Былога галоўнага доктара расейскага шпіталю, куды пасля замаху даставілі Навальнага, знайшлі праз тры дні пошукаў


Аляксандр Мурахоўскі.
Фота: Yevgeny Sofiychuk / TASS / Forum

Кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Омскай вобласці РФ Аляксандра Мурахоўскага шукалі тры дні, піша Вот так.

Чыноўнік сам выйшаў да людзей у раёне вёскі Баслы. Цяпер яго вязуць у шпіталь для абследавання. Жонка Мурахоўскага кажа, што ейны муж пакуль «не разумее маштабаў пошуку».

Аляксандр Мурахоўскі знік 7 траўня ў ваколіцах вёскі Паспелава ў Бальшавукоўскім раёне Омскай вобласці РФ. Там размяшчаецца паляўнічая база, дзе і праводзіў час 49-гадовы міністр. Пасля ягонага знікнення сябры паспрабавалі адшукаць чыноўніка самастойна, аднак беспаспяхова. У паліцыю яны звярнуліся толькі праз содні, 8 траўня.

Мужчыну шукалі супрацоўнікі пункту паліцыі «Бальшавукоўскі», Расгвардыя, паляўнічыя інспектары і мясцовыя жыхары. Таксама былі задзейнічаныя верталёты.

Hавiны
Былы галоўны лекар расейскай больніцы, куды пасля замаху даставілі Навальнага, прапаў падчас палявання
2021.05.09 20:54

У шпіталь хуткай медычнай дапамогі, які ўзначальваў Мурахоўскі, 20 жніўня 2020 года паклалі Аляксея Навальнага. Палітыку стала вельмі дрэнна ў самалёце, які экстрана пасадзілі ў Омску. Галоўны доктар адмаўляў, што апазіцыянер быў атручаны, таксама ён цягам двух дзён не дазваляў транспартавання палітыка ў Нямеччыну. На думку Мурахоўскага, палітык апынуўся ў коме з-за парушэння абмену рэчываў. Эксперты з некалькіх краінаў і лабараторыяў выявілі атручэнне Навальнага нервова-паралітычным рэчывам з групы «Навічок».

Вот Так

Стужка навінаў