Як топ-20 расейскіх бізнесоўцаў адрэагавалі на вайну з Украінай і санкцыі супраць іх


Толькі адзін наўпрост і публічна выказаўся супраць вайны Расеі супраць Украіны. Яшчэ адзін спрыяў перамовам. Два выказваліся за мір у зваротах да працаўнікоў. Абсалютная большасць прамаўчала. Трое з дваццаці, імаверна, вылецелі з Расеі.

У дзень нападу на Украіну Уладзімір Пуцін сустракаўся з алігархамі і заклікаў іх «паставіцца з разуменнем» да развязанай ім вайны. Мінулі два тыдні. Мы паглядзелі, якім было стаўленне 20 галоўных багацеяў Расеі.

Хто менавіта цяпер у ліку найбагацейшых расейцаў, палічыць цяжка: яшчэ не ацэнены ўвесь эфект санкцыяў за напад Расеі на Украіну і ў любы дзень могуць з’явіцца новыя санкцыі. Таму «Белсат» паглядзеў, як рэагавалі на вайну і санкцыі людзі з топу «Forbes» найбагацейшых расейцаў 2021 года.

Уладзімір Пуцін і алігарх Аляксей Мардашоў. Масква, Расея. 21 лютага 2018 года.
Фота: Kremlin.ru

Аляксей Мардашоў. Уладальнік кампаніяў «Северсталь», «Лента» ды інш. $ 29,1 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі.

У сувязі з санкцыямі ён заявіў:

«Я далёкі ад палітыкі і ўсё жыццё ствараў эканамічную каштоўнасць для кампаніяў, у якіх я працаваў у Расеі ды за мяжой. Абсалютна не маю ніякага дачынення да ўзнікнення цяперашняй геапалітычнай напружанасці. Не разумею, чаму ў дачыненні мяне ўведзеныя санкцыі».

Уладзімір Патанін. Суўладальнік кампаніі «Норильский никель» (каля 35 %). $ 27 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі, але праз вайну страціў мільярды долараў.

Публічна не выказваўся пра вайну. Выйшаў з апякунскай рады Музею Гугенгайма ў Нью-Ёрку.

Уладзімір Лісін.
Фота: lipetskmedia.ru

Уладзімір Лісін. Група НЛМК (Наваліпецкі металургічны камбінат) ды інш. $ 26,2 млрд. Не трапіў пад санкцыі.

У звароце да працаўнікоў заявіў:

«Чалавечыя ахвяры – гэта заўсёды велізарная трагедыя, якой немагчыма знайсці апраўданне».

Лісін выказаў «глыбокае спачуванне» ахвярам канфлікту, іхным сем’ям і родным. Адзначыў, што шчыра спадзяецца на найхутчэйшае завяршэнне супрацьстаяння. Падкрэсліў, што мірнае, дыпламатычнае залагоджванне канфліктаў заўсёды пераважнейшае за гвалт».

Вагіт Алякпераў на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Масква, Расея. 16 красавіка 2019 года.
Фота: kremlin.ru

Вагіт Алякпераў. Суўладальнік і прэзідэнт кампаніі «Лукойл». $ 24,9 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі (пад якія трапіў «Лукойл», праз што ён страціў мільярды).

Публічна не выказваўся пра вайну, але рада дырэктараў выразіла «заклапочанасць з нагоды працяглых трагічных падзеяў ва Украіне і глыбокае спачуванне ўсім, каго закранула гэтая трагедыя»:

«Мы выступаем за найхутчэйшае спыненне ўзброенага канфлікту і цалкам падтрымліваем яго пераадоленне шляхам перамоўнага працэсу, дыпламатычнымі сродкамі».

Леанід Міхельсон. Саўладальнік кампаніяў «Новатэк» і «Сибур». $ 24,9 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі, але праз вайну страціў мільярды долараў.

Публічна не выказваўся пра вайну. Але «Новатэк» выдаў зварот:

«Мы падтрымліваем любыя дыпламатычныя захады для аднаўлення міру, спадзяемся на найхутчэйшае пераадоленне існай трагічнай сітуацыі ды выказваем шчырае спачуванне ўсім, каго закранулі гэтыя падзеі».

Генадзій Цімчанка. Суўладальнік кампаніяў «Новатэк» і «Сибур», уладальнік паловы «Стройтрансгаза» і 80 % «Трасойла». $ 22 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну (зварот «Новатэка» гл. вышэй).

Уладзімір Пуцін і Алішэр Усманаў. Масква, Расея. 30 чэрвеня 2015 года.
Фота: kremlin.ru

Алішэр Усманаў. Палова акцыяў холдынгу USM («Металоинвест», «Удоканская медь» і «Мегафон»), выдавецкі дом «Коммерсантъ». $ 18,4 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі.

Публічна не выказваўся пра вайну, але сказаў, што санкцыі супраць яго «заснаваныя на сфабрыкаваных і галаслоўных абвінавачаннях, якія кранаюць гонар, годнасць і бізнес-рэпутацыю». Імаверна, вылецеў з Расеі.

Андрэй Мельнічэнка. Сібірская вугальная энергетычная кампанія (СУЭК), «Еврохим». $ 17,9 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі, прадаў долі ў СУЭК (меў 92,2 %) і «Еврхоима» (меў 90 %). Публічна не выказваўся пра вайну. Імаверна, вылецеў з Расеі.

Павел Дураў.
Фота: appleinsider.ru

Павел Дураў. Мэсэнджар «Telegram». $ 17,2 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі.

Звярнуўся да ўкраінцаў – расказаў, што мае ўкраінскія карані па маці і шмат родных ва Украіне:

«Гэты трагічны канфлікт – асабісты для мяне і Telegram».

Дураў згадаў, што праз адмову выдаваць ФСБ звесткі ўкраінцаў «УКантакце» ў 2014 годзе страціў кампанію і дом «ды без ваганняў зрабіў бы гэта зноў».

Сулейман Керымаў. Кампанія золатаздабывання «Ролюс», аэрапорт «Махачкала», чалец Савету Федэрацыі Расеі. $ 17,2 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі яшчэ ў 2018-м. Пра вайну не выказваўся.

Міхаіл Фрыдман.
Фота: Riccardo Lugermad / LetterOne Group / Flickr, CC BY 2.0

Міхаіл Фрыдман. Асноўны ўладальнік групы «LetterOne Holdings» (акцыі нафтагазавых і тэлекамунікацыйных кампаніяў) і кансорцыуму «Альфа-Групп» («Альфа-банк», «Альфа-страхование» ды інш.), мае амаль палову акцыяў «X5 Group» (гандлёвыя сеткі «Пятёрочка», «Перекрёсток» ды іншыя). $ 15,5 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі.

Выказаўся пра вайну ў лісце да працаўнікоў лонданскай інвестыцыйнай кампаніі «LetterOne», дзе згадаў, што нарадзіўся на захадзе Украіны і быў там да 17 гадоў, што бацькі жывуць у Львове, але большую частку жыцця пражыў як грамадзянін Расеі, у Расеі будаваў бізнес:

«Я глыбока прывязаны да ўкраінцаў і расейцаў. На мой погляд, цяперашні канфлікт – гэта трагедыя і для адных, і для другіх. Я не раблю палітычных заяваў. Я бізнесовец, які нясе адказнасць перад тысячамі работнікаў у Расеі ды Украіне. Але я перакананы, што вайна ніколі не можа быць рашэннем. Коштам гэтага крызісу будуць жыцці і страты дзвюх нацыяў, якія былі братнімі сотні гадоў».

Пазней публічна пацвердзіў, што пісаў гэта. Фрыдман пакінуў рады дырэктараў «Альфа-банка», «Veon» і «Билайна»

Раман Абрамовіч. 2021 год.
Фота: chelseafc.com

Раман Абрамовіч. Траціна акцыяў металургічнай кампаніі «Евраз», лонданскі футбольны клуб «Chelsea», нерухомасць. $ 14,5 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі.

Публічна не выказваўся пра вайну, але на просьбу Кіева дапамагаў як пасярэднік у перамовах Расеі з Украінаю. Збіраўся прадаць «Чэлсі» (наўрад ці зможа праз санкцыі) і перадаць грошы ў фонд ахвярам вайны ва Украіне.

Таццяна Бакальчук. Крамы «Wildberries». $ 13 млрд у 2021 годзе. Не трапіла пад санкцыі. Публічна не выказвалася пра вайну.

Міхаіл Прохараў. Інвестыцыйны банк «Ренессанс Капитал» і грошы з продажу ранейшых актываў. $ 11,4 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну. Імаверна, вылецеў з Расеі.

Ягоная сястра і кіраўніца фонду ягонага імя Ірына Прохарава выказалася за мір і напісала: «гісторыя ХХ стагоддзя паказвае, што стваральнае ўсё роўна перамагае ўва ўсіх крывавых войнах, дыктатары адыходзяць у нябыт».

Hавiны
Гульня з ядравым агнём: як Расея ператвараецца ў дзяржаву-тэрарыста
2022.03.10 21:25

Віктар Рашнікаў. Магнітагорскі металургічны камбінат. $ 11,2 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну. Вывеў свае акцыі з Кіпру ў Расею.

Леанід Фядун. Віцэ-прэзідэнт і ўладальнік 12,3 % акцыяў «Лукойла», прэзідэнт і ўладальнік траціны акцыяў маскоўскага ФК «Спартак», суўладальнік галандскай майстэрні караблёў «Heesen Yachts» ды інш. $ 11,1 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі яшчэ ў 2017-м. Публічна не выказваўся пра вайну.

Дзяніс Свярдлоў. Заснавальнік і кіраўнік вытворцы электрамабіляў «Arrival», інвестыцыйнага фонду «Kinetik» ды інш. $ 10,6 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

Герман Хан. Суўладальнік холдынгу «LetterOne» і кансорцыуму «Альфа-груп». $ 10,1 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну (хоць нарадзіўся ў Кіеве і там правёў маладосць). Разам з Фрыдманам пакінуў раду дырэктараў «LetterOne».

Іскандэр Махмудаў. Пакеты акцыяў Уральскай горна-мелатургічнай кампаніі, «Кузбассразрезугля», «Трансмашхолдинга», канцэрну «Калашников» ды інш. $ 9,7 млрд у 2021 годзе. Не трапіў пад санкцыі. Публічна не выказваўся пра вайну.

Віктар Вексельберг. Бізнес-група «Ренова», долі ў «Русале» (9,8 %), швейцарскага вытворцы матэрыялаў і абсталявання «Oerlikon» (19 %) і вытворцы прамысловых машынаў і абсталявання «Sulzer» (44 %). $ 9,0 млрд у 2021 годзе. Трапіў пад санкцыі яшчэ ў 2018-м. Публічна не выказваўся пра вайну.

Алег Дзерыпаска на Сусветным эканамічным форуме. Давос, Швейцарыя. 22 студзеня 2015 года.
Фота: World Economic Forum / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Супраць вайны выказваўся стваральнік «Русала» Алег Дзерыпаска, № 37 у рэйтынгу расейскіх мільярдэраў «Forbes». Ці згодны з ім Вексельберг, невядома.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў