Сёмыя содні – пераломныя: гарадзенскі музыка Ігар Банцэр працягвае сухое галадаванне. Ён слабее


Гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр 3 сакавіка падчас суда над ім распачаў сухое галадаванне. Гэта ягоны пратэст супраць палітычнага пераследу.

«Справядлівасці няма». З такім плакатам прыйшоў музыка Ігар Банцэр у суд.
Фота: Белсат

Ігар слабее, але яшчэ можа перасоўвацца на нагах, настроены рашуча. У СІЗА яму мераюць артэрыяльны ціск – на гэтым медычны нагляд сканчаецца, распавялі «Белсату» Ігаравы родныя. 9 сакавіка ў вязня быў адвакат. Менавіта праз яго цяпер сваякі атрымліваюць інфармацыю пра стан музыкі.

Сухое галадаванне – гэта поўная адмова ад прыёму ежы і вады. Згодна з медыкамм, на пятыя содні ў арганізме чалавека пачынаюцца незваротныя працэсы, праз 7–10 дзён можа наступіць смерць.

Дарослы чалавек павінен атрымліваць 1,5−2 літра вадкасці на содні.

«Прыкладна 2 літры вадкасці на содні губляецца праз дыханне, скуру, пот. І пры непаступленні новае вадкасці ў арганізм чалавек можа пратрываць не больш за тыдзень. Без вадкасці павялічваецца глейкасць крыві, павышаецца ўтрыманне натрыю ў ёй, узнікае пагроза функцыянавання ўсіх органаў і сістэмаў», – каментуе доктар Уладзімір Пруднікаў.

Разам з тым, у кожнага арганізма ўласны запас трываласці, і колькі чалавек можа пратрымацца на сухім галадаванні – пытанне індывідуальнае.

Ігар Банцэр.
Фота: Facebook Игорь Банцер

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка, з той пары яго трымаюць у адзіночнай камеры СІЗА гарадзенскай турмы. Яго накіроўвалі на псіхіятрычнае даследаванне ў Навінкі, некалькі разоў змяшчалі ў карцар.

Музыку абвінавачваюць у хуліганстве: уначы 5 верасня ён танцаваў без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэты перформанс быў зняты на камеру і выкладзены ў інтэрнэт. Цяпер яму пагражае да 3 гадоў зняволення.

Пацярпелым у справе праходзіць кіроўца аўтамабіля, міліцыянт РАУС Ленінскага раёну гораду Сяргей Багдзевіч. Згодна з ягонымі паказаннямі, падчас танца ён убачыў палавыя органы Банцэра. Аднак на відэа бачна, што ў музыкі спераду вісіць пасавая сумка для дакументаў.

Жонка і дзеці Ігара Банцэра.
Фота: Белсат

– Я быў у стрынгах, спецыяльна перад тым, каб спусціць шорты, перакінуў наперад сумку. Мой танец цягнуўся секундаў пяць. Калі пацярпелы там нешта пабачыў, то гэта толькі ягоныя фантазіі, – тлумачыў падчас судовага паседжання Ігар Банцэр.

Гэты перформанс, з ягоных словаў, быў нясвоечасовым ва ўмовах сучаснай Беларусі, мы адстаём ад еўрапейскай культуры гадоў на пяцьдзясят.

– Але ў мяне няма пяцідзесяці гадоў, каб чакаць. Адзін вось хацеў арганізаваць «краіну для жыцця», і цяпер сядзіць. То можа, «краіна для смерці» спрацуе? – казаў Ігар падчас суда.

Сам міліцыянт прэтэнзіяў да музыкі не мае.

Hавiны
У Горадні затрыманы актывіст Ігар Банцэр
2020.09.15 14:57

«Гэты судовы працэс, як і ўсе, што цяпер адбываюцца ў Беларусі, больш падобны на цырк. Пра сухое галадаванне я даведалася толькі на самім судзе, у сераду 3 сакавіка. Ігар – чалавек прынцыповы, і я ведаю, што ён пойдзе да канца. На ягонае рашэнне ніхто не можа паўплываць. Ён ведае, што адбываецца, разумее, якія могуць быць наступствы. Не разумею, што сабе думае суддзя, але пэўна, яна не верыць, што гэта ўсур’ёз. Усе родныя, сябры перажываюць за яго, і ўсе разумеюць, да чаго гэта ўсё можа прывесці», – кажа жонка музыкі Анжаліка Арэхва.

У Ігара трое дзяцей, 8, 10 і 16 гадоў. Анжаліка распавядае, што ён іх вельмі любіць, і заўсёды кажа, каб яны ў любой сітуацыі заставаліся сабой.

Здымак сям’і Банцэраў.
Фота: Белсат

«Ён мае сваё бачанне і меркаванне наконт усяго, і гэтаму ж вучыць дзяцей», – адзначае Анжаліка Арэхва.

Ігар галадае не першы раз, аднак раней гэта былі звычайныя галадаванні. Падчас вулічных акцыяў у жніўні – кастрычніку 2020 года яго неаднаразова затрымлівалі, ён правёў за кратамі 18 содняў.

Наступнае паседжанне ў справе плануецца на 12 сакавіка. Гэта будзе дзясяты дзень сухога галадавання музыкі.

Даслаць яму ліст ці тэлеграму можна на адрас:
Банцэру Ігару Раманавічу, турма № 1, Кірава, 1, Горадня, 230023.
Гісторыі
«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі
2021.03.04 07:30

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў