«Жывёліны, вы не ўяўляеце, куды трапілі. У пекла!» Гісторыя № 11 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

На момант размовы кіроўца Андрэй Вяршэня ўжо раздаў дзясятак інтэрв’ю беларускім медыям. Сваю гісторыю ён пачынае распавядаць падрабязна і бадзёра. Дайшоўшы да затрымання, трохі збіваецца і паўтарае, што дасюль не разумее, чаму ды за што гэта адбылося з ім і тысячамі іншых беларусаў. У ноч на 12 жніўня ён падвозіў сяброў дадому. На скрыжаванні ў бок сталічнага гандлёвага цэнтру «Рыга» да аўтамабіля падбеглі ўзброеныя людзі. Пагражаючы зброяй, яны змусілі ўсіх выйсці.

«Я быў упэўнены. Я не сумняваўся. Я насамрэч да апошняга думаў, што зараз нас правераць, нічога ж супрацьзаконнага няма, і мы паедзем далей. Да апошняга быў упэўнены. Пакуль нас не паклалі на зямлю», – згадвае Андрэй.

Андрэй Вяршэня.
Фота: «Белсат»

Мужчынаў пачалі збіваць ужо тады, пры вобшуку. У багажніку знайшлі перакіс вадароду, і гэта запэўніла сілавікоў у тым, што затрыманыя нібыта рыхтаваліся да пратэсту. Мужчына ў цывільным і з адкрытым тварам – відавочна, кіраўнік гэтай групы – перад тым, як Андрэя закінулі ў аўтазак, крыкнуў:

«Гэты – рэвалюцыянер!»

У аўтазаку здзекі працягнуліся. Андрэя пасадзілі на кукішкі, а на яго ўскараскаўся амапавец.

«Здаравенны, там кілаграмаў сто было, у мяне аж усё захрусцела ўсярэдзіне. Кажу, каб злез, бо цяжка. Ён, як і сядзеў, пачаў біць мяне ў твар: маўляў, мне добра, то чаго табе дрэнна. І крычаў сваім: «Хлопцы, глядзіце, які ў мяне зэдлічак!» – згадвае Андрэй. Калі аўтазак затармазіў, амапавец зваліўся ў канец машыны. Тады ўсе сілавікі накінуліся на затрыманага: «Наступілі на галаву і ногі. Білі доўга: колькі мы ехалі, столькі і білі. Я крычаў ад болю. Калі траціў сілы на крык і непрытомнеў – яны спыняліся. Не паспяваў я ачуняць, як яны зноў пачыналі, я зноў крычаў і непрытомнеў. І паўтаралася». З часам машына напаўнялася, людзі ляжалі адно на адным.

Мужчына запомніў перадусім шалёныя вочы сілавікоў, «чорныя кропкі», як кажа цяпер. У аўтазаку амапаўцы гарлалі:

«Жывёліны, вы не ўяўляеце, куды вы трапілі. Вы трапілі ў пекла!»

Пакуль Андрэя білі, сілавікі загадалі іншым затрыманым спяваць гімн Беларусі, маўляў, ударамі яны робяць музыку.

Затрыманых пераводзілі з аўтазака ў аўтазак праз калідор амапаўцаў. Яны загадалі крычаць «я люблю АМАП», паабяцаўшы не біць тых, хто будзе крычаць гучна. Збівалі рукамі, нагамі і дручкамі ўсіх. У невялікай душнай камеры аўтазака Андрэй знепрытомнеў. Ачуняў толькі на Акрэсціна.

«Я схамянуўся, пабачыў, што ляжу на зямлі. Каб я вярнуўся да прытомнасці, яны выкінулі мяне з аўтазака і пачалі біць. Збівалі нагамі і дручкамі. Паставілі на бетон каля плота, рукі – на мур. Стаіш лобам у сцяну на каленах, яны праходзяць і перыядычна бʼюць усіх», – у голасе мужчыны чуваць роспач.

Ланцуг людзей насупраць сцяны мусіў пакрысе перасоўвацца, калі людзей заводзілі ў камеры. Андрэю не ставала сілаў паспяваць, ён самлеў, яго збівалі, аж урэшце мужчыну адцягнулі да альтанкі, дзе кучаю ляжалі іншыя людзі, якія не мелі сілаў нават стаяць на каленах.

Малюнак Андрэя Вяршэні.
Фота: «Белсат»

Доктарка з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, на ўражанне Андрэя, наагул не была здзіўленая катаваннямі, што адбываліся на ейных вачах. Урэшце прыехалі карэты хуткай дапамогі. Мужчына згадвае, што экіпажы намагаліся забраць з таго пекла як мага больш людзей, беручы тры, а то і чатыры асобы ў машыну.

«Я ляжаў і чуў, як заводзілі ў камеры, і там былі нялюдскія крыкі. Удары і крыкі. Я разумеў, што я ні ў якім выпадку не магу трапіць туды. Калі прыйшла фельчарка з хуткай, я згадаў і сваю арытмію, і што калісьці ў дзяцінстве меў бранхіяльную астму. Я пачаў ціснуць на гэта. Намагаўся сімуляваць як мог, толькі б там не застацца», – Андрэй гаворыць усё хутчэй.

Ён згадвае, як ужо за сценамі Акрэсціна доктарка дала свой тэлефон тром асобам, якіх вывезла адтуль, і тыя паспелі паведаміць пра сябе блізкім.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў