245-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 10 красавіка – 245 дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Латушка працуе над санкцыямі, Макей пагражае грамадзянскай супольнасці

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Дырэктар тэатру Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі рыхтуе міжнародны ціск, каб прымусіць вертыкаль Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі і сесці за стол перамоваў. У прыватнасці, НАУ звязалася з урадам Нарвегіі, каб паўплываць на партнёра «Беларуськалію» – нарвежскую кампанію «Yara», што купляе беларускія калійныя ўгнаенні. Вядзецца праца і з нямецкай кампаніяй «Сімэнс«, якая плануе паставіць абсталяванне на «Менскэнерга». Акрамя таго, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае працу з еўрабондамі – каштоўнымі паперамі, за продаж якіх Міністэрства фінансаў можа атрымаць грошы ў бюджэт на аплату сілавікоў.

Аб’ектыў
Удар па «Беларуськалію», «Менскэнерга» і Міністэрству фінансаў
2021.04.10 22:38

Адзін з наступных пунктаў: дамагчыся спынення стасункаў заходніх фінансавых кампаніяў з беларускімі банкамі, асабліва з тымі, якія абслугоўваюць сілавы апарат Лукашэнкі, плацяць заробкі і выдаюць ільготныя крэдыты міліцыі і КДБ.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

Тым часам міністр замежных справаў Уладзімір Макей даў зразумець, што ўзмацненне санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі прывядзе да новай хвалі рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі.

«Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі. У маім разуменні тыя асобы, якія заклікаюць зараз да санкцыяў, здзяйсняюць злачынства супраць свайго народу. Я лічу, што менавіта так гэта трэба расцэньваць», – заявіў Макей на тэлеканале «Беларусь 1».

Новы закон аб палітычных партыях

Кіраўнік Мінюста Алег Сліжэўскі паведаміў, што ў Беларусі рыхтуецца новы праект закона аб палітычных партыях.

«Праектам закона прадугледжана, што заснавальнікамі палітычнай партыі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, такая ж норма будзе дзейнічаць у дачыненні да іх не толькі заснавальнікаў, але і членаў партыі», – распавёў чыноўнік.

Па яго словах, такі падыход ён лічыць агульнасусветным падыход. Так, на яго думку, палітычная партыя, якая ўплывае на фармаванне органаў улады ўнутры краіны, не можа атрымліваць фінансаванне з-за мяжы і іншым чынам быць схільная ўплыву з-за мяжы.

Таксама ўлады абмяркоўваюць і нагоды для выключэння партыі з палітычнага працэсу. Падставай для гэтага можа стаць няўдзел палітычнай партыі ў вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працягу двух выбарчых кампаній запар. Гэта прывядзе да ліквідацыі партыі.

Пераслед школьніцы

За гэты малюнак затрымалі Яўгеню.
Фота: TUT.BY

Дзякуючы публікацыі TUT.by стала вядома, што ў канцы сакавіка міліцыя затрымала 13-гадовую менскую школьніцу за тое, што яна напісала на асфальце «ЖЫВЕ». Яе абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце. Тэлефанаваць бацькам дзяўчыне спачатку не давалі, маці стала вядома пра здарэнне больш чым праз дзве гадзіны і толькі ноччу змагла забраць дачку з пастарунку.

На наступны дзень маці дзяўчынкі Ірына даведалася, што ў школу патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі даць характарыстыку на Яўгеню, а 8 красавіка саму Ірыну запрасілі на размову ў Партызанскі РУУС:

«Я патлумачыла, чаму мая дачка напісала «ЖЫВЕ» па-беларуску. Жэня з трох гадоў танчыць народныя танцы. Беларуская культура ў яе ў крыві ці ледзь не з нараджэння. На гэта мне адказалі, што ў моладзі не прынята размаўляць на беларускай. Да таго ж, сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае».

У пратаколе адзначаецца, што зрабіла яна гэта «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту па факце правядзення сумленных выбараў». У выніку парушыла ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Але паколькі ў момант правапарушэння школьніцы было ўсяго 13 гадоў, пратакол склалі на маці – ч. 1 арт. 10.3 КаАП («Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей»). Пакаранне па гэтым артыкуле – штраф да дзесяці базавых велічыняў (290 рублёў).

Гісторыі
Праграміст, якога збіў міліцэйскі бус, – пра затрыманне, прысуд і справу, якой няма
2021.04.10 16:27

Затрыманні ў Менску

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў сёння пра шэраг затрыманняў, якія адбыліся ў Менску 9-10 красавіка.

Увечары 9 красавіка былі затрыманыя Максім Махнач і Дзмітрый Лянчэўскі. Таксама была затрыманая Вольга Янчук.

25-гадовы Юры Бандарэнка быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), у яго кватэры адбыўся ператрус. Мужчыну змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Марыну Краснабаеву затрымалі ў межах крымінальнай справы за «абразлівы каментар у адрас прэзідэнта». У доме жанчыны правялі ператрус, канфіскавалі камп’ютарную тэхніку і тэлефон.

10 красавіка міліцыі зладзіла рэйд у мікрараён Чыжоўка, дзе таксама адбыліся затрыманні. Прозвішчы затрыманых высвятляюцца.

Hавiны
Статкевіч распавёў пра высунутае супраць яго абвінавачванне і 110 тамоў справы
2021.04.10 12:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў