Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек


Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі Андрэя Іванюшына, Мікіту Афанасьева, Мікіту Траццякевіча, Аляксея Сцерлікава, Аляксандра Троцкага, Анастасію Нікіціну і Аляксандра Перапечку.

Такім чынам, на 10 сакавіка ў Беларусі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі 276 чалавек.

Новым палітвязням былі вынесеныя прысуды ў крымінальных справах, звязаных з абвінавачаннем у выкарыстанні гвалту да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з выкарыстаннем гвалту працаўнікам МУС, іншым службовым асобам, якія выконваюць службовыя абавязкі, і хуліганствам (арт. 363, 364, 366, 339 КК).

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што «непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць для абароны і аховы грамадскага парадку». А ў выпадках ужывання ў дачыненні міліцыянтаў справакаванага імі ж гвалту «ў адказ» з боку пратэстоўцаў, такія дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў сілавікоў.

«Згодна з Кіраўніцтвам для вызначэння паняцця «палітычны зняволены» гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Артыкулы
За наезд на даішніка Аляксандр Троцкі атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
2021.03.05 10:11

Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых паседжанняў паказаў, што суды выносяць прысуды, непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, – у параўнанні з прысудамі, якія выносіліся ў такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.

Працягласць або ўмовы пазбаўлення волі ў прысудах, вынесеных у дачыненні ўдзельнікаў пратэставых сходаў, відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, за якое гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватамі», – падкрэсліваецца ў заяве праваабаронцаў.

Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе неадкладна перагледзець судовыя рашэнні ў дачыненні дадзеных палітычных зняволеных і вызваліць іх з-пад варты.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў