Ва Украіну не ўпусцілі аўтобус з беларусамі: пасажыры мелі фальшывыя даведкі аб ПЦР


Дзяржаўная памежная служба Украіны паведамляе пра інцыдэнт, які адбыўся з беларускімі грамадзянамі ў пункце пропуску «Дольск» Луцкай заставы.

Аўтобус з грамадзянамі Беларусі накіроўваўся ва Украіну. Сертыфікаты ПЦР-тэставання на COVID-19, якія былі ў пасажыраў аўтобусу, у памежнікаў выклікалі сумневы ў іх сапраўднасці. Пры больш пільным даследаванні ўкраінскія памежнікі высветлілі, што ў бланках адсутнічаюць неабходныя дадзеныя, а ў некаторых даведках супадаюць нумары.

Агулам было знойдзена 35 падробленых сертыфікатаў ПЦР-тэставання на COVID-19. У выніку памежнікі адмовілі грамадзянам Беларусі ва ўездзе ва Украіну.

Аўтобус з беларусамі не прапусцілі ва Украіну праз фальшывыя даведкі.
Фота: dpsu.gov.ua

Аб гэтым факце былі праінфармаваная Нацыянальная паліцыя Украіны. Цяпер паліцыя будзе вырашаць пытанне, ці распачынаць крымінальную справу па факце падробкі дакументаў.

Нагадаем, на мінулым тыдні некаторыя беларусы скардзіліся на праблемы з уездам ва Украіну: нібыта ўкраінскія памежнікі не прапускалі мужчынаў, якія не маюць віду на жыхарства і не могуць пацвердзіць мэту свайго падарожжа ва Украіну. Але ўкраінскія ўлады падкрэсліваюць, што для грамадзянаў Беларусі дадатковых абмежаванняў на ўезд не ўводзілася.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў