У Горадні жорстка затрыманы і збіты АМАПам пасажыр таксі не прыйшоў на свой суд. Яго абвесцілі ў вышук

10 сакавіка ў Кастрычніцкім судзе Горадні мусіў адбыцца працяг разгляду справы гарадзенца Ігара Лазавіка – пасажыра таксі, які быў збіты падчас затрымання і спачатку праходзіў у справе як сведка. Аднак на суд гарадзенец не прыйшоў, ён з’ехаў у Літву. Яго абвесцілі ў вышук, справу прыпынілі. Дзе ён цяпер – невядома.

1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачалі судзіць гарадзенца Ігара Лазавіка, які да гэтага быў сведкам у справе збітага АМАПам таксіста Аляксея Лапы. Фота: Белсат

Крымінальная справа супраць Лазавіка была распачатая пасля таго, як кампанія гарадзенцаў увечары 11 жніўня каталася на аўтамабілі па горадзе і была жорстка затрыманая групай АМАПу.

Ігара Лазавіка вінавацяць у гвалце або пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Гарадзенцу пагражае да 6 гадоў зняволення.

У такой жа справе праходзіў ягоны сябра, кіроўца таксі Аляксей Лапа. На мінулым тыдні ён выехаў з Беларусі, палічыўшы, што справядлівага выраку не будзе. Ён перабег беларуска-літоўскую мяжу і папрасіў палітычнага прытулку ў Літве.

Вядзе працэс суддзя Віталь Лабоцкі.

Пацярпелы: 34-гадовы міліцыянт Дзмітрый Рахунок, старэйшы лейтэнант, камандзір роты АМАПу.

Што здарылася ў ноч з 11 на 12 жніўня

Таксіст Аляксей Лапа вечарам 11 жніўня катаўся з трыма сябрамі, сярод якіх Ігар Лазавік, па горадзе. Паехалі да плошчы Дзекабрыстаў, прыпыніліся папаліць, збіраліся з’язджаць, як адчулі ўдары па аўтамабілі. Кіроўца Аляксей Лапа спалохаўся і пачаў рух. Аўтамабіль атачылі людзі ў чорным без апазнавальных знакаў. Аляксей зачапіў аднаго з іх.

Ігар Лазавік з адвакатам. Суд Кастрычніцкага раёну. 15 лютага 2021. Фота: Белсат

Аўтамабіль адʼехаў на метраў семсот, калі дарогу перагарадзіў белы бус. Адзін з сілавікоў ударыў па лабавым шкле з боку пасажырскага месца, дзе сядзеў Ігар Лазавік.

Праз некалькі хвілінаў пасажыраў жорстка выцягнулі з аўтамабіля, кінулі на асфальт і пачалі збіваць 10−15 сілавікоў.

– У мяне з вуха палілася кроў. Пасыпаліся ўдары па тулаве, нагах, ягадзіцах, – распавядаў Лазавік падчас суда.

Кіроўца і пасажыры ляжалі ў крыві на праезнай частцы, на бітым шкле, прыкладна гадзіну. Мінакам сілавікі казалі, што хуткая не патрэбная. Яе выклікалі прадстаўнікі Следчага камітэту, якія прыехалі для завядзення крымінальнай справы. Трое з чацвярых пасажыраў таксі трапілі ў шпіталь з траўмамі, сярод іх і Ігар Лазавік.

Пасля абследавання яму пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму. Гарадзенец звяртаўся ў Следчы камітэт, каб праверылі факт збіцця сілавікамі. Аднак у завядзенні справы яму адмовілі.

Паводле версіі абвінавачання, падчас затрымання Ігар Лазавік не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў разблакаваць дзверы і выйсці з аўта. А пры прымусовым выманні ды затрыманні ўжыў гвалт супраць міліцыянта Дзмітрыя Рахунка: наўмысна нанёс яму не менш за шэсць удараў рукамі і нагамі. У выніку пацярпеламу сілавіку прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні: удары мяккіх тканак, пералом фалангі пальца.

Рахунку за перыяд часовай непрацаздольнасці выплацілі больш за 1500 рублёў. На судзе амапавец запытаў у якасці кампенсацыі за маральныя і фізічныя пакуты 1000 рублёў, якую хоча перавесці аднаму з дзіцячых дамоў.

Ігар Лазавік падчас судовых паседжанняў, якія цягнуліся чатыры месяцы, задаваўся пытаннем, чаму ў справе пацярпелым праходзіць амапавец, а не ён.

Сведкі-амапаўцы, якія давалі паказанні ў судзе, не бачылі, каб гарадзенец біў іхнага калегу, а пра пашкоджаны палец даведаліся постфактум.

У паказаннях самога пацярпелага амапаўца Рахунка было шмат супярэчнасцяў, выявілася, што ў яго кепская памяць і ён шмат пра што забыў. Напрыклад, колькі дзён быў ён на бальнічным, якога полу быў следчы ў справе. Першапачаткова ў тлумачэннях Рахунка не было нічога пра бел-чырвона-белую налепку на аўтамабіль і сцяг, які нібыта ляжаў на каленях Лазавіка ў машыне. Гаварылася пра тое, што пасажыры таксі стаялі ў шарэнзе і выкрыквалі палітычныя лозунгі, а таксама паказвалі сілавікам сярэднія пальцы.

Бацька асуджанага ў Берасці: «Гэта быў не суд, а расправа над нашымі дзецьмі»

Саша Праўдзіна belsat.eu

Hавiны