Рост коштаў, патрабаванне візаў для расейцаў: што змянілася ў Грузіі з пачаткам вайны ва Украіне


Кватэры па $ 800–1000, высяленне за адзін вечар, нягледзячы на дамову і аплату наперад, адмовы ў арэндзе жытла і адкрыцці банкаўскіх рахункаў расейцам і беларусам, непрыязнае стаўленне да расейскамоўных нават проста на вуліцах. Дзясяткі падобных гісторыяў з’яўляюцца ў чатах эмігрантаў у Грузіі цягам двух тыднях з пачатку вайны ва Украіне. «Белсат» высветліў, ці так усё насамрэч і як змянілася цяпер жыццё ў Грузіі для тых, хто шукае там ратунку ад рэпрэсіяў ці вайны на радзіме.

Акцыя падтрымання Украіны ў Тбілісі.
Фота: Voice of America

Рост коштаў на жытло – больш як удвая

Як толькі Грузія зняла каронавірусны локдаўн увесну 2021 года, туды адразу паляцелі беларусы, якія ратаваліся ад пераследу за сваю палітычную пазіцыю. За год у краіну прыляцелі больш за 5 тысяч беларусаў. Грузія прываблівала не толькі прыродай, але і нізкімі цэнамі на жытло, бязвізавым уездам, адсутнасцю неабходнасці легалізацыі (беларусам можна быць у Грузіі цягам 365 дзён за год, потым выехаць на 1 дзень за мяжу, вярнуцца і зноў можна жыць год).

Пасля пачатку вайны ва Украіне Грузія ўжо цягам двух тыдняў перажывае другую хвалю эміграцыі беларусаў, да якіх цяпер далучыліся расейцы (іх едзе нават больш, як беларусаў), і, натуральна, украінцы, якія ўцякаюць ад вайны.

Толькі расейцаў, паводле Міністэрства эканомікі Грузіі, з канца лютага заехала ад 20 да 25 тысячаў.

Што да колькасці беларусаў, якія цяпер прыляцелі ў Грузію, то афіцыйныя лічбы не агучваліся, аднак, напрыклад, за два тыдні ўдзельнікаў аднаго з батумскіх чатаў «Беларусы Батумі» стала больш удвая. Цягам шасці месяцаў лік крыху перавыша 700 чалавек і амаль не змяняўся, цяпер падпісантаў амаль 1400. Далучаюцца ў чат і расейцы.

Плынь мігрантаў не спыняецца, што не магло не адбіцца на коштах на жытло.

Цэны выраслі імгненна, за тыдзень. У Батумі яшчэ ў студзені – у пачатку лютага можна было зняць студыю плошчаю да 30 квадратных метраў нават за $ 150. Двухпакаёвыя кватэры каштавалі $ 250–300. Цяпер на мясцовым сайце пошуку жытла myhome.ge за студыю просяць ад $ 300. Двухпакаёвыя кватэры сустракаюцца за $ 500–650 і нават за $ 1000.

У Тбілісі арэнда кватэры раней пачыналася з $ 300. Цяпер – з $ 500 і вышэй, ёсць нават па $ 2500. Пры гэтым даступных для арэнды кватэраў усё менш.

Абвестка пра арэнду кватэры ў Тбілісі ў адным з чатаў у Грузіі.

Кошты падымаюць нават тым, хто арандаваў кватэру на працяглы тэрмін і ўжо дамовіўся пра аплату.

Некаторыя сутыкнуліся нават з раптоўным высяленнем. У адным з батумскіх чатаў дзяўчына распавяла, што іх выселілі за адзін вечар – гаспадар-расеец вырашыў пасяліць у сваю кватэру сваякоў, якія эвакуяваліся з Расеі.

Арандатараў у Батумі гаспадар кватэры прымусіў з’ехаць за адзін вечар, каб засяліць сваіх сваякоў з Расеі. Крыніца: чат у Батумі

Прызнаць, што Расея – акупант, каб адкрыць рахунак у банку

З пачаткам вайны і дэвальвацыяй расейскага рубля аслабла і грузінская валюта – лары. Калі яшчэ ў пачатку за адзін долар грузіны аддавалі 2,9 лары, то цяпер – 3,2–3,3 лары.

Падаражэлі квіткі на самалёты. З Менску ў Грузію амаль няма квіткоў да канца сакавіка, а калі ёсць, то каштуюць больш за $ 400. Яшчэ два тыдні таму без багажу можна было даляцець да Грузіі танней, чымся за $ 100.

Паводле звестак Асацыяцыі тураператараў Расеі, кошты на квіткі і з Расеі ў першы тыдзень сакавіка выраслі на 20–30 %.

У пачатку сакавіка ў чатах пачалі з’яўляцца аповеды пра тое, што грузінскія банкі перасталі адкрываць рахункі беларусам і расейцам. Потым нават грузінскія СМІ распавялі, што галоўны банк краіны – Банк Грузіі – адкрывае рахункі толькі пры ўмове падпісання паперы з прызнаннем Расеі краінай-акупантам. У інтэрнэце распаўсюдзілі тэкст гэтай заявы:

  • Я асуджаю агрэсію Расеі ў Грузіі ды Украіне.
  • Я згодны з тым, што Расея – акупант, які ўварваўся ў Грузію ў 2008 годзе і Украіну ў 2014 і 2022 гадах.
  • Я падтрымліваю тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ды прызнаю Абхазію і Самачабла (Паўднёвая Асеція) Грузіяй.
  • Я не хачу падзяляць расейскай дзяржаўнай прапаганды і гатовы дапамагаць з ёю змагацца.
  • Я разумею, што любое парушэнне гэтых умоваў прывядзе да анулявання майго рахунку ў Банку Грузіі.

Наш карэспандэнт накіраваўся ў адно з аддзяленняў банку ў Тбілісі, каб высветліць, што адбываецца насамрэч.

Аказалася, што для беларусаў нічога не змянілася: рахунак па-ранейшаму можна адкрыць у дзень падачы заявы, з дакументаў дастаткова мець толькі пашпарт.

Падпісваць паперу з дэклараваннем Расеі як краіны-агрэсара ў банку насамрэч патрабавалі, але толькі ад расейцаў, дый ад гэтай практыкі вельмі хутка адмовіліся. Аднак расейцам складаней адкрыць рахунак, чымся беларусам. Акрамя больш пашыранай анкеты, ім трэба падаць у банк выпіску са свайго актуальнага рахунку ў іншым банку і дакумент, які пацвярджае прафесійную дзейнасць. Пакет гэтых дакументаў дасылаецца на адмысловую электронную скрыню. Цягам 1–3 дзён ідзе правяранне, потым банк дае адказ, ці дазваляе адкрыць рахунак.

Ці не захоча Пуцін абараняць расейскамоўных і ў Грузіі?

У Грузіі сталі адчувальнымі змены настрояў у грамадстве. Па ўсёй краіне відавочнае ўсеагульнае падтрыманне Украіны: у Тбілісі і Батумі людзі выходзяць на мітынгі супраць вайны, на вуліцах гарадоў паўсюль вісяць украінскія сцягі. Вядзецца збор сродкаў і гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў.

Тбілісі, Тэатр оперы і балету. 10 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Адначасова расейцы і беларусы сталі асцерагацца праяваў нянавісці. У чатах эмігрантаў часта ўзнікаюць сваркі на тэме нацыянальнасці. Адно з самых папулярных пытанняў ад расейцаў, дый ад беларусаў, якія нядаўна прыехалі ці толькі збіраюцца, – як у Грузіі ставяцца да расейцаў і беларусаў, да тых, хто размаўляе па-расейску. У чатах распаўсюджваюцца розныя непрыемныя гісторыі, і заўважна, што людзі насамрэч баяцца сутыкнуцца з ксенафобіяй. Відавочна, што расейцаў гэта датычыць больш. Да беларусаў грузіны пераважна працягваюць ставіцца з разуменнем і прыязнасцю. А ў дачыненні расейцаў згадваюцца старыя крыўды. Вайна ва Украіне скаланула грузінскае грамадства, бо нагадала ўласныя канфлікты з Расеяй, у прыватнасці, вайну ў 2008 годзе.

Сур’ёзна абмяркоўваецца пытанне, ці пускаць расейцаў у Грузію. Грузіны баяцца, што калі расейцаў тут стане вельмі шмат, Пуцін можа пастановіць і тут іх «абараняць». Пра гэтыя асцярогі пішуць у інтэрнэце, іх выказваюць таксоўцы. А грузінская апазіцыя ладзіць мітынгі ў Тбілісі каля будынку Парламенту, патрабуючы ўвесці візавы рэжым з Расейскаю Федэрацыяй.

Акрамя таго, як паведамляюць мясцовыя медыі, вёўся збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем увесці візы для грамадзянаў Расеі. На падтрыманне петыцыі прыводзіліся два аргументы. Першы – расейцы едуць у Грузію, каб зняць долары ў мясцовых банкаматах, а гэта прывядзе да далейшага падзення курсу нацыянальнай валюты. Другі – вялізная колькасць грамадзянаў РФ, якія жывуць у Грузіі, могуць быць выкарыстаныя Пуціным для чарговай «вызваленчай аперацыі» для абароны расейцаў.

«Расейскія спецслужбы не спяць»: меркаванні грузінскіх палітыкаў і экспертаў

Мітынг падтрымання Украіны ў Тбілісі.
Фота: akhaltskha.net

Кансультант у кіберстратэгіі, заснавальнік даследчага цэнтру CYSEC Андро Гацырыдзэ лічыць, што небяспеку пранікнення шпіёнаў у Грузію пад відам турыстаў трэба ўспрымаць сур’ёзна, а таксама ён бачыць рызыку ў патэнцыйным масавым набыцці расейцамі нерухомасці. Паводле яго, гэта можа стварыць «casus belli» – нагоду для абвяшчэння вайны, бо Расея заўсёды дэкларавала намер абараняць сваіх грамадзянаў, дзе б яны ні былі. Маўляў, менавіта гэты аргумент Масква актыўна выкарыстоўвала ў 2008 годзе ў Цхінвалі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, 40 % нерухомасці, набытай у Грузіі цягам 2015–18 гадоў, належыць расейцам.

Асацыяцыя нерухомасці Грузіі, паводле мясцовых медыяў, пацвердзіла, што з пачатку сакавіка назіраецца павышаная цікавасць беларусаў і расейцаў да набыцця маёмасці ў Грузіі.

Грузінскія ўлады спрабуюць перадухіліць дыскрымінацыю паводле этнічнай прыкметы. Старшыня партыі «Грузінская мара» (кіроўная ў краіне) Іраклі Кабахідзэ падкрэсліваў, што ўрад не дапусціць ніякай дыскрымінацыі. Ён абвінаваціў у «русафобскіх настроях» апанентаў «Мары» – апазіцыйную партыю «Адзіны нацыянальны рух».

Паводле Кабахідзэ, парламент Грузіі ўжо распачаў працу над узмацненнем жорсткасці закону, які будзе накіраваны супраць дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы і распальвання міжнацыянальнай розніцы.

Грузінскі канфліктолаг Паата Закарэішвілі таксама заклікае не дыскрымінаваць расейцаў, бо тыя, хто ўцякае ў Грузію, бягуць ад пуцінскага рэжыму і таксама яго не падтрымліваюць, іх гоняць за іхныя ідэі, пазіцыю, таму ім, наадварот, трэба дапамагаць, перакананы эксперт. Пры гэтым Закарэішвілі зазначае: трэба быць пільнымі і сачыць, каб разам з тымі, хто шукае ў Грузіі прытулку, не прыехалі і «іншыя людзі, бо расейскія спецслужбы не спяць». А дзеля гэтага ўжо грузінскім спецслужбам варта сачыць за тым, хто і для чаго заязджае ў краіну, мяркуе эксперт.

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Стужка навінаў