Двое мужчынаў, якія падалі ў пракуратуру Нямеччыны заявы на Лукашэнку, распавялі свае гісторыі


У Федэральную пракуратуру Нямеччыны была пададзеная заява на Аляксандра Лукашэнку аб злачынствах супраць чалавечнасці. Яе падалі адвакаты ад імя 10 чалавек, якія зазналі катаванні ў Беларусі. Нямецкае выданне «Deutsche Welle» паразмаўляла з двума з іх.

Затрыманні ў Менску працягваюцца. Сілавікі выкарыстоўваюць пярцовы газ. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Адзін з герояў – беларускі IT-спецыяліст Валерый Самалазаў. З ліпеня 2020 года ён працаваў у Вялікай Брытаніі, але вырашыў правесці адпачынак у Беларусі і залагодзіць справы з дакументамі, а таксама прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах.

Праз адсутнасць інтэрнэту аб тым, што адбывалася ў Менску ўвечары 9 жніўня, Валерый даведаўся ад знаёмых і спачатку не паверыў. Але на наступны дзень сам быў затрыманы недалёка ад вакзалу ў цэнтры гораду.

«Я ішоў па тратуары. Мяне акружылі, сталі задаваць пытанні. Я адказваў ветліва, паказаў ім пасведчанне. Але мая майка стала трыгерам. На ёй быў проста дыснэеўскі сімвал фільму «Карнік», але ён іх зачапіў. Сказалі, што гэта яшчэ і сімвал батальёну «Азоў». І ўвесь час нагадвалі пра гэтую майку перад тым, як біць», – успамінае Валерый.

Валерый Самалазаў пасля выхаду з СІЗА у майцы, якая была на ім падчас затрымання.
Фота: dw.com

Таксама ўвагу сілавікоў прыцягнулі і знойдзеныя ў яго брытанскія банкаўскія карты, сім-карта на англійскай, званкі ў Вялікую Брытанію, зафіксаваныя на тэлефоне: «Яны палічылі, што ўзялі арганізатара пратэсту і прасілі надаць «замежнаму шпіёну» асабліваю ўвагу».

«Самае жорсткае абыходжанне было ў РУУС Заводскага раёну і ў аўтазаку па дарозе з РУУС у СІЗА ў Жодзіна. Аўтазак – гэта катавальная камера на колах. У аўтазаку многія людзі крычалі, плакалі, маліліся, кагосьці званітавала. Я сам два разы свядомасць губляў ад болю», – распавядае Валерый.

У нейкі момант над ім нахіліліся і ціха сказалі: «Я бачу, ты болю не баішся. Зробім так, каб было балюча».

«Кровазварот спыніўся, праз нейкі час я не адчуваў рук па локаць. Рабілася невыносна балюча. Тады я сабраўся з духам папрасіць іх аслабіць сцяжкі. Сказаў, што ў мяне трое дзяцей, і я не змагу іх пракарміць без рук. Але да мяне падляцелі і завялі рукі за спінай яшчэ вышэй да галавы. Тады першы раз ад болю страціў прытомнасць», – распавядае Валерый. Пасля другой просьбы ўсё паўтарылася.

Калі хлопца прывезлі ў жодзінскае СІЗА, яму адзінаму загадалі застацца ў аўтазаку: «Сказалі стаяць на каленях, пасля трэба было падняцца. Я не змог, упаў. Мяне паднялі, паставілі да сцяны і пачалі біць па галаве, па грудзях, па жываце, па нагах. Потым выштурхнулі з аўтазака. Потым стаяў на каленях, пакуль не назвалі прозвішча. Зноў жа людзі ў масках сказалі, каб мне «надалі асаблівую ўвагу».

Другі хлопец, Кацпэр Сініцкі, быў затрыманы 10 жніўня ў ваколіцах вуліцы Нямігі ў Менску, калі проста ішоў са сваім сябрам-фотарэпарцёрам.

Кацпэр Сініцкі.
Фота: dw.com

«Нас забралі бусікам да аўтазака, а потым у аўтазаку перавезлі ў Фрунзенскі РУУС Менску. Там нас збівалі, мы наслухаліся розных абразаў, звязаных з нашай нацыянальнасцю. Нас абвінавачвалі ў тым, што мы «лялькаводы», якія прыехалі кіраваць пратэстам і ладзіць каляровую рэвалюцыю», – распавядае хлопец.

Збіваць затрыманых пачалі яшчэ да таго, як даставілі ў РУУС. Сябра білі ўжо ў бусіку, ён страціў прытомнасць, а Кацпэра – у аўтазаку. Але, са словаў хлопца, горш за ўсё было менавіта ў РУУС: «Там нас клалі тварам у падлогу са шчыльна замацаванымі рукамі за спінай, трымалі ў нязручных позах. Мы не маглі рухацца, нас запалохвалі, казалі, што калі будзем рухацца, то выб’юць усе зубы. Таксама прымушалі стаяць на каленях тварам у падлогу. Ногі зацякалі».

Тых, хто не мог вытрымліваць такой позы, збівалі дубінкай: «Нас неаднаразова выводзілі ў калідор, там збівалі. Мы чулі крыкі іншых людзей. Была бачная кроў. Быў псіхічны ціск: супрацоўнікі хадзілі, размахваючы бейсбольнай бітай, і мы не ведалі, чаго чакаць. Нам не дазвалялі піць ваду, не давалі есці, спаць, выйсці ў туалет. Тварылася поўнае беззаконне».

Артыкулы
У пракуратуру Нямеччыны падалі заяву на злачынствы Лукашэнкі
2021.05.05 11:26

Адвакаты і пацярпелыя, якія падалі заяву ў нямецкую пракуратуру, заявілі, што спадзяюцца на незалежнае расследаванне ў Нямеччыне і што гэта, магчыма, стане першым этапам на шляху прызнання рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычнай арганізацыяй.

АД belsat.eu

Стужка навінаў