Супраць старшыні АГП Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу


У дачыненні кіраўніка Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу па артыкуле 407 «Разгалошванне даных дазнання». Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

«Пра тое, што на мяне завялі справу, я даведаўся ўчора ад свайго адваката. Дэталяў ніякіх не ведаю – толькі факт завядзення справы, – распавёў Казлоў «НН». – Гэта звязана, напэўна, з маім допытам па справе Каардынацыйнай Рады, бо па іншых справах ніякіх мяне не выклікалі. Але што я мог разгалосіць? Адзінае, што я мог разгалосіць, – што справа сфабрыкаваная. Але ж гэта і так усе ведаюць. Таму я трохі ў здзіўленні. Выглядае, што проста хочуць згатаваць чарговую справу на пустым месцы».

Мікалай Казлоў неаднаразова адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у СК па справе Каардынацыйнай рады. Пасля яго судзілі за «непадпарадкаванне» (пазней судовую пастанову адмянілі), ён правёў трое содняў у ізалятары на Акрэсціна.

Мікалай Казлоў – былы падпалкоўнік міліцыі, які ў 2008 годзе пасля парламенцкіх выбараў заявіў пра фальсіфікацыю на выбарчым участку, які ён мусіў ахоўваць падчас датэрміновага галасавання. На міліцыянта пачалі ціснуць і вымусілі звольніцца. Пасля гэтага Казлоў далучыўся да Абʼяднанай грамадзянскай партыі, а ў 2018 годзе яе ўзначаліў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў