Польшча прызнала беларускага дыпламата персонай нон грата

Польшча прызнала персонаю нон грата дыпламата з беларускай амбасады ў Варшаве. Такім чынам польскія ўлады адказалі на высылку свайго консула з Беларусі.

Пра рашэнне выслаць беларускага дыпламата паведаміў у сваім Twitter намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

«У адказ на варожыя і беспадстаўныя дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні консула Польшчы ў Берасці, Польшча сёння абвесціла дыпламата з Амбасады Беларусі ў Варшаве персонаю нон грата. Адпаведная інфармацыя была прадстаўленая ў дыпламатычнай ноце падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы», – напісаў Пшыдач.

Нагадаем, 9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў». Удзелам у гэтай імпрэзе Ежы Цімафеюк нібыта парушыў Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны. У сувязі з гэтым яму прапануоўваюць пакінуць тэрыторыю Беларусі.

ІІ belsat.eu

Hавiны