«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай

Баец беларускага батальёну Кастуся Каліноўскага Дзяніс Кіт на пачатку сакавіка браў удзел у абароне Бучы. У тым самым баі загінуў добраахвотнік Ілля Хрэнаў з пазыўным «Ліцвін». Дзяніс распавёў «Белсату» пра тыя падзеі першага тыдня вайны.

Людзі гатуюць ежу на вагні каля свайго дому. Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года. Фота: Белсат

«Я паўсюль шукаў Ліцвіна, потым убачыў яго на зямлі. Я зразумеў, што ён загінуў»

26-гадовы мянчук Дзяніс Кіт – старэйшы інструктар у батальёне Кастуся Каліноўскага, вучыць ваяваць маладых байцоў. З Беларусі ён з’ехаў у 2015 годзе, ва ўзросце 18 гадоў, і накіраваўся добраахвотнікам на Данбас. Як толькі сёлета ў лютым Расея распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, Дзяніс зноў пайшоў на фронт. 3 сакавіка ён удзельнічаў у баі за Бучу пад Ворзэлем.

– ЗСУ тады спрабавалі адцягнуць ворага, каб ён адышоў назад. Нам была пастаўленая задача выведкі і абароны адной з стратэгічна важных дарог, па якой варожая тэхніка магла атачыць Бучу. Трэба было не даць ім прайсці ў горад, – распавядае Дзяніс. – Мы былі пяхотай у колькасці 40 чалавек, без тэхнікі. Мы прайшлі пешшу ўсю Бучу, замацаваліся ў мястэчку Ворзэль і там чакалі каля гатэлю «Віла Сан-Марына». Спадзяваліся на невялікую калону тэхнікі ворага, якую б мы ліквідавалі. Але так здарылася, што сілы расейцаў былі большымі за нашыя. Вораг накіроўваў больш за 70 адзінак тэхнікі на нас, пехацінцаў, у якіх былі толькі гранатамёты і кулямёты.

«Калі Расею не спыніць, Буча будзе паўтарацца». Размова з байцом батальёну Кастуся Каліноўскага

Хлопцы замацаваліся ў гатэльным комплексе і вырашылі прыняць бой, хоць і разумелі, што перавага не на іхным баку.

– Мы ўсведамлялі, што хутчэй за ўсё мы адтуль не выберамся, і вырашылі хаця б знішчыць тэхніку і пяхоту ворага, наколькі гэта атрымаецца, – кажа Дзяніс. – Цягам 12 гадзінаў мы былі ў атачэнні. Нейкім цудам мы змаглі адтуль выйсці. На жаль, не ўсе.

Кіт разам з Ліцвінам былі разлікам гранатамёта РПГ.

– Ён быў стралком, а я насіў яму гранаты. З гранатамёта ён тады падбіў варожы грузавік, – распавядае наш суразмоўца. – Пазней, пакуль мы сядзелі ва ўкрыцці ў гатэлі і думалі, што рабіць, Ліцвін раптам выйшаў на вуліцу, сказаў, што зараз прыйдзе. Відаць, ён хацеў перабегчы ў іншы будынак, каб удакладніць сітуацыю, – там таксама былі нашыя людзі. У той самы момант пачаўся абстрэл артылерыяй. Нам сказалі, што недзе на вуліцы ёсць нейкі бункер, мы пабеглі, я думаў, што нешта не бачу Ліцвіна. Пайшоў яго шукаць па гатэльным комплексе. Клікаў. Я думаў, што ён недзе паранены і яму трэба дапамагчы. І нават калі ён ужо «двухсоты», яго трэба выцягнуць. А потым убачыў яго на вуліцы, ён ляжаў на зямлі. Ён быў бледны, я разумеў, што ён загінуў. Мы з напарнікам адцягнулі яго за будынак.

«Побач са мной паміраў баец – я трымаў ягоную руку і адчуваў, як яго пакідае жыццё»

Байцы выклікалі на дапамогу тэхніку, каб вывезці параненых і загінулых, і тады пачалася другая фаза бою.

– Мы былі вымушаныя адступіць і замацавацца ў адным з дамоў, – прыгадвае Дзяніс. – Пазней, калі ўжо быў у лякарні, я даведаўся, што нашая падмога даехала, але позна – там ужо стаяла варожая тэхніка і нашых не падпусціла. Завязаўся бой, і група, якая мусіла нас вывозіць, была вымушаная адступіць. Пачаліся нашыя доўгія 12 гадзінаў у атачэнні.

Расейцы абстрэламі спрабавалі выцягнуць байцоў з дому.

– Дом ператварыўся ў руіны, праз нейкі час другога паверху ўжо цалкам не было, першы паверх быў амаль цалкам знішчаны, акрамя кухні, дзе мы занялі абарону. Я не ўяўляю, наколькі нам пашчасціла, што тая кухня не склалася з астатнім домам, – зазначае маладзён. – Пасля таго, як дом расстралялі, да нас накіравалі пяхоту – праверыць, ці ёсць яшчэ нехта жывы. Мы далі ім адпор. Тады яны зноў сталі страляць па доме чым толькі можна было. Мы вырашылі захоўваюць поўную цішыню, каб зымітаваць, нібы мы цалкам знішчаныя. Мы думалі, што ў тым доме і паляжам.

Спаленыя машыны пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе ў 20 кіламетрах пад Кіевам, Украіна. 2 красавіка 2022 года. Фота: Белсат

Вайскоўцы, якія заставаліся ў доме, не размаўлялі, не рухаліся, чакалі цемры. Байцы з ЗСУ дамовіліся пра эвакуацыю, але дзеля гэтага трэба было прайсці кіламетры з паўтара да бяспечнага месца, адкуль іх маглі забраць. Гэта было магчыма зрабіць толькі ў цемры.

– У нас былі параненыя. Я быў разам з хлопцам, якому рабілася ўсё горш і горш. У яго былі зацягнутыя жгуты, аднак яму было ўсё горш, я разумеў, што ён губляе кроў, – распавядае Дзяніс пра тыя гадзіны ў доме. – Я браў ягоную руку і казаў: моцна сціскай. Па сіле хвату я разумеў, колькі ў ім жыцця. У нейкі момант я пачаў адчуваць, што ён слабне і жыццё яго пакідае. У яго пачаліся канвульсіі. Я разумеў, што ён памірае. Мы нічога не маглі зрабіць. Я спрабаваў яго супакоіць, трымаў ягоную руку, казаў яму, што ён добры воін, годна змагаўся. Я думаю, што ў такія моманты вельмі страшна, і мне было важна, каб ён разумеў, што сыходзіць не ў самоце, што побач ёсць нехта, хто яго аберагае ў гэты момант.

«Мы, пяхота, змаглі даць «пражарку» калоне ворага на тэхніцы»

Байцы выйшлі з дому глыбокай ноччу.

– У хлопцаў з ЗСУ былі прыборы начнога бачання, і дзякуючы ім мы змаглі выйсці з таго пекла, – распавядае Дзяніс. – У мяне была параненая рука, я не мог нармальна трымаць аўтамат, таму ўзяў параненага ў нагу хлопца і дапамагаў яму ісці.

Пазней, ужо ў лякарні рэнтген паказаў, што ў руцэ ў Дзяніса тры аскепкі.

– Адзін дасталі, а іншыя два не змаглі, сказалі жыць з імі, калі не перашкаджаюць. Пакуль, здаецца, усё добра, – кажа маладзён.

Шокавы змест
Каб пабачыць, клікні на фота/відэа
Забітыя расейскімі вайскоўцамі мясцовыя жыхары гораду Ірпінь, Украіна. 3 красавіка 2022 года. Фота: МП / Белсат

Дзяніс зазначае, што, хоць тады ў Бучу адпраўлялі дасведчаных байцоў, аднак такой разні не чакалі.

– Адбіралі тых, хто ўжо меў баявы досвед, а мы з Ліцвінам ваявалі на Данбасе, ён з 2014 года, я – з 2015-га. Мы былі падкаваныя ў пытаннях ваеннай падрыхтоўкі, працавалі інструктарамі апошнім часам. З намі таксама былі ветэраны «Азову», вайскоўцы ЗСУ. Мы вельмі ганарыліся, што мы ў гэтай групе, – кажа добраахвотнік. – Мы чакалі да 10 адзінак тэхнікі, аднак хутка стала зразумела, што яе нашмат больш. Ужо пасля бою я даведаўся, што там было ад 70 да 100 адзінак, і стаў яшчэ больш ганарыцца нашымі байцамі, бо ў нас, звычайнай пяхоты, атрымалася даць «пражарку» калоне ворага на тэхніцы. Тыя, хто загінулі ў тым баі, як Ліцвін, – сапраўдныя героі.

Дзяніс таксама зазначае, што расейскія салдаты, якія ішлі на Бучу, – гэта былі не тыя «пацярашкі», якіх адпраўлялі першымі, на самым пачатку вайны, і якія чакалі, што іх будуць сустракаць з кветкамі.

– Гэтыя мэтанакіравана ехалі захопліваць горад і забіваць. Яны стралялі ва ўсё жывое і нежывое, – кажа Дзяніс. – Калі я даведаўся, што там былі кадыраўцы, спецпадраздзяленні РФ, я яшчэ больш стаў ганарыцца нашай звычайнай пяхотай. Тады я зразумеў, што нам дадало моцы і дапамагло выйсці жывымі. Той, хто абараняе сваё, свой дом, нават з голымі кулакамі ў разы мацнейшы за нападнікаў.

«Самае страшнае на вайне – смерць братоў»

Дзяніс рыхтаваўся да вайны і разумеў, што яна будзе. Не шакавала маладзёна і калі расейцы сталі бамбаваць мірныя гарады, расстрэльваць звычайных бяззбройных людзей.

– Я бачыў, як яны страляюць па мірных дамах у Мар’інцы на Данбасе, як знішчалася Шырокіна ў Данецкай вобласці, таму мяне ўжо нічога не здзіўляла, – кажа баец. – Хоць, натуральна, ты адчуваеш шок, калі едзеш па Бучы і бачыш забітых цывільных. У мяне асабіста гэта выклікае яшчэ большую нянавісць да ворага. Мне хочацца яшчэ лепш самому падрыхтавацца, навучыць іншых байцоў і адпомсціць за ўсю пралітую кроў цывільных і воінаў, якія абараняюць наш дом. Так, гэта шок, але гэта шок вайскоўца. Гэта не паніка і роспач, а злосць і жаданне адпомсціць.

Раздача гуманітарнай дапамогі жыхарам Бучы, Украіна. 2 красавіка 2022 года. Фота: МП / Белсат

Дзяніс зазначае, што розніца паміж тым, з чым яму давялося сутыкнуцца на Данбасе і сёлета ў Бучы, – каласальная.

– Там былі службы АБСЕ, якія кантралявалі рэжым цішыні, у нейкія дні нам дыктавалі, можам мы страляць ці не, у незалежнасці ад таго, ці страляюць у нас. Гэты кантроль моцна выбіваў з каляіны, – кажа баец. – Цяпер няма ніякіх міратворцаў, ніякага кантролю, да ўсіх дайшло тое, што павінна было дайсці яшчэ тады, што гэта сапраўдная вайна, і што рэжым Пуціна не супакоіцца, пакуль не знішчыць Украіну. Мяне асабіста радуе, што цяпер нас ніхто не трымае і не забараняе страляць.

«Яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь». Як працуе каардынацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых ваяваць за Украіну

Дзяніс кажа, што вайна яго не пужае, і нават уласна бой – гэта не страшна.

– Я не баяўся з самага пачатку. У першыя гадзіны было цяжка ўсвядоміць, што ўсё гэта насамрэч адбываецца, аднак мы загадзя рыхтаваліся, таму страху не было, – кажа маладзён. – Боль, кроў, пот, слёзы – усё можна вытрымаць. Што найцяжэй перажыць – гэта смерці братоў. Страты – самае страшнае на вайне.

Цяпер Дзяніс у Кіеве, праводзіць навучанне добраахвотнікаў батальёну Кастуся Каліноўскага. Як і іншыя байцы, ваяваць ён збіраецца да перамогі.

«Людзі хавалі сваіх дзяцей у агародах, разумееце?» Жыхары вызваленай Барадзянкі – пра акупацыю расейцаў

Ганна Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны