Праграміст, якога збіў міліцэйскі бус, – пра затрыманне, прысуд і справу, якой няма

Гісторыя 35-гадовага праграміста Сцяпана Чыкілёва, якога ўвосень збіў бус з сілавікамі, працягваецца. Падчас маршу памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада каля станцыі метро «Пушкінская» хлопец кінуў у бок міліцэйскай машыны ком друзу, пасля чаго яго збіў бус. Сцяпана адразу затрымалі і амаль два з паловай месяцы ён заставаўся за кратамі паводле крымінальнай справы: яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў 3 гады «хіміі». Цяпер Сцяпан спрабуе абскарджваць рашэнні суда і прызнаць паказанні сведак-амапаўцаў на ягоным судзе ілжывымі.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Белсат» паразмаўляў са Сцяпанам Чыкілёвым пра месяцы ў СІЗА, стаўленне да палітзняволеных і пра ягоную спробу даказаць уласную невінаватасць.

Як усё было

У Менску 15 лістапада меў адбыцца марш памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Месцам збору прызначылі метро «Пушкінская».

Сцяпан згадвае, што ў той дзень пакінуў аўтамабіль у дварах і вырашыў пайсці пешшу ў «Ракаўскі кірмаш». Ён прайшоў па праспекце Пушкіна хвілінаў дзесяць, калі заўважыў, што ДАІ перакрывае рух транспарту. Убачыўшы на праезнай часткі людзей і нейкі канфлікт на дарозе, хлопец вырашыў падысці бліжэй, як раптам пачаліся затрыманні.

Тады ён выбег на праезную частку і кінуў ком друзу ў бок мікрааўтобуса, у які пачалі цягнуць людзей. Аднак да аўтамабіля ком не далецеў. У гэты момант па сустрэчнай паласе ехаў іншы бус, які і збіў хлопца, – той нават не заўважыў машыну, настолькі ўсё хутка адбылося.

З буса выскачылі сілавікі і запіхнулі яго ўсярэдзну, там моцна збілі, ужывалі электрашокер. Пасля гэтага Сцяпан трапіў у БХМД. Да яго нікога не пускалі і нават не давалі патэлефанаваць родным.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Медыкі дыягназавалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму, страсенне галаўнога мозгу, ранкі на лобе і скроневай вобласці, а таксама шматлікія ранкі верхніх і ніжніх канцавінаў, ушыб правай ныркі.

«Там няма павагі да чалавека»

Пасля некалькіх дзён у менскай Бальніцы хуткай медычнай дапамогі Сцяпана перавялі ў Жодзінскі СІЗА. Каля месяца ён заставаўся ў бальнічным корпусе з-за атрыманых траўмаў.

Адрозненне такіх камераў ад звычайных – меншая колькасць ложкаў, бліжэй кабінет доктара і лепшая ежа: могуць даць масла ці малако. Таксама раз на дзень водзяць да доктара па таблеткі. «Але медычнае абслугоўванне там не лепшае. У іх 3–4 таблеткі на ўсе выпадкі жыцця», – распавядае хлопец.

Пасля месяца ў бальнічным корпусе Сцяпана перавялі ў звычайны, а за два тыдні да суда даставілі ў Менск на Валадарку.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Умовы ўтрымання на Валадарцы Сцяпан называе лепшымі, чым у Жодзіна паводле ўсіх параметраў, хаця б таму, што ў камеры ёсць тэлевізар:

«У Жодзіне стаўленне супрацоўнікаў горшае, ды і самі камеры горшыя: у маёй вельмі дрэнна зачынялася акно і пастаянна намярзаў лёд. А яшчэ ў Жодзіне ў закрытай кратамі нішы над дзвярыма стаяць калонкі, праз якія гучыць радыё. Калі я туды заехаў у снежні, у іх была «акцыя»: яны ўключалі нейкія 28 прапагандысцка-патрыятычных песень кшталту «Батька в доме», «Любимую не отдают», «Беларусь-Россия – две сестры», і зацыклена ставілі іх увесь дзень, з раніцы і да вечара, з перапынкам на навіны. Пасля Новага года яны рэзка перасталі так рабіць – хадзілі чуткі, што хтосьці «ўскрыўся» з-за гэтага».

Як кажа Сцяпан, калі ты толькі трапляеш у СІЗА, табе цяжка і складана, але з часам ты адаптуешся:

«На самой справе спачатку, вядома, складана: у цябе жыццё змяняецца па пстрычцы пальца, груба кажучы. І сістэма там так пабудаваная, што павагі да чалавека, да ягонай маёмасці або правоў проста не існуе, нягледзячы на тое, што суд яшчэ не прызнаў тваю віну».

Усе негатыўныя моманты падчас увязнення Сцяпан звязвае менавіта з працаю самой сістэмы і яе супрацоўнікамі.

«Абразы палітычных зняволеных, прыніжэнне, псіхалагічны ціск – гэта ўсё прысутнічае», – кажа хлопец.

З сукамернікамі ў Сцяпана не было ніякіх праблемаў. Сярод зняволеных там траціна – палітычныя, а астатнія – звычайныя абвінавачаныя паводле крымінальных артыкулаў.

«Цябе не садзяць з нейкімі зладзеямі і крымінальнікамі, ты ў асноўным сядзіш з тымі, хто таксама трапіў першы раз. Мне ва ўсякім выпадку на сукамернікаў шанцавала, усе былі адэкватныя, нармальныя людзі. Там нават тыя, хто не палітычны, разумее, што адбываецца ў краіне. Ніхто гэтую сістэму не падтрымлівае, можа толькі адзінкі», – успамінае Сцяпан.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У СІЗА зняволеныя застаюцца ў інфармацыйным вакууме, і гэта самае складанае, распавядае хлопец:

«Ты сядзіш і не ведаеш, што адбываецца. Карэспандэнцыя там дрэнна ходзіць, да таго ж і цэнзура, таму навінаў практычна не паступае. У асноўным навіны мы атрымлівалі праз адвакатаў, праз новых людзей, часам прыходзіла газета «Новы час». У Жодзіна насілі «СБ», але зразумела, якая там інфармацыя».

«Людзі працягваюць там сядзець»

Радыкальных зменаў у жыцці пасля абвінаваўчага прысуду ў Сцяпана пакуль не адбылося: ён працягвае працаваць праграмістам у менскай кампаніі. На працы ў гэтым плане яму дапамаглі: працягнулі кантракт, а на час арышту аформілі адпачынак за свой кошт. Некаторыя калегі прыходзілі і на судовыя працэсы, выказваючы салідарнасць.

«Ведаю, што і іншым калегам давалі содні, штрафы, але ўсе разумеюць, што адбываецца, таму і падтрымліваюць адзін аднаго», – кажа Сцяпан.

Па выніках крымінальнай справы Сцяпана асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер хлопец чакае ліст з Дэпартаменту выканання пакаранняў, у якім будзе пазначана, куды і калі яму ехаць адбываць прысуд.

Прысуд Сцяпану Чыкілёву ў крымінальнай справе. Скрыншот з асабістага архіву

«Цяпер у мяне думкі пра тое, што людзі працягваюць там сядзець, шмат хто проста ні за што. Абвінавачанні высоўваюцца без якой-небудзь канкрэтыкі, і людзі сядзяць некалькі месяцаў з такімі абвінавачаннямі. Можа, некаторыя штосьці і зрабілі, але пры такім рэжыме атрымліваюць абсалютна неадэкватныя прысуды. Гэта самае сумнае.

Калі я зайшоў у камеру пасля свайго пасяджэння і сказаў, што пракурор запытаў 3 гады «хіміі», мяне палічылі шчасліўчыкам, бо шмат хто тады з’язджаў адразу ў калонію», – распавядае Сцяпан.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Спрабуе дабіцца праўды

Пакуль ішло следства ў крымінальнай справе, Сцяпана без ягонага ўдзелу 21 снежня судзілі паводле адміністратыўнага артыкулу 23.34 за ўдзел у той жа акцыі 15 лістапада.

Згодна з матэрыяламі справы хлопец удзельнічаў у акцыі пратэсту і быў затрыманы каля 12:00. Суддзя Фрунзенскага раёну Менску Ганна Буйноўская палічыла ягоную віну даказанай і прызначыла яму штраф на 30 базавых велічыняў.

Адвакатка Сцяпана падала скаргу на прысуд у Менскі гарадскі суд, адзначыўшы, што ў Фрунзенскім судзе парушылі правы падабароннага хадайнічаць у судовым разглядзе. Таксама ў паказаннях сведкі Мінкаўца і ў рапарце супрацоўніка міліцыі Нараўца знайшлі парушэнні і факты ілжэсведчання: Сцяпан фізічна не мог быць затрыманы а 12:00 15 лістапада, бо ўжо ў 12:27 яго затрымалі ў крымінальнай справе. Аднак суддзя заявіла, што ўсе доказы ў справе «былі атрыманыя з вартых даверу крыніцаў і не выклікаюць у суда сумневаў у іх сапраўднасці».

Пастанова ў адміністратыўнай справе Сцяпана Чыкілёва ад 15 лістапада. Скрыншот з асабістага архіву

Пасля выхаду з СІЗА Сцяпан накіраваў яшчэ адну скаргу на рашэнне суда і дадаў запіс відэарэгістратара з асабістага аўтамабіля, дзе відаць, што а 12:00 ён яшчэ быў у аўтамабілі, і пакідае яго толькі ў 12:10.

Адказу на гэтую скаргу яшчэ не было.

У крымінальнай справе Сцяпана таксама не абышлося без супярэчлівых паказанняў сведак і недаказаных абвінавачанняў.

Напрыклад, спачатку ў зале суда сведкі сцвярджалі, што былі ў машыне ў той момант, калі нібыта адчулі ўдар па аўтамабілі. Аднак у ходзе судовых разглядаў змянілі свае паказанні на тыя, якія давалі падчас следчых дзеянняў: што ў момант кідка яны былі побач з машынай і асабіста бачылі, што Сцяпан кідае нешта ў бок машыны.

Сцяпану Чыкілёву, айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі». Менск, Беларусь. 24 сакавіка 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Таксама ў справе пазначана, што Сцяпан здзейсніў «не менш як тры кідкі» невядомым прадметам у бок аўтамабіля, аднак ніякіх доказаў абвінавачанне не падало. Не прадставіла яно і доказаў аб пашкоджанні хлопцам двух іншых службовых аўтамабіляў, на пакрыццё пашкоджанняў якіх яго прымусілі выплаціць 1180 рублёў.

Суддзя Наталля Бугук палічыла ўсе абвінавачанні ў справе даказанымі, хоць доказаў не было. Акрамя відэа, на якім Сцяпан робіць адзін кідок у бок машыны.

На судзе Сцяпан часткова прызнаў сваю віну: фізічна быў у названым месцы ў той час і зрабіў адзін кідок у бок транспартнага сродку. Але не каменем, як заяўлена ў справе, а камяком бруду і друзу. Таксама хлопец адмаўляе парушэнне парадку, здзейсненага групаю асобаў, паколькі быў адзін, што пацвярджаецца відэа. Сведкі таксама пацвярджаюць гэта, але суд доказы праігнараваў.

А што наконт таго, што на Сцяпана наехаў мікрааўтобус?

Справу за тое, што міліцэйскі бус збіў хлопца, распачынаць не збіраюцца. У ДАІ яму заявілі, што яны не маюць дастатковых звестак, каб пачаць адміністратыўны працэс, і не бачаць падставаў для такой праверкі, а таксама і тэрміны для распачынання гэтага працэсу ўжо мінулі.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны