«Начамі п’ю таблеткі ад ціску». Пенсіянерка марыць дачакацца сына, асуджанага за гвалт над амапаўцам

Уладзімір Кацкель у судзе Фрунзенскага раёну падчас разгляду крымінальнай справы. Менск, Беларусь. 30 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат

44-гадовага менчука Уладзіміра Кацкеля судзілі ў складзе чацвёркі, якая адбіла і абараніла ад затрымання АМАПам мінака. Інцыдэнт здарыўся ўвечары 11 кастрычніка ля станцыі метро «Пушкінская». Кацкель на судзе сцвярджаў, што яго там не было. Тым не менш вырак – пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 КК РБ («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні міліцыянта»).

На волі Уладзіміра чакаюць малодшы брат, бацькі-пенсіянеры (бацька – інвалід 1-й групы). Маці вязня Наталля Кацкель распавяла «Белсату», як змянілася іхнае з мужам жыццё пасля затрымання сына.

Гуляў у футбол разам з Лукашэнкам

Уладзімір Кацкель да затрымання быў звычайным работнікам на адным з менскіх прадпрыемстваў. У мінулым – прафесійны футбаліст. Навучаўся ў Акадэміі фізічнай культуры. Гуляў у камандах «Зорка», «Шахцёр», браў удзел у чэмпіянаце ў Балгарыі. У 1996 годзе ў складзе зборнай акадэміі сын гуляў разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Уладзімір быў брамнікам. Пасля гульні Лукашэнка падараваў яму майку, пальчаткі і гадзіннік.

З вялікага футболу сышоў праз траўму ключыцы ў пачатку 2000-х гадоў. Але працягнуў заняткі спортам для сябе, на аматарскім узроўні: займаецца боксам, падымае штангу, бегае, ходзіць у трэнажорную залу, не кінуў і футболу.

Здымак зроблены пасля футбольна матчу, дзе сустреліся менскае «Дынама» і каманда студэнтаў «АФІС-РШВСМ». Уладзімер Кацкель і Аляксандр Лукашэнка гулялі ў камандзе студэнтаў. Пасля матчу ў гонар рэферэндуму 1996 году Лукашэнка ўручыў Кацкелю імянны гадзіннік. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Уладзіміра затрымалі 27 кастрычніка. Спадарыня Наталля даведалася пра арышт, калі была з мужам на лецішчы:

– Штолета я вывожу свайго мужа, інваліда 1-й групы, на нашае лецішча. Звычайна мы вярталіся да восені, але летась я звольнілася ў чэрвені, таму мы засталіся за горадам даўжэй. Пакуль 27 кастрычніка мне не патэлефанаваў адвакат і не сказаў, што я мушу забраць у следчага ключы ад машыны і кватэры.

У жанчыны здарылася істэрыка, яна моцна спужалася, што калі гаворка пра машыну, то сын некага збіў ці з ім нешта здарылася.

– Мне стала блага, я крычала і прасіла сказаць, што з маім сынам, – распавядае маці вязня. – Адвакат супакоіў мяне, але сказаў, што мне лепш хутчэй прыехаць.

З дзяцінства ні на што не скардзіцца

Спадарыні Наталлі давялося хутка шукаць, хто б дапамог прывезці мужа ў Менск. Ужо раніцаю 28 кастрычніка яна сустрэлася з адвакатам сына і даведалася, што Уладзіміра затрымалі за тое, што нібыта 11 кастрычніка падчас разгону Маршу гонару каля станцыі метро «Пушкінская» ён разам з яшчэ трыма мужчынамі перашкодзіў амапаўцам затрымаць чалавека і ўчыніў з сілавікамі бойку. На судзе Уладзімір Кацкель адмаўляў сваю прысутнасць на «Пушкінскай» у той вечар.

Наталля Ўладзімераўна і Фёдар Фёдаравіч, бацькі палітвязня Уладзімера Кацкеля. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

6 красавіка спадарыня Наталля атрымала першае спатканне з Уладзімірам у СІЗА на Валадарцы. Да гэтага жанчына магла бачыць сына толькі на судовых паседжаннях. Выглядае Уладзімір няблага, не схуднеў. Ні на што не скардзіцца. Стараецца падтрымліваць фізічную форму, адціскаецца ў камеры, з валізак зрабіў сабе нешта накшталт гантэляў, падымае іх. Шмат чытае, гуляе ў шахматы, шашкі. Хацеў вучыць англійскую мову – папрасіў, каб яму перадалі падручнік, але ў СІЗА не прынялі.

– Ён з дзяцінства такі, ніколі ні на што не скардзіцца, – кажа спадарыня Наталля. – Калі ў яго была выбітая ключыца, гэта падчас трэнавання здарылася, я выклікала хуткую, фельчарка глядзела на яго і не верыла: «У вас такі шокавы боль цяпер, а вы ўсміхаецеся?» А ён адказваў: «А навошта мне крычаць, маму пужаць сваім крыкам?».

«Мусіць і ўнук героем стаць, калі дзед – герой»

Спадарыня Наталля два разы на тыдзень носіць сыну перадачы. Яе ўжо пазнае работніца пакою перадачаў, заўсёды вельмі ветлівая і зычлівая, пытае, як жыццё. Маці вязня зазначае, што былі праблемы з карэспандэнцыяй, асабліва дрэнна лісты ішлі ў канцы года і пасля навагодніх святаў:

– У лютым я атрымала лісты за студзень. Я пішу сыну штодня, а ці даходзіць усё да яго, не ведаю. Дачка пляменніка жыве ў ЗША, яна мне для яго дасылала ліст, я пераслала, але дакладна ведаю, што яму так і не перадалі.

Паштоўка ад Уладзімера Кацкеля. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Пра сына спадарыня Наталля кажа, што ён звычайны чалавек, са сваймі добрымі якасцямі і хібамі. Часам можа выбухнуць, але хутка супакойваецца. З абвостраным пачуццём справядлівасці і сумленнасці.

– Ведаеце, ёсць такія словы з песні: мусіць і сын героем стаць, калі бацька – герой. У выпадку Уладзіміра – мусіць і ўнук героем стаць. Бо ён увесь у дзядулю, – адзначае маці вязня. – Не выглядам, а характарам, вытрымкаю. Ягоны дзядуля, мой тата, вучыўся ў школе ў Расонах, дзе Машэраў выкладаў фізіку. І калі пачалася вайна, Машэраў забраў хлопцаў, у тым ліку майго тату, да сябе ў партызанскі атрад. Гэтак мой тата, Уладзімір Паруль, у 17 гадоў стаў адным з наймаладзейшых камісараў партызанскага атраду імя Петракова.

«Як ім скажуць зверху, так яны і судзяць»

Суд пастанавіў сканфіскаваць машыну Уладзіміра, удома апісалі тэлевізар і канапу. Цяпер Кацкель разам з адвакатам рыхтуецца падаваць апеляцыйную скаргу на вырак. Спадарыня Наталля не верыць, што гэта нешта зменіць, бо, пабачыўшы паседжанні ў судзе Фрунзенскага раёну, расчаравалася ў беларускай судовай сістэме:

– Суд праходзіў так, як на тое была ўстаноўка зверху. Як ім кажуць сёння, так яны і судзяць. Нельга нічога іншага чакаць.

Спадарыня Наталля запомніла, як на працэсе шасцёра нібыта пацярпелых амапаўцаў прасілі скампенсаваць маральную шкоду. Іх было сямёра, але адзін сказаў, што не пазнае мужчынаў у клетцы, таму адмаўляецца ад прэтэнзіяў.

Бацькі Наталлі Кацкель: заслужаны ўрач Беларусі Антаніна Іванаўна і Уладзімір Францавіч Паруль – адзін з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі нашай краіны, пазней – дырэктар школы. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Паводле маці вязня, ніхто і з тых шасці дакладна не пазнаў ейнага сына, казалі толькі, што на іх нападаў «мужчына такой камплекцыі». Але тым не менш суд забавязаў усіх чацвярых асуджаных выплаціць кожнаму сілавіку 2–3 тысячы рублёў кампенсацыі.

– Адзін з іх казаў, што цэлы дзень не мог працаваць, бо яму было крыўдна і кепска, што іх абзывалі фашыстамі. Смешна проста, – згадвае жанчына. – У іншага нібыта кінулі скрыню, і ў яго балеў бок. Пры гэтым ніякіх медычных дакументаў не было.

Спадарыня Наталля спадзяецца, што сына прызнаюць палітычным вязнем.

«Знішчаюць найлепшую частку народу – маладых, разумных, сумленных»

Наталля Кацкель шмат ад чаго ў Беларусі жахалася і раней, добра ўсё бачыла ды разумела, але тое, што стала адбывацца пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, аказалася найбольш страшным досведам за ўсё жыццё.

– Часта думаю, што калі б мой тата ўстаў і пабачыў гэта ўсё, то ці адразу назад бы лёг, ці ў танк бы сеў – настолькі страшна тое, што адбываецца, – кажа маці вязня. – Грамадства раз’ядналася. Я сустракаю як людзей, якія дзякуюць мне за сына, але таксама і зусім іншае стаўленне. На шчасце, апошніх усё ж менш. А яшчэ вельмі шмат у нас абыякавых, якія ўсё паўтараюць «абы не было вайны».

Пакой Уладзімера Кацкеля ў кватэры бацькоў. На фоне – медалі за спартыўныя перамогі. На канапу і тэлевізар Уладзімера накладзены арышт. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021. Фота: ТК / Белсат

Цяперашнія ўлады, на думку спадарыні Наталлі, павінны не выціскаць самых актыўных людзей – моладзь – з грамадскага жыцця і краіны, а, наадварот, даць ім дарогу, і яны здолеюць пабудаваць сабе добрую краіну:

– З часу рэвалюцыі 1917 года на нашай тэрыторыі знішчалі найлепшую частку нашага народу – самых разумных, прасунутых, сумленных. Тое самае адбываецца і цяпер.

«Я паставіла перад сабою мэту – дачакацца Воўку»

Жыццё пенсіянераў Кацкеляў пасля арышту сына моцна змянілася.

– Я заўсёды была актыўнаю жанчынаю, – распавядае спадарыня Наталля. – Хоць мне ўжо 70 гадоў, але я працавала, даглядала мужа, спраўлялася з лецішчам. Летась я ў адно імгненне сталася гіпертонікам. Пасля таго званка адваката ў мяне падняўся ціск да 220 на 110. І з таго часу я штоночы п’ю таблеткі ад ціску і ўздрыгваю ад кожнага гуку.

Жанчына баіцца дрэнных вестак пра сына, што з ім нешта здарыцца. Баіцца за сваіх блізкіх, пенсіянерка цяпер не адчувае, што яна ці ейная сям’я – у бяспецы ў роднай краіне, у сваёй хаце:

– Страшна. Нават выйсці на вуліцу, нам, бабулькам, сабрацца і пагуляць страшна. Выйдзеш, а табе насустрач ідзе АМАП – непрыемна і больш не хочацца гуляць.

Да затрымання Уладзімір Кацкель жыў разам з бацькамі: была патрэбная дапамога з бацькам-інвалідам. Без сына спадарыні Наталлі стала цяжэй даглядаць мужа, які не можа сам перасоўвацца. Часам прыязджае малодшы сын, але гэта зусім не тое, як калі Уладзімір заўсёды быў побач. У ягонага брата – сям’я, ён не можа цалкам прысвяціць сябе бацькам.

Фёдар Фёдаравіч і Наталля Уладзімераўна. Менск, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Цяпер стала немагчыма радавацца святам. Таксама горш адчувае сябе муж, хоць і намагаецца трымацца.

– Мы цяпер жывём толькі сынам і падзеямі ў краіне – чытаем, глядзім. Асабістага жыцця ў нас не стала, – кажа маці вязня. – У студзені ў мяне быў юбілей, але які гэта цяпер юбілей? І Новы год таксама – якое гэта свята, калі сын за кратамі? Але трэба жыць. Вось учора пабачыла яго – і лягчэй стала. Я паставіла перад сабою мэту – дачакацца Воўку. І муж таксама, хоць і хварэе. Мы мусім яго дачакацца. Бо больш няма каму яго чакаць.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Hавiны