Дэпутат чэшскага парламенту Ондржэй Бэнэшык (Ondřej Benešík) заявіў, што Чэхіі будзе цяжка дамагчыся кампенсацыі ад Расеі, але, паводле яго, чэшскім уладам варта паспрабаваць – хаця б для таго, каб паказаць, што «мы не будзем такога трываць».

Hавiны
Улады Чэхіі высылаюць з краіны 18 расейскіх дыпламатаў
2021.04.18 10:55

Раней чэшскія ўлады выслалі з краіны 18 расейскіх дыпламатаў, бо мелі «абгрунтаваныя падазрэнні» ў датычнасці расейскіх спецслужбаў да выбухаў складоў боепрыпасаў у Вырб’еціцэ ў 2014 годзе. На гэтых складах захоўваліся боепрыпасы чэшскай фірмы, якая займалася продажам зброі ва Украіну. Чэхія пастанавіла выслаць тых, каго ідэнтыфікавалі як супрацоўнікаў расейскіх спецслужбаў: Галоўнага выведнага кіраўніцтва (ГРУ) і Службы вонкавай выведкі Расеі.

Акрамя таго, паліцыя Чэхіі абвясціла ў вышук двух меркаваных супрацоўнікаў ГРУ з прычыны «расследавання абставінаў цяжкага злачынства». Са звестак чэшскіх уладаў, яны прыязджалі ў кастрычніку 2014 года ў Прагу.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў